Мы не можам забыцца пра беларускі народ. Яго барацьба за свабоду і дэмакратыю ўвасабляе каштоўнасці, на якіх грунтуецца Еўрапейскі саюз.
Аўтары: Раберта Метсола і Святлана Ціханоўская
У сваёй ціхай барацьбе за свабоду і дэмакратыю беларускі народ стаў яскравым прыкладам адвагі і стойкасці. Нягледзячы на дзесяцігоддзі аўтарытарнага кіравання і сістэматычных рэпрэсіяў, беларускі народ нястомна імкнецца да жыцця ва ўмовах свабоды. Нельга забываць пра гэтую бітву, асабліва ў гэты момант глабальнай нестабільнасці.
Базавыя каштоўнасці, такія як павага да чалавечай годнасці і правоў, свабода, дэмакратыя, роўнасць і вяршэнства права, з’яўляюцца якарамі, якія згуртавалі і аб’ядноўваюць нас – еўрапейцаў. Тым не менш, на нашым агульным кантыненце беларускі народ па-ранейшаму ўпарта пазбаўляюць усяго гэтага.
Замест гэтага людзі жывуць у атмасферы сталага запалохвання і пагрозаў. Яны жывуць пры рэжыме, дзе людзей кідаюць у турму па сфабрыкаваных абвінавачваннях, дзе адвакатаў пазбаўляюць ліцэнзіяў па абвінавачваннях у махлярстве, дзе сотні незалежных СМІ фактычна цэнзуруюцца і вымушаюць закрывацца, дзе больш за тысячу недзяржаўных арганізацыяў (НДА) здымаюць з рэгістрацыі і блакуюць выкананне іх працы. Людзі жывуць пры рэжыме, які трымае больш за 1500 палітычных зняволеных. Іншых змушаюць жыць у выгнанні, іх пазбаўляюць пашпартоў, у той жа час у дачыненні да іх вядуцца расследаванні і судовыя працэсы, а таксама завочна выносяцца прысуды.
Пагарджаючы дэмакратычнымі каштоўнасцямі і правамі чалавека, цяперашні рэжым у Беларусі ўсімі магчымымі спосабамі чапляецца за ўладу: аж да ператварэння краіны ў расійскую васальную дзяржаву і размяшчэння расійскай ядзернай зброі паблізу межаў ЕС.
Але па сваёй сутнасці Беларусь – спрадвечна еўрапейская краіна ў кантэксце яе каштоўнасцяў, культуры і ў імкненні да лепшай будучыні. Яе гістарычная спадчына прасочваецца да беларуса Францыска Скарыны, аднаго з самых ранніх асветнікаў эпохі Адраджэння ў Еўропе, а таксама ўнікальны яе ўклад у мастацтва і навуковую думку Еўропы, яскравым прыкладам якіх з’яўляюцца творы візіянера Марка Шагала, якія рэзаніруюць з еўрапейскімі ідэаламі.
Перад абліччам усё больш адчайных спробаў задушыць іншадумства беларусы дэманструюць непахісную прыхільнасць імкненню да свабоды і дэмакратыі. Гэтая прыхільнасць рэзаніруе з барацьбой і спадзяваннямі незлічонага мноства еўрапейцаў на працягу гісторыі.
Еўрапейскі парламент далучаецца да заяваў лідараў беларускіх дэмакратычных сілаў аб еўрапейскіх спадзяваннях беларускага народу. Нашыя дзверы заўсёды будуць заставацца адчыненымі для ўсіх тых еўрапейскіх дзяржаваў, якія падзяляюць нашыя каштоўнасці і ідэалы і накіроўваюць свой погляд на Еўропу як на свой дом. Сярод гэтых дзяржаваў будзе і Беларусь, калі яна стане дэмакратычнай, свабоднай і незалежнай.
Да гэтага моманту вельмі важна працягваць уключаць Беларусь у еўрапейскі наратыў, захоўваючы яе ў ліку прыярытэтных пытанняў на парадку дня, з тым каб садзейнічаць дэмакратычнаму пераходу ў краіне, а таксама адстойваць незалежнасць і суверэнітэт Беларусі.
Еўропа бачыць у беларусах, украінцах і малдаванах сваё адлюстраванне, адлюстраванне тых каштоўнасцяў, якія складаюць аснову еўрапейскага праекта. Барацьба за дэмакратычную Беларусь – гэта не проста барацьба народу, гэта барацьба за захаванне каштоўнасцяў, якія вызначаюць наш кантынент.
Вось чаму Еўрапейскі парламент заклікае да далейшай падтрымкі беларускіх дэмакратычных сілаў і грамадзянскай супольнасці. Гэта мае на ўвазе ўзмацненне жорсткасці санкцыяў супраць нелегітымнага рэжыму Лукашэнкі за яго злачынствы і ўцягнутасць у расійскую агрэсію супраць Украіны. Нам таксама неабходная адзіная пазіцыя для абароны і падтрымкі тых, хто ўцёк ад рэпрэсіяў і знайшоў прытулак у Еўрапейскім саюзе.
Надзвычай важна зразумець, што Еўропа ніколі не зможа рэалізаваць свой патэнцыял у поўнай меры, пакуль Беларусь застаецца ва ўмовах дыктатуры. Свабодная, дэмакратычная і незалежная Беларусь неабходная для міру і бяспекі ў Еўропе. Гэта адзіны шлях да таго, каб забяспечыць мірную будучыню, якой сапраўды заслугоўваюць еўрапейцы.