У мерапрыемстве, што адбылося ў МЗС Партугаліі ў Лісабоне, разам з лідаркай дэмакратычных сілаў Беларусі ўзялі ўдзел кіраўнікі нашых стартапаў, што працуюць у Партугаліі, а таксама прадстаўніца стартап-хаба Imaguru Анастасія Хамянкова.
Падчас сустрэчы Ціханоўская падзякавала спадару Крузу за падтрымку рэлакаванага беларускага бізнесу – і заклікала партугальскі ўрад змякчыць умовы для працы бізнесоўцаў.
Прадстаўнікі беларускіх кампаній распавялі дзяржсакратару пра праблемы, з якімі сутыкаюцца падчас працы ў Партугаліі. Асобна закранулі пытанне адкрыцця банкаўскіх рахункаў і падаткавую нагрузку для IT-кампаніяў.
Таксама ў дыялогу падымаліся юрыдычныя пытанні: спрашчэнне легалізацыйных момантаў, адмена патрабавання апастылю на дакументы, выдача пашпартоў замежніка, афармленне папераў для беларускіх дзяцей, што нарадзіліся ў Партугаліі.
МЗС Партугаліі вызначыць кантактную асобу, каб працягваць камунікацыю па вырашэнні азначаных праблем.
Беларуская лідарка падкрэсліла: рэлакаваны беларускі бізнес працуе на карысць дэмакратычных зменаў у краіне, дапамагае рэпрэсаваным ды палітзняволеным, падтрымлівае беларускія ініцыятывы, а таксама нашых добраахвотнікаў ва Украіне.