• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • «Мяне можа спыніць толькі адно: калі я не буду адчуваць падтрымку беларусаў». Фінальнае слова Святланы Ціханоўскай на Канферэнцыі Новая Беларусь 2023

    06 жніўня, 2023

    Паважаныя калегі,
    Дарагія сябры!

    Тры гады таму беларусы зрабілі гістарычны выбар на карысць свабоды, дэмакратыі і незалежнасці – і паспрабавалі абараніць яго мірным шляхам.

    Сёння, праз тры гады, мы пытаемся ў сябе, ці ўдалося нам захаваць тыя дасягненні і той імпэт, з якім беларусы паўсталі на абарону сваёй перамогі ў 2020-м годзе. Я думаю, што так.

    Канферэнцыя «Новая Беларусь» дала нам магчымасць ацаніць зробленае, а таксама зазірнуць у будучыню: якой будзе наша перамога і якім шляхам яна будзе дасягнутая.

    Сітуацыя за апошнія тры гады моцна змянілася. Нашу краіну ўцягнулі ў вайну. Яна апынулася перад стратай незалежнасці. Мы панеслі цяжкія чалавечыя страты. Алесю Пушкіну сёння магло б споўніцца 58 гадоў. Дзясяткі аддалі свае жыцці за будучую дэмакратычную і незалежную Беларусь. Іх светлая памяць абавязвае нас працягваць нашае змаганне.

    Як марафон у падтрымку палітвязняў, так і сённяшняя канферэнцыя пераконваюць мяне: як і тры гады таму, мы ўмеем аб’ядноўвацца дзеля агульнай мэты. Мы ўмеем быць шчырымі адно з адным і ацэньваць сітуацыю без ружовых акуляраў. За гэтую шчырасць я хачу падзякаваць кожнаму з вас.

    Адной з мэтаў канферэнцыі было аб’яднанне нашых сіл. Мы не павінны марнаваць час на высвятленне адносін, а факусавацца на тым, што можам зрабіць разам. І гэтай мэты мы дасягнулі. Гэта ўжо поспех. 

    Сёння ў гэтай залі нам удалося сабраць разам Кіберпартызанаў і Полк Каліноўскага, БНФ і сацыял-дэмакратаў, Аляксандра Мілінкевіча і Валерыя Сахашчыка, «Краіну для жыцця» і штаб Віктара Бабарыкі, старую і новую апазіцыю, журналістаў і рабочых, ваяроў і мастакоў.

    Сёння мы прыйшлі да згоды, што выбар Беларусі – гэта Еўропа. Нашая мэта – дамагчыся сяброўства для Беларусі ў Еўрапейскім звязе. Гэта тое, што гарантуе нам свабоду, незалежнасць і дабрабыт. Нашая задача – давесці гэтую альтэрнатыву да беларусаў.

    Мы прынялі дэкларацыю дэмакратычных сіл. Разам – мы будзем дамагацца нашых мэтаў: вызвалення Беларусі, свабоды для палітвязняў, сумленных выбараў. 

    Мы ўхвалілі дэкларацыю аб падтрымцы Украіны і прынялі рашэнне аб дапамозе беларускім добраахвотнікам. Перамога Украіны – стане перамогай і для Беларусі. 

    Мы дамовіліся аб супольных дзеяннях на выбарах 2024 года. Гэтыя выбары – фарс і імітацыя, і мы будзем дабівацца іх непрызнання. І правядзём альтэрнатыўную кампанію.

    Мы далучым да працы палітычныя партыі і арганізацыі, і пачнём працаваць у межах руху «Новая Беларусь». Аб’яднаны Пераходны Кабінет і Каардынацыйная Рада будуць яго часткай. Да гэтага руху зможа далучыцца кожны беларус, які падзяляе нашыя мэты і каштоўнасці.

    У найбліжэйшы час платформа «Новая Беларусь» прадставіць новы функцыянал, які дазволіць нам больш эфектыўна супрацоўнічаць, абменьвацца інфармацыяй, спрачацца па важных тэмах. 

    Я атрымала рэкамендацыі ад Каардынацыйнай Рады па выніках слуханняў. Мы прыкладзём намаганні, каб выправіць хібы ў працы Кабінета. У бліжэйшы час мы прызначым кіраўніка апарату Кабінета і прадставім агульную стратэгію.

    Мною было прынята рашэнне вызваліць Аляксандра Азарава ад пасады прадстаўніка ў Аб’яднаным Пераходным Кабінеце. Разам з тым я б хацела, каб Аляксандр Азараў працягнуў працу па плане «Перамога» і каардынаваў супрацу з беларускім падполлем. Вакансія прадстаўніка ў аднаўленні правапарадку застаецца, і я хацела б пачуць вашыя прапановы па кандыдатурах.

    Узімку мы правядзем выбары ў Каардынацыйную Раду, каб яна стала сапраўды прадстаўнічым органам беларусаў, які мае аўтарытэт і прадстаўляе інтарэсы беларусаў. Так, як мы заслухалі справаздачы прадстаўнікоў Аб'яднанага Пераходнага Кабінета перад беларусамі, гэтак дасць справаздачу і Каардынацыйная Рада.

    Разам мы ствараем мадэль дэмакратыі. Даем прыклад празрыстасці, справаздачнасці, падзелу ўладаў. Веру, што і з наступным складам Каардынацыйнай Рады нашая супраца будзе такой жа плённай. 

    Мы будзем пашыраць супрацу з Украінай. І ў сувязі з гэтым я прызначаю прадстаўніком Аб'яднанага Пераходнага Кабінета па дачыненнях з Украінай Генадзя Манько. Цягам апошняга года ён адказваў за нашую супрацу з Палком Каліноўскага і ўсталяваў добрыя кантакты ва Ўкраіне.

    Таксама я прызначаю Маргарыту Ворыхаву сваёй дарадцай па моладзевай палітыцы і студэнцтву. Маргарыта кіруе арганізацыяй РАДА і мае значны палітычны досвед. Яна прадстаўляла Беларусь у Кантактнай групе Рады Еўропы і ў Кансультатыўнай групе з Еўрасаюзам.

    Мы выходзім на новы этап з праектам пашпартоў Новай Беларусі. Наступным крокам будзе выраб узораў пашпартоў і падрыхтоўка да іх выдачы. Адначасова мы будзем праводзіць кампанію па іх міжнародным прызнанні.

    Мы будзем яшчэ больш увагі прысвячаць тэме палітвязняў. Будзем разглядаць усе магчымыя шляхі, каб наблізіць іх вызваленне. Каб дапамагчы іх сем’ям. Каб гэтая тэма не сыходзіла з парадку дня. Вызваленне палітвязняў – наш прыярытэт. І я б хацела заклікаць вас – далучайцеся да працы Вольгі Гарбуновай у гэтым напрамку.

    Дарагія сябры,

    Дзякуй вялікі, што далучыліся да нашай канферэнцыі. Сёння я зарадзілася аптымізмам. У мяне з’явілася яшчэ больш упэўненасці ў нашай супольнай перамозе. 

    Учора журналістка спытала мяне, што прымусіла б мяне спыніцца ў нашай барацьбе. Я адказала: «Мяне спыніць можа толькі адно: калі я не буду адчуваць падтрымку беларусаў».
     
    Я адчуваю вашую падтрымку кожны дзень. І я буду з вамі да самай перамогі. І спадзяюся, што вы падтрымаеце мяне на гэтым шляху. Толькі разам мы пераможам.

    Жыве Беларусь!

    Апошнія навіны