Аўтары: Святлана Ціханоўская і Інгрыда Шыманіце.
Артыкул быў раней апублікаваны на Delfi.
Нягледзячы на спробы рэжыму Лукашэнкі настроіць нас адзін супраць аднаго, мы разам абараняем свабоду і дэмакратыю ад агрэсіі аўтарытарных рэжымаў.
У сітуацыі, калі Расія вядзе сваю імперыялістычную вайну супраць Украіны і гібрыдную агрэсію супраць дэмакратычных краінаў па ўсім свеце, а рэжым Лукашэнкі працягвае прыгнятаць беларускі народ і падтрымліваць расійскую вайсковую агрэсію, адзінства нашых краін і народаў – свабодалюбівых беларусаў і літоўцаў – становіцца важней, чым калі-небудзь.
Мы злучаны значна мацней, чым простай геаграфічнай блізкасцю і агульнай гісторыяй. Мы глыбока разумеем праблемы і мары адзін аднаго і ўсведамляем, што нашыя лёсы непарыўна звязаныя.
Наша сяброўства доўжыцца ўжо стагоддзі. У нас шмат супольнага: ад падобнай кухні і народных традыцый да нацыянальных герояў, такіх як Канстанцінас Калінаўскас, ён жа – Кастусь Каліноўскі. Іх спадчына працягвае жыць у нашым свабодалюбстве і непахіснай рашучасці зрабіць абедзве нашыя краіны свабоднымі. Толькі ва ўмовах свабоды ўнікальная ідэнтычнасць кожнага з нашых народаў можа па-сапраўднаму развівацца.
Многія нашы мастакі, пісьменнікі і мысліцелі размаўлялі на адной і той жа мове – мове супраціву і надзеі, якая працягвае натхняць нас і сёння.
Калі ў 1991 годзе літоўцы выйшлі абараняць ад савецкіх танкаў ізноў здабытую свабоду, сярод абаронцаў літоўскага парламента былі і беларусы. А літоўцы заўсёды – і ў самыя цяжкія моманты гісторыі – падтрымлівалі народ Беларусі.
Літоўская дзяржава і ўвесь народ Літвы падтрымалі беларусаў і пасля падзеяў 2020 года. Яны выратавалі тысячы людзей, вымушаных уцякаць з Беларусі ад маштабнага тэрору, не бачанага з часоў сталінізму.
Тое, што Літва так непахісна падтрымлівае дэмакратычную Беларусь, сведчыць не толькі пра добрасуседскую волю, але і пра глыбокую прыхільнасць Літвы ўсеагульным прынцыпам дэмакратыі, свабоды і вяршэнства закону.
Беларусы праявілі неверагодную мужнасць, калі выйшлі на вуліцы, каб запатрабаваць выканання сваіх правоў. Яны рызыкавалі ўсім, у тым ліку сваім жыццём і асабістай свабодай, дзеля дэмакратычнай будучыні сваёй краіны. Гэта нагадвае шлях да незалежнасці, пройдзены Літвой больш за тры дзесяцігоддзі таму. Але Літве тады ўдалося вярнуць і абараніць сваю свабоду, у той час як беларускі народ усё яшчэ змагаецца – і яму патрэбная падтрымка з боку дэмакратычнага свету.
З дапамогай гвалту мірны пратэст выцеснілі з беларускіх вуліц, а рэжым Лукашэнкі, насуперак волі мірнага і свабодалюбівага народа Беларусі, уцягнуў краіну ў незаконную і неапраўданую вайну. Менавіта зараз, як ніколі, народу Беларусі трэба, каб яго бачылі і чулі, каб пра яго памяталі.
Больш за 60 тысяч беларусаў падвергліся палітычна матываваным затрыманням; нават цяпер па палітычных матывах кожны дзень арыштоўваюць па 15-20 чалавек, а за кратамі застаюцца не менш за 1500 палітычных зняволеных, многія з якіх падвяргаюцца катаванням з боку рэжыму.
Рэжым Лукашэнкі не толькі знішчае незалежныя СМІ і грамадзянскую супольнасць, але і спрабуе растварыць Беларусь у «рускім свеце», выкараніць саму ідэнтычнасць беларусаў. Рэжым спрабуе знішчыць усё, што звязвае Беларусь з Еўропай. Літоўцам такая гвалтоўная «русіфікацыя» надзвычай знаёмая з балючага досведу акупацыі Расійскай імперыяй.
Літоўцы цудоўна ведаюць, чаму нельга ўраўноўваць паміж сабой дыктатара Лукашэнку і свабодалюбівы народ Беларусі. Нездарма тысячы беларусаў, вымушаных уцякаць са сваёй краіны з прычыны ўзмацнення рэпрэсій, знайшлі новы дом менавіта ў Літве.
Рэжым Лукашэнкі з дапамогай правакацый і ілжывых заяваў спрабуе падзяліць нас, але мы не дазволім яму гэтага зрабіць. Літва і літоўцы будуць працягваць падтрымліваць беларусаў у іх барацьбе за свабоду. Бо мы разам баранілі свабоду Літвы ў студзені 1991 года. Бо літоўцы і беларусы разам выступалі за свабодную Беларусь пасля жніўня 2020 года.
Бо літоўцы, палякі, рускія, габрэі, украінцы і беларусы ў Літве разам выступілі ў падтрымку Украіны 24 лютага 2022 года і будуць працягваць падтрымліваць Украіну да яе – і нашай – перамогі.
Тое, што Літва так нястомна падтрымлівае грамадзянскую супольнасць Беларусі і супрацьстаіць яе аўтарытарнаму рэжыму, паказвае, наколькі нашыя краіны гатовыя спрыяць росквіту і незалежнасці адна адной.
Мы не проста суседзі, якія паасобку абараняюць свае краіны. Мы партнёры, і мы імкнёмся да будучыні, у якой нашыя краіны будуць развівацца ва ўмовах міру, бяспекі і ўзаемнай павагі.
Не можа быць ніякіх сумневаў у тым, што дзеянні рэжыму Лукашэнкі – яго абуральныя парушэнні правоў чалавека, здушэнне свабоды слова і ўдзел у расійскай агрэсіі супраць Украіны – уяўляюць сабой пастаянную пагрозу не толькі для Беларусі, але і для ўсёй Еўропы.
Смелыя грамадзяне Беларусі, якія выступаюць супраць аўтарытарызму, часта падвяргаючы сябе вялікай небяспецы, заслугоўваюць безумоўнай міжнароднай падтрымкі. У гэтых адносінах Літва – далёка не проста сусед, а сапраўдны сябар і паплечнік.
Дзякуючы таму, што Літва падтрымлівае беларускую грамадзянскую супольнасць, дае прытулак тым, хто ратуецца ад пераследу, і абараняе інтарэсы Беларусі на міжнародных платформах, беларусы не толькі не здаюцца, але і захоўваюць надзею ўбачыць Беларусь свабоднай. Аднак словаў падтрымкі, якімі б правільнымі яны ні былі, недастаткова. Трэба падмацоўваць словы дзеяннямі.
Міжнародная супольнасць, і ў прыватнасці Еўрапейскі Саюз, павінна працягваць рабіць канкрэтныя захады супраць рэжыму ў Мінску. Вырашальнае значэнне тут маюць санкцыі, дыпламатычны ціск і падтрымка беларускай грамадзянскай супольнасці.
Гэтыя крокі – у спалучэнні з пастаяннай маральнай і практычнай падтрымкай з боку такіх сяброў, як Літва – надзвычай важныя, каб схіліць шалі ў бок дэмакратычнай будучыні Беларусі. Нам трэба працягваць актыўна абараняць дэмакратыю па ўсім свеце ад аўтарытарных рэжымаў.
Шлях да дэмакратыі доўгі і поўны выклікаў, але іншага шляху няма. Літва і Беларусь – не проста суседзі, а партнёры, якія імкнуцца да адной мары – мары аб адзінай, свабоднай і мірнай Еўропе.
Няхай сённяшнія гістарычныя падзеі служаць напамінам аб тым, што ў цяжкія часы сяброўства становіцца магутнай сілай. Сувязям паміж літоўцамі і беларусамі – не адно стагоддзе, і яны перажывуць любога дыктатара, які паспрабуе іх разарваць.
Дэмакратыя ў Беларусі – гэта не нейкая далёкая мара. Гэта мэта, якой мы мусім дасягнуць разам.