9 лістапада Міністр па еўрапейскіх справах Ірландыі Пітэр Бэрк наведаў Офіс Святланы Ціханоўскай у Вільні. У сустрэчы таксама ўзяла ўдзел амбасадарка Ірландыі ў Літве Шэнна МакХ’ю, у тым ліку адказная за супрацоўніцтва з дэмакратычнымі сіламі Беларусі.
Падчас сустрэчы Ціханоўская і Бэрк абмеркавалі падтрымку праграмаў рэабілітацыі палітвязняў і сем’яў рэпрэсаваных, узгадаўшы пра досвед Ірландыі ў праграмах дапамогі ахвярам Чарнобыльскай трагедыі. Таксама гаварылі пра прыцягненне рэжыму Лукашэнкі да адказнасці ў міжнародных судах і легалізацыю беларусаў у Ірландыі пасля апошняга дэкрэту дыктатара.
Спадар Бэрк заверыў, што Ірландыя працягне падтрымку незалежных беларускіх медыя і парталу «Зеркало», праваабарончага цэнтру «Вясна», а таксама культурніцкіх праектаў у супрацоўніцтве з прадстаўніцай па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Алінай Коўшык. Міністр Бэрк паведаміў пра ўдзел Ірландыі ў Міжнародным дні салідарнасці з Беларуссю.
Ціханоўская заклікала міністра падтрымаць еўрапейскі выбар для Беларусі і правесці адпаведныя слуханні ў Камітэце міністраў Рады Еўропы.
Пасля 2020 году Ірландыя спыніла адносіны з рэжымам і працуе з дэмакратычнымі сіламі Беларусі.