12 лістапада па ўсім свеце адзначылі Міжнародны дзень салідарнасці з Беларуссю. 12 лістапада 2020 года – дзень трагічнай смерці Рамана Бандарэнкі.
Учора народу Беларусі выказалі падтрымку дзясяткі палітыкаў і арганізацый па ўсім свеце, а беларусы зладзілі акцыі салідарнасці ўнутры краіны і за мяжой.
У сваёй заяве з нагоды Дня салідарнасці з Беларуссю Вярхоўны камісар ЕС па знешняй палітыцы і бяспецы Жазэп Барэль нагадаў пра «загінулых ад рук рэжыму ў выніку жорсткага абыходжання і адмовы ў медыцынскай дапамозе» ўдзельнікаў акцый пратэсту і палітвязняў.
Ён адзначыў: «Еўрапейскі саюз разам са сваімі міжнароднымі партнёрамі ўзначальвае намаганні ў падсправаздачнасці ў ААН і праз Міжнародную платформу падсправаздачнасці для Беларусі, незалежную і бесстароннюю платформу для збору, праверкі і захавання дакументацыі і доказаў сур’ёзных парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі падчас і пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 году. ЕС падтрымлівае Платформу палітычна і фінансава».
Вярхоўны камісар таксама падкрэсліў, што «ЕС будзе падтрымліваць беларускі народ датуль, пакуль ён ідзе да незалежнай, дэмакратычнай і квітнеючай краіны як часткі мірнай Еўропы».
Прадстаўнікі Парламенцкай асамблеі НАТА падзяліліся ў Твітары: «Нас натхняе барацьба мужнага народа Беларусі за дэмакратыю. Наша Асамблея будзе працягваць падтрымліваць Ціханаўскую і ўсіх, хто змагаецца за дэмакратыю і свабоду, супраць аўтакратыі і рэпрэсій».
Марыя Пейчынавіч-Бурыч, генеральная сакратарка Савета Еўропы, падзялілася: «У гэты Дзень салідарнасці з Беларуссю я паўтараю: Савет Еўропы падтрымлівае дэмакратычныя сілы Беларусі і палітычных зняволеных, якія змагаюцца за свабоду і справядлівасць».
Пітэр Стана, афіцыйны прадстаўнік знешнепалітычнай службы ЕС, заявіў: «У Міжнародны дзень салідарнасці з Беларуссю ЕС успамінае Рамана Бандарэнку, асуджае працяг рэпрэсіі з боку рэжыму Лукашэнкі, заклікае да вызвалення палітвязняў, падтрымлівае людзей і іх правы, узначальвае намаганні, каб прыцягнуць рэжым да адказнасці за злачынствы».
Кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Стын Ноерлаў падзяліўся допісам па-беларуску: «Сёння Міжнародны дзень салідарнасці з Беларуссю на знак памяці пра 31-гадовага Рамана Бандарэнку. Яго смерць застаецца нерасследаванай, і адказным за яе не прад’яўленыя абвінавачанні».
Інгрыда Шыманіце, прэм’ер-міністарка Літвы, напісала ў Твітары:
«У Міжнародны дзень салідарнасці з Беларуссю мы са Святланай Ціханоўскай сцвярджаем, што міжнародная падтрымка для Беларусі важная як ніколі».
Пасол Літвы ў Беларусі па асобых даручэннях Аста Андрыяўскіене напісала па-беларуску: «Вечная памяць Раману Бандарэнку і ўсім загінуўшым за свабоду і праўду».
Юозас Олякас, дэпутат Літвы ў Еўрапарламенце, кіраўнік групы «За дэмакратычную Беларусь» у Еўпапарламенце напісаў у Твітары: «Сёння Міжнародны дзень салідарнасці з Беларуссю. У гэты дзень, тры гады таму, у Мінску бандыты Лукашэнкі забілі 31-гадовага Рамана Бандарэнку. Мы стаім за беларусаў, якія імкнуцца да дэмакратыі! Падтрымаем іх у барацьбе за свабоду!»
Аляксей Ганчарэнка, віцэ-прэзідэнт Камітэта ПАСЕ па пытаннях міграцыі, бежанцаў і вымушаных перасяленцаў, народны дэпутат Украіны апублікаваў заяву фракцыі «За дэмакратычную Беларусь» ва Украінскім парламенце: «Мы заклікаем нашых партнёраў падтрымаць дэмакратычныя сілы Беларусі і беларускі народ у іх імкненні аднавіць незалежнасць сваёй дзяржавы».
Артур Міхальскі, прадстаўнік Міністра замежных справаў Польшчы па кааперацыі з дэмакратычнай Беларуссю і былы абмбасадар Польшчы ў Беларусі апублікаваў допіс па-беларуску: «Беларусы прагнуць мець свабодную радзіму. Іх кідаюць у турмы, яны шукаюць за мяжой прытулку ад пераследу альбо праз страх закрываюцца ў сабе. Некаторыя, як забіты 3 гады таму Раман Бандарэнка, аддалі жыццё за годнасць народа. Іх ахвяра не будзе дарэмнай».
Амбасада Канады ў Польшчы апублікавала ў Твітары: «Тры гады таму ў Мінску загінуў Раман Бандарэнка, якога жорстка збілі за абарону сімвалаў мірнага пратэсту. Мы з гонарам салідарныя з Беларуссю. Канада працуе з партнёрамі, каб голас беларусаў быў пачуты і ахвяры не былі забытыя».
Пастаяннае прадстаўніцтва Польшчы пры Савеце Еўропы таксама падтрымала Беларусь у Твітары.
Міністэрства замежных справаў Чэхіі апублікавала допіс у Твітары:
«У Вільні напярэдадні Міжнароднага дня салідарнасці з Беларуссю міністр Ян Ліпаўскі сустрэўся са Святланай Ціханоўскай. Ён выказаў нашу непахісную падтрымку ўсім беларусам, якія змагаюцца за свабоду і правы чалавека. Свабоду ўсім беларускім палітвязням!»
Міністэрства замежных справаў Латвіі апублікавала допіс у Твітары:
«У Міжнародны дзень салідарнасці з Беларуссю мы выказваем нашу салідарнасць з усімі тымі людзьмі, якія, нягледзячы на бесперапынныя рэпрэсіі, выстаялі ў сваёй барацьбе за дэмакратычную і Свабодную Беларусь у Еўропе. Вы можаце разлічваць на падтрымку Латвіі столькі, колькі гэта спатрэбіцца».
Выява: МЗС Латвіі
Амбасада ЗША ў Мінску падзялілася ў Твітары: «Злучаныя Штаты маюць гонар быць салідарнымі з Беларуссю, пакуль беларусы ва ўсім свеце працягваюць змагацца за светлую будучыню».
Група Еўрапейскай народнай партыі заявіла: «У Міжнародны дзень салідарнасці з Беларуссю мы падтрымліваем беларусаў, смелую нацыю, якая змагаецца за свабоду і дэмакратыю. ЕС мусіць быць максімальна рашучым у сваёй падтрымцы беларусаў».
Таццяна Цермачыч, сябра Рады Еўропы, кіраўніца Камітэта сакратарыята ПАРЕ па міграцыі, узгадала лісты, якія яна напісала палітвязням: «У Міжнародны дзень салідарнасці з Беларуссю я ўзгадваю лісты, якія я пісала палітвязням, але яны так і не дайшлі да атрымальнікаў. Сярод усіх іншых трагедый не варта забывацца на барацьбу за дэмакратычную Беларусь».
Міністэрства замежных справаў Нарвегіі зрабіла заяву ў Твітары: «Нарвегія салідарная з палітвязнямі і тымі, хто змагаецца за дэмакратычную і свабодную Беларусь. Мы не забудзем ахвяраў рэпрэсіяў рэжыму».
Міністэрства замежных справаў Швецыі апублікавала заяву ў Твітары: «1500. Такая колькасць палітвязняў у Беларусі сёння, паводле звестак праваабаронцаў «Вясны». Лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі – адзін з іх.
Жорсткія рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі неабходна спыніць!»
Гэльмут Брандштэтэр, дэпутат аўстрыйскага парламента выказаў словы падтрымкі беларусам і падзякаваў Святлане Ціханоўскай: «Мы падтрымліваем людзей, якія змагаюцца супраць дыктатара Лукашэнкі. Я ўдзячны за кожную сустрэчу са Святланай Ціханоўскай – яна працуе для дэмакратычнай Беларусь у мірнай Еўропе».
Ганке Брэйнс Слёт, міністарка замежных справаў Нідэрландаў, таксама выказала салідарнасць з беларусамі ў Твітары.
Міністэрства замежных справаў Бельгіі апублікавала допіс падтрымкі Беларусі.
Міністэрства замежных справаў Славеніі зрабіла заяву ў Твітары: «У Міжнародны дзень салідарнасці з Беларуссю мы ўзгадваем актывістаў за правы чалавека і свабоду слова, якія будуюць дэмакратычныя грамадствы і лепшую будучыню. Яны ніколі не будуць забытыя».
Пітэр Бэрк, Міністр Ірландыі па еўрапейскіх справах і абароне напісаў словы падтрымкі беларусам: «У гэты Дзень салідарнасці з Беларуссю Ірландыя заклікае да безумоўнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі. У мінулы чацвер у Вільні я казаў пра важную працу беларускіх праваабаронцаў і СМІ, а таксама пра рызыкі, на якія яны ідуць».
Фота: Пітэр Бэрк
Пастаяннае Прадстаўніцтва Францыі пры Савеце Еўропы апублікавала допіс: «Камітэт міністраў ЕС і яго дзяржавы-члены выказалі падтрымку дэмакратычным імкненням беларускага народа жыць свабодна».
Тэйс Рэйтэн, член Еўрапарламента напісаў: «Сёння, у Міжнародны дзень салідарнасці з Беларуссю, мы дэманструем нашу непахісную падтрымку еўрапейскай будучыні Беларусі ў сям’і дэмакратычных дзяржаў».
Беатэ Мюлер-Геммеке, Член партыі Зялёных у Бундэстагу заявіла: «Я салідарная з народам Беларусі і патрабую неадкладнага вызвалення ўсіх палітвязняў, у тым ліку Ганны Аблаб, над якой я ўзяла палітычнае шэфства».
Клара Добраў, ценявая прэм’ер-міністарка Венгрыі, і Ферэнц Дзюрчань, прэзідэнт Дэмакратычнай кааліцыі Венгрыі, апублікавалі супольную заяву: «Сёння Міжнародны дзень салідарнасці Беларусі. Ценявы ўрад і кіраўнік Дэмакратычнай кааліцыі запэўнілі ў сваёй поўнай салідарнасці з беларусамі, якія працягваюць барацьбу за аднаўленне дэмакратыі і правоў чалавека ў сваёй краіне, а таксама за вызваленне палітвязняў. Ценявы ўрад і Дэмакратычная кааліцыя падтрымліваюць дэмакратычныя памкненні народа Беларусі і патрабуюць вызвалення беларускіх палітвязняў. Мы заклікаем урад Віктара Орбана спыніць супрацоўніцтва з дыктатарам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам».
Хелен Хаштарыя, грузінскі палітык і актывістка падтрымала беларусаў у Твітары: «Сёння Дзень Салідарнасці з Беларуссю. Грузінскі народ і я падтрымліваем беларусаў у іх барацьбе супраць расійскага прыгнёту і рэжыму Лукашэнкі. Разам мы пераможам цемру і будзем жыць у Еўропе цэлымі, свабоднымі і мірнымі! Жыве Беларусь!»
Аляксандр Каўтарадзэ, сузаснавальнік грузінскай НДА «Civic Hall» напісаў: «Барацьба Рамана з несправядлівасцю дасць плён: Беларусь стане свабоднай».
Грузінская грамадзянская платформа Gamziri апублікавала допіс: «Аб’яднаныя як грузіны, мы шчыра салідарныя з адважным беларускім народам у гэты Дзень салідарнасці з Беларуссю. Захад павінен дэманстраваць непахісную рашучасць у падтрымцы нашых беларускіх сяброў, падкрэсліваючы нашу агульную прыхільнасць свабодзе і дэмакратыі. Жыве Беларусь!»
Да Дня салідарнасці таксама далучыліся і іншыя палітыкі і дыпламаты:
Івана Бачык, лідарка Лейбарысцкай партыі Ірландыі.
Карл-Юліўс Кроненберг, дэпутат Бундэстага, Германія.
Міхаэла Шойдрава, дэпутатка Еўрапейскага парламента, Чэхія.
Ханна Гунарсан, дэпутатка Шведскага парламента.
Густаў Гётберг, член парламента Швецыі.
Поль Галь, дэпутат Еўрапейскага парламента, Люксембург.
Шэнна МакХ’ю, амбасадарка Ірландыі ў Літве.
З нагоды Дня салідарнасці беларуская праваабарончая супольнасць выпусціла сумесную заяву. Салідарнасць таксама выказала аб’яднанне беларусаў Германіі «Разам».
Грамадская актывістка Алана Гебрэмарыям апублікавала відэа-зварот з заклікам падтрымаць моладзь у зняволенні.
Па традыцыі, акцыі салідарнасці прайшлі ў Беларусі і сярод беларускай дыяспары па ўсім свеце.
Беларускія пенсіянеркі з суполкі «Вязаныя берэты» зладзілі акцыю памяці Рамана Бандарэнкі.
Фота: «Вязаныя берэты»
Жыхары Ваўкавыску таксама ўшанавалі памяць героя.
Фота: Беларусы Ваўкавыска
Акцыі ў афлайн- і анлайн-фармаце зладзілі беларусы Літвы, Польшчы, Шатландыі, Германіі, ЗША, Вялікабрытаніі, Бельгіі, Швецыі, Італіі, Кіпра ды іншых краінаў.
Фота: Беларусы Трымяста
Фота: Беларусы Варшавы
Фота: Беларусы Любліна
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»
Фота: Беларусы Бельгіі