• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Дзень салідарнасці, эстонска-беларуская Канферэнцыя, створаны Альянс групаў сяброў Беларусі. Вынікі працы Офіса Святланы Ціханоўскай 6-12 лістапада 2023

    13 лістапада, 2023

    ДЗЕНЬ САЛІДАРНАСЦІ З БЕЛАРУССЮ. 12 лістапада адбыўся Міжнародны Дзень салідарнасці з Беларуссю, анансаваны Святланай Ціханоўскай. Роўна тры гады таму быў забіты Раман Бандарэнка. Таму дзень салідарнасці прысвечаны памяці Рамана і ўсіх, хто аддаў сваё жыццё за вольную Беларусь.

    Беларусы зладзілі акцыі салідарнасці па ўсім свеце – Шатландыя, Польшча, Італія, Германія, ЗША, Літва, Вялікабрытанія, Бельгія, Швецыя, Кіпр. Адбыліся і акцыі ўнутры Беларусі – іх правялі суполка пенсіянерак «Вязаныя берэты» і жыхары Ваўкавыску. Шмат міжнародных палітыкаў, дыпламатаў, амбасадараў і кіраўнікоў урадаў зрабілі заявы ў падтрымку нашай краіны. Як прайшоў Дзень салідарнасці – глядзіце па спасылцы.

    ДЗЕНЬ НАРОДЗІНАЎ ВІКТАРА БАБАРЫКІ. 9 лістапада, у дзень народзінаў Віктара Бабарыкі, Святлана Ціханоўская выказала словы падтрымкі і павіншавала яго з 60-годдзем. «Гэта ўжо чацвёрты дзень нараджэння, які ён праводзіць за кратамі. Як і тысячы беларусаў, ён утрымліваецца ў нечалавечых умовах. Да яго перасталі дапускаць адваката, не даюць сустракацца з блізкімі, не перадаюць лістоў і медыкаментаў», – адзначыла Ціханоўская і падкрэсліла, што верыць у тое, што Віктар Бабарыка не апусціў рукі. 

    БЕЛАРУСЬ-УКРАІНА. Напрыканцы мінулага тыдня ва Львове прайшоў другі беларуска-ўкраінскі форум імя Астрожскіх. З беларускага боку ўдзел узялі прадстаўнікі Офіса Святланы Ціханоўскай, Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, Палка Кастуся Каліноўскага, а таксама палітычныя эксперты. Вынікамі сталі дамова аб слуханнях па Беларусі на пасяджэнні камітэтаў па міжнародных пытаннях і бяспецы, а таксама супольныя праекты па прававой экспертызе і прызначэнне спецпрадстаўніка па Беларусі ў Вярхоўнай Радзе. 

    БЕЛАРУСЬ-ШВЕЦЫЯ. 6 лістапада Святлана Ціханоўская прыняла ў сваім Офісе міністра замежных справаў Швецыі Тобіаса Більстрама. Ён пацвердзіў, што Швецыя прызначыла спецпасланніка па сувязях з дэмакратычнай Беларуссю. Падчас сустрэчы Ціханоўская і Більстрам абмеркавалі выдачу пашпартоў замежніка і праграмы рэабілітацыі палітвязняў. 

    БЕЛАРУСЬ-ЧЭХІЯ. У панядзелак, 6 лістапада, Святлана Ціханоўская прыняла ў Офісе новага амбасадара Чэхіі ў Літве Алеша Апата. Падчас размовы бакі абмеркавалі пытанні легалізацыі беларусаў у Чэхіі, выдачу пашпартоў замежніка для беларусаў. Такі пашпарт ужо атрымала юная беларуска Вара, якая дапамагае нашым добраахвотнікам ва Украіне. А ўжо 10 лістапада адбылася сустрэча Ціханоўскай з міністрам замежных справаў Чэхіі Янам Ліпаўскім, на якой яна заклікала зрабіць выключэнні для беларусаў з закона аб візавых абмежаваннях.

    БЕЛАРУСЬ-ГЕРМАНІЯ. 7-8 лістапада Святлана Ціханоўская наведала Германію з працоўным візітам. У Берліне яна сустрэлася з нямецкай міністаркай па справах Еўропы, дарадцам Канцлера Германіі па знешняй палітыцы і бяспецы, прадстаўніцай YouTube, кіраўніцтвам Libereco. Беларуская лідарка выступіла на сустрэчы Альянса групаў «За дэмакратычную Беларусь», на Берлінскай канферэнцыі і звярнулася да Камітэта па міжнародных справах Бундэстагу. Таксама Ціханоўская ўзяла ўдзел у мітынгу і звярнулася да беларускай дыяспары ў Берліне. Галоўны вынік візіту – Бундэстаг прыняў рэзалюцыю па Беларусі, у якой падкрэслена, што «свабодную і дэмакратычную Беларусь будуць вітаць у сямʼі еўрапейскіх дзяржаваў». 

    А 11 лістапада ў Малазе Ціханоўская сустрэлася з канцлерам Германіі Олафам Шольцам, якога заклікала падтрымаць міжнароднае расследаванне злачынстваў Лукашэнкі.

    БЕЛАРУСЬ-ПОЛЬШЧА. 7 лістапада прайшла чарговая сустрэча працоўнай групы пры МУС Польшчы. Былі абмеркаваныя пытанні легалізацыі дзяцей грамадзян Беларусі, народжаных у Польшчы. Прадстаўнікі МУС заявілі, што гэтыя пытанні цяпер знаходзяцца ў прыярытэце. Таксама, паднялі пытанні датычныя польскага праязнога дакумента, які можа замяняць пратэрмінаваны беларускі пашпарт пры паездках за мяжу. Падрабязней пра вынікі сустрэчы глядзіце па спасылцы

    Таксама Ціханоўская павіншавала Польшчу з нагоды Дня Незалежнасці 11 лістапада. Яна падзякавала народу Польшчы за падтрымку беларусаў у барацьбе за свабоду, а польскім палітыкам – за паслядоўнасць і прынцыповасць у пазіцыях адносна Беларусі.

    БЕЛАРУСЬ-ЭСТОНІЯ. 10 лістапада ў Таліне распачалася першая беларуска-эстонская Канферэнцыя, арганізаваная МЗС Эстоніі ў супрацоўніцтве з Офісам Святланы Ціханоўскай. Святлана Ціханоўская выступіла на адкрыцці Канферэнцыі і прывітала ўдзельнікаў. Удзел прымалі прадстаўнікі Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, Каардынацыйнай Рады, беларускія актывісты і медыя, а таксама члены эстонскага ўраду, эксперты і дыпламатычны корпус. На Канферэнцыі абмяркоўваліся эстонска-беларускія адносіны, стратэгія па Беларусі, спосабы падтрымкі рэпрэсаваных і палітвязняў, шляхі прыцягнення рэжыму да адказнасці.

    БЕЛАРУСЬ-ІРЛАНДЫЯ. 9 лістапада міністр па еўрапейскіх справах Ірландыі Пітэр Бэрк наведаў Офіс Святланы Ціханоўскай у Вільні. Падчас сустрэчы абмеркавалі падтрымку праграмаў рэабілітацыі палітвязняў, прыцягненне рэжыму Лукашэнкі да адказнасці ў міжнародных судах і легалізацыю беларусаў у Ірландыі. 

    МЕРАПРЫЕМСТВЫ Ў ВІЛЬНІ 9 лістапада Святлана Ціханоўская выступіла на Форуме будучыні дэмакратыі і семінары па свабодзе СМІ ў Беларусі ў Вільні. «Перамога беларусаў над дыктатарскім рэжымам Лукашэнкі непазбежная. Перамога Украіны над расійскім рэваншызмам – гэта пытанне часу і нашай салідарнасці. А перамога дэмакратыі над тыраніяй – наша агульная задача і абавязак», – падрэсліла беларуская лідарка.  

    ВЫСТУП НА З’ЕЗДЗЕ ЕЎРАПЕЙСКІХ САЦЫЯЛ-ДЭМАКРАТАЎ. 11 лістапада ў Малазе Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у Кангрэсе Еўрапейскіх Сацыялістаў і Дэмакратаў і выступіла перад главамі дзяржаў і ўрадаў, палітычнымі лідарамі і актывістамі з усёй Еўропы. Падчас выступу яна падкрэсліла: «Нашая мэта – пабудаваць краіну, дзе сацыяльныя правы гарантаваныя, а не проста дэкларуюцца. Мэта – вярнуць сваю краіну да дэмакратыі». 

    ЕЎРАПЕЙСКАЯ ПРЭМІЯ. Дарадца Святланы Ціханоўскай Маргарыта Ворыхава атрымала прэмію «Маладая жанчына Еўропы 2023», якую штогод уручаюць жанчынам за прасоўванне еўрапейскіх каштоўнасцяў. Маргарыта прысвяціла гэтую прэмію ўсім маладым лідарам Беларусі.

    МЕДЫЯ. Святлана Ціханоўская дала інтэрв’ю SVT (Швецыя), Радыё Свабода (Беларусь), RFI (Францыя), БелСАТ (1, 2, 3) (Беларусь), Delfi (Літва), Позiрк (Беларусь).

    Апошнія навіны