У Нью-Ёрку Святлана Ціханоўская ўзнагародзіла беларускага спевака і журналіста Данчыка (Багдана Андрусішына) медалём Францыска Скарыны — за шматгадовы ўнёсак у развіццё беларускай культуры, мовы і свабоды слова.
Цырымонія адбылася ў прадстаўніцтве Еўрапейскага саюза ў Нью-Ёрку на палях Генеральнай асамблеі ААН.
Данчык — адна з найбольш вядомых постацяў беларускай культуры ў эміграцыі. Ён нарадзіўся і вырас у Нью-Ёрку ў беларуска-ўкраінскай сям’і. Музычную дзейнасць пачаў у 1974 годзе, а ў 1977-м выпусціў альбом «Беларусачка» — першы беларускі музычны дыск у ЗША. Пазней выйшлі альбомы «Мы адной табе належым», «Я ад вас далёка» і «Калядныя песні».
У 1989 годзе Данчык прыехаў з канцэртамі ў Беларусь і Вільню, а ў 1996 годзе зноў выступіў у Беларусі. У 1997-м ён завяршыў музычную кар’еру і перайшоў у журналістыку. Шмат гадоў працаваў у Беларускай службе Радыё Свабода, у тым ліку намеснікам дырэктара.
«Данчык сваёй музыкай заразіў Беларуссю тысячы людзей. Для многіх менавіта праз яго песні беларуская мова стала бліжэйшай, а беларуская культура — сваёй.», — адзначыла Святлана Ціханоўская.
У 2019 годзе Данчык таксама быў узнагароджаны медалём да стагоддзя Беларускай Народнай Рэспублікі.
