• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Прамова Святланы Ціханоўскай на Кангрэсе Партыі еўрапейскіх сацыялістаў, 2023

    11 лістапада, 2023

    «Паважаны Старшыня Лёвен,

    Паважаны Пэдра Санчэс,

    Паважаныя дэлегаты Кангрэса Партыі еўрапейскіх сацыялістаў,

    Прыхільнікі дэмакратыі і сябры свабоднай Беларусі,

    Я хацела б распачаць сённяшні выступ, павіншаваўшы беларускіх сацыял-дэмакратаў са 120-годдзем з дня заснавання іх партыі.

    Беларускія сацыял-дэмакраты былі галоўнай сілай, якая выступала за беларускую незалежнасць, якую абвясцілі больш за сто гадоў таму. Тады яны змагаліся супраць тыраніі і расійскага панавання. І яны смела працягваюць змагацца і сёння.

    У гэтай залі прысутнічаюць прадстаўнікі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі і «Народнай Грамады». Нягледзячы на палітычныя рэпрэсіі і арышты іх лідараў, гэтыя адважныя людзі не здаліся і працягваюць змагацца за свабодную Беларусь. Давайце ўшануем іх авацыямі!

    Я ўпэўнена, што аднойчы беларускія сацыял-дэмакраты разам з іншымі палітычнымі партыямі з Беларусі будуць удзельнічаць у дэбатах у Еўрапарламенце.

    Я ўпэўнена, што аднойчы мая краіна стане часткай свабоднай сям’і еўрапейскіх нацый. Бо без Беларусі, Украіны ці Малдовы Еўрапейскі праект ніколі не будзе завершаны.

    Еўрапейскі саюз павінен быць ад Малагі да Мінска, ад Лісабона да Тбілісі. Сёння гэта можа здавацца далёкай марай.

    Але для нас гэта не проста мара. Гэта мэта.

    Наша мэта – пабудаваць краіну, у якой урад служыць народу, а не наадварот. Вось чаму мы арыентуемся на Еўропу, дзе сацыяльныя правы гарантаваны людзям, а не існуюць на паперы.

    Наша мэта – вярнуць Беларусь да дэмакратыі. Бо пры тыраніі няма незалежных прафсаюзаў. Няма аховы клімату. Няма правоў ЛГБТ. Няма гендарнай роўнасці. І, канешне ж, няма выбараў.

    Наша мэта – вырваць Беларусь з расійскіх кіпцюроў. Мы занадта доўга жылі ў цені Расіі. Але таму надышоў канец! Беларусь – не Расія. Беларусь – Еўропа.

    Дарагія сябры,

    Шлях да свабоды можа быць цяжкім, але ён адзіна верны. І нам не выйграць гэтую бітву ў адзіночку. Нам патрэбны саюзнікі і абаронцы свабоднай Беларусі. Многія з іх знаходзяцца ў гэтай зале.

    Такія абаронцы, як прэмʼер-міністр Санчэс, міністр Хасэ Альбарэс і сакратар Ана Халул. Вы спынілі супрацоўніцтва з нелегітымным рэжымам і працягнулі руку змагарам за свабоду Беларусі. Дзякуй вам за гэта!

    Такія абаронцы, як Юозас Олякас, дзякуючы якому Беларусь апынулася ў цэнтры парадку дня Еўрапарламента. Ваша рэзалюцыя па Беларусі – гэта відавочнае пасланне рэжыму: ніхто не застанецца бяскарным. Кожны злачынец адкажа за свае дзеянні. Дзякуй вам за гэта!

    Такія абаронцы, як міністр Дэвід Лэмі і міністр Джо Кары-Роўк, якія працягваюць падтрымліваць Беларусь на парадку дня ў Вялікабрытаніі. Дзякуй вам за гэта!

    Такія абаронцы, як канцлер Олаф Шольц, які быў адным з першых нямецкіх палітыкаў, якія сустрэліся са мной у 2020 годзе. І Франс Цімерманс, які сустрэўся са мной у Вільні ў самым пачатку майго палітычнага шляху і натхніў мяне працягваць змагацца, нягледзячы ні на што. Дзякуй.

    Я заклікаю кожнага і кожную з тых, хто знаходзіцца ў гэтай залі, стаць абаронцам свабоднай Беларусі!

    Дарагія сябры,

    У 2020 годзе ваша партыя запусціла кампанію We hear you, Belarus («Мы чуем цябе, Беларусь»). Сёння нам зноў важна пачуць гэтыя словы ад Еўропы.

    Заўтра, 12 лістапада, далучайцеся да Міжнароднага дня салідарнасці з Беларуссю. Прама зараз тысячы людзей знаходзяцца за кратамі. Сярод іх чатыры дзясяткі лідараў прафсаюзаў і прадстаўнікоў сацыял-дэмакратыі. Ім важна ведаць: мы не перастанем змагацца, пакуль кожны з іх не акажацца на волі.

    І нарэшце, дапамажыце Украіне выйграць гэтую вайну. Перамога Украіны стане канчатковай паразай Пуціна і Лукашэнкі.

    Многія беларусы змагаюцца за свабоду Украіны проста зараз. Многія з іх аддалі свае жыцці ў гэтай барацьбе. Таму для нас усіх гэта не нечая барацьба – гэта наша агульная барацьба за свабоду.

    Жыве Беларусь! Жыве Еўропа!»

    Апошнія навіны