«Паважаныя Герхард Валерс,
Юазас Алекас,
Поль Галес,
Аніка Глогоўскі-Мертэн,
Марка Фібер,
Шаноўнае спадарства, паважаныя калегі,
Сябры дэмакратычнай Беларусі,
Я вельмі радая, што мы нарэшце сабраліся тут, у Берліне. Мы працавалі над арганізацыяй сённяшняга мерапрыемства на працягу многіх месяцаў. І дазвольце мне пачаць са слоў падзякі паважанаму Фонду імя Конрада Адэнаўэра за магчымасць правесці яго.
Дзякую Фонду імя Бёля, Фонду імя Фрыдрыха Эберта і Фонду Фрыдрыха Наўмана – за салідарнасць і падтрымку дэмакратычных сілаў Беларусі.
І, канешне, дзякуй Анатолю Лябедзьку, які стаіць за ідэяй стварэння гэтага Альянсу.
Дазвольце мне сардэчна прывітаць тут прадстаўнікоў парламентаў Аўстрыі, Германіі, Грузіі, Іспаніі, Італіі, Латвіі, Літвы, Люксембурга, Малдовы, Нарвегіі, Польшчы, Партугаліі, Францыі. Таксама да нас далучыліся онлайн парламентарыі з Ірландыі, ЗША, Украіны – і наш даўні сябар Андрус Кубілюс з Еўрапейскага парламента. Тут прысутнічае большая частка нашага «беларускага глобуса».
Паважаны Юазас Алекас, дзякуй Вам за ўсе вашыя ініцыятывы па падтрымцы Беларусі ў Еўрапарламенце. Поль Галес, дзякуй за Ваш гістарычны даклад у ПАРЕ. Аляксей Ганчарэнка, дзякуй Вам за непахісную рашучасць прыцягнуць рэжым Лукашэнкі да адказнасці за ўсе ягоныя злачынствы супраць Украіны і супраць чалавечнасці.
Я радая бачыць тут Міхала Каміньскага. Міхал, тое, што адбылося ў Польшчы ў мінулым месяцы, сапраўды выдатна. Мірная перадача ўлады праз выбары. Аб такім мы ў Беларусі можам толькі марыць. І гэта тое, што мы хочам пабудаваць, – сапраўды парламенцкую дэмакратыю.
Я адчуваю, што сёння знаходжуся сярод сяброў. Кожны з вас, прысутных тут, ужо зрабіў вялікі ўнёсак у нашую справу. І кожны з вас заслугоўвае словаў падзякі.
Дарагія сябры,
Групы «За дэмакратычную Беларусь» створаны ў 22 краінах. Такім чынам, сёння ў нас ёсць магутная міжнародная кааліцыя саюзнікаў.
Шкада, што ў 2020 годзе ў нас не было такой шырокай міжнароднай падтрымкі. Гісторыя магла б пайсці па іншым шляху. Беларусь магла б ужо зараз быць дэмакратычнай краінай. І тады Расія не змагла б пачаць вайну супраць Украіны.
Але гісторыю не перапісаць. Сёння наша агульная задача – зрабіць так, каб беларусы не ўпусцілі наступны гістарычны шанец вырвацца з кіпцюроў Расійскай імперыі.
І я веру, што разам мы зможам гэтага дасягнуць. У дэмакратычных краінах у парламентарыяў ёсць вялікі ўплыў. Яны фарміруюць парадак дня і збольшага вызначаюць рашэнні свайго ўрада.
У дэпутатаў ёсць магчымасць называць рэчы сваімі імёнамі. Яны могуць адкрыта казаць, што Лукашэнка – злачынец, а не прэзідэнт. Што Расія дэ-факта акупуе Беларусь. Я лічу, што надышоў час назваць зло – злом.
Сапраўды, пад пагрозай сёння знаходзіцца само паняцце дэмакратыі. І адной з галоўных пагрозаў дэмакратыі з’яўляецца расійскі імперыялізм. Ён падтрымлівае дыктатараў ва ўсім свеце – у тым ліку і Лукашэнку – і атрымлівае падтрымку ўзамен.
Лукашэнка паступова прадае Расіі незалежнасць Беларусі. У Беларусі размешчаныя расійскія войскі. У Беларусі незаконна размешчана расійская ядзерная зброя. Гэта робіцца не толькі для таго, каб шантажаваць Захад, але і для таго, каб на гады замацаваць расійскі кантроль над Беларуссю.
І Лукашэнка, і Пуцін павінны дорага заплаціць за спробы пазбавіць беларусаў сваёй краіны. Як парламентарыі, вы можаце патрабаваць санкцый не толькі за злачынствы супраць Украіны, але і за падрыў суверэнітэту Беларусі. У гэтых санкцыях не павінна быць ні выключэнняў, ні шчылін.
Давайце прыкладзём намаганні, каб прыцягнуць Лукашэнку да адказнасці. У яго доўгі паслужны спіс злачынстваў. Гэта і арганізацыя міграцыйнага крызісу, і выкраданне ўкраінскіх дзяцей, і злачынства агрэсіі, і злачынствы супраць чалавечнасці. Вашыя краіны могуць завесці крымінальныя справы ў рамках універсальнай юрысдыкцыі, як гэта нядаўна было зроблена ў Швейцарыі ў дачыненні да аднаго з сябраў лукашэнкаўскага «эскадрону смерці».
Вы можаце прыняць рэзалюцыі і асудзіць рэжым Лукашэнкі як злачынны, запатрабаваць прыцягнення яго да адказнасці і трыбунала. Так ужо зрабіў украінскі парламент.
Вы можаце аб’явіць рэпрэсіўныя органы рэжыму – такія, як ГУБАЗіК або КДБ, – арганізацыямі, якія падтрымліваюць тэрарызм. Так ужо зрабіў Сенат Чэхіі.
І ў той самы час трэба падтрымліваць еўрапейскія памкненні беларусаў. Для нас Еўрапейскі Саюз – гэта адзіная альтэрнатыва «рускаму свету», які з’яўляецца светам гвалту, несправядлівасці і тыраніі.
Толькі ў Еўрапейскім Саюзе Беларусь можа захаваць сваю незалежнасць, гарантаваць свабоду і дабрабыт усім сваім грамадзянам.
Нас натхняюць прыклады краінаў, якія здзейснілі гэты непазбежны гістарычны пераход шмат гадоў таму, – прыклады Польшчы, Чэхіі, Літвы, Латвіі, Эстоніі. Іншыя – Грузія, Малдова, Украіна, – упэўнена, дасягнуць гэтай жа мэты ў найбліжэйшай будучыні.
Мы не жадаем, каб Беларусь заставалася ў баку ад гэтага гістарычнага шляху. Беларусь не павінна стаць суцяшальным прызам для Пуціна, калі ён прайграе вайну. Дэмакратычная Беларусь павінна стаць неад’емнай часткай рэгіянальнай архітэктуры бяспекі. Толькі ў гэтым выпадку нашыя суседзі будуць абароненыя ад імперскіх амбіцый Расіі.
Таксама трэба дапамагчы Украіне адстаяць свой суверэнітэт і свой еўрапейскі выбар. Многія беларускія добраахвотнікі аддалі свае жыцці за перамогу Украіны. Дайце ўкраінцам усё, што ім патрэбна для перамогі ў вайне. Бо дапамагаючы Украіне, вы дапамагаеце і Беларусі, і наадварот. Лёсы нашых краінаў пераплеценыя. Свабодная і еўрапейская Беларусь стане смяротным ударам па пуцінскім праекце аднаўлення Расійскай імперыі.
Тыя час, грошы і ўвага, якія вы ўкладаеце ў дэмакратычную будучыню Беларусі, – гэта не дабрачыннасць. Гэта інвестыцыі ў бяспеку Еўропы. Гэта інвестыцыі ў перамогу дэмакратыі над расійскім імперыялізмам.
Мы ўжо працуем над еўрапейскай будучыняй Беларусі. Мы распрацавалі праект новай Канстытуцыі. Яна мусіць гарантаваць, што ў Беларусі больш ніколі не з’явіцца дыктатура. Мы таксама падрыхтавалі мноства рэформаў, у тым ліку рэформы ў галіне эканомікі і правасуддзя пераходнага перыяду. Мы разлічваем на ваш досвед у фарміраванні бачання новай Беларусі.
Мы будуем альтэрнатыўную сістэму ўлады, якая ўключае ў сябе ўсе нашыя легітымныя дэмакратычныя структуры, такія як Аб’яднаны Пераходны Кабінет, Каардынацыйная Рада, дэмакратычныя палітычныя партыі.
Празрыстасць, падсправаздачнасць, выбарнасць – вось нашы перавагі перад жорсткай, савецкай лукашэнкаўскай бюракратыяй. Мы паказваем беларусам, што дзяржава можа быць іншай.
Наступным крокам мусіць стаць легітымацыя гэтай альтэрнатыўнай сістэмы ўлады. А гэта немагчыма без міжнароднага прызнання. Я хацела б папрасіць вас, нашыя дарагія сябры, падняць гэтае пытанне ў вашых парламентах і парламенцкіх асамблеях.
Я вітаю нядаўнюю рэзалюцыю, прадстаўленую Петрасам Аўштравічусам і падтрыманую ўсімі фракцыямі Еўрапарламента. У ёй дэмакратычная Беларусь дакладна вызначана як стратэгічны саюзнік і партнёр ЕС. Аднак пакуль гэта «мяккае права» – і яго трэба ператварыць у закон, абавязковы для выканання. Парламентам трэба выкарыстоўваць свой уплыў, каб заахвоціць нацыянальныя ўрады да дзеяння.
Ёсць яшчэ два напрамкі, у якіх патрэбныя тэрміновыя крокі: дапамога палітвязням і падтрымка беларусаў у выгнанні.
Па-першае, палітычныя вязні. Афіцыйна прызнаных палітвязняў не менш за 1500, але рэальная лічба значна вышэйшая і расце з кожным днём. Людзей затрымліваюць за тое, што яны пішуць каментары ў Instagram, спяваюць украінскія песні ці нават за тое, што размаўляюць на беларускай мове.
Зусім нядаўна да 4 год пазбаўлення волі прысудзілі Аляксандра Манцэвіча з «Рэгіянальнай газеты». Тры музыканты з гурта Tor Band атрымалі ад 7,5 да 9 гадоў пазбаўлення волі за свае пратэсныя песні.
Палітычныя зняволеныя праходзяць праз сапраўднае пекла. Іх месяцамі трымаюць у карцэрах і адзіночных камерах. Пра свайго мужа Сяргея я нічога не чула з сакавіка. Я не ведаю дакладна, ці жывы ён увогуле. Такая ж сітуацыя з Марыяй Калеснікавай, Віктарам Бабарыкам і многімі іншымі. Многія з іх знаходзяцца ў цяжкім стане і могуць не дажыць да вызвалення.
Нам трэба працягваць ціск на рэжым і патрабаваць неадкладнага вызвалення палітвязняў. Я ўдзячная ўсім, хто ўжо ўзяў шэфства над імі. Амаль 1000 чалавек ужо адбылі свой тэрмін і маюць патрэбу ў рэабілітацыі.
Другі напрамак – падтрымка беларусаў у выгнанні. Прысутны тут Поль Галес зрабіў бліскучы даклад у ПАРЕ па гэтым пытанні. Сотні тысяч людзей пакінулі Беларусь з-за рэпрэсій. Цяпер яны з-за новага ўказу Лукашэнку не могуць ні вярнуцца дадому, ні падоўжыць свае дакументы за мяжой.
Тут неабходна комплекснае рашэнне. Гэта і выдача пашпартоў замежніка, і падаўжэнне відаў на жыхарства, і спрашчэнне працэдур легалізацыі. З нашага боку мы рыхтуемся да выдачы новага беларускага пашпарта па прыкладзе краін Балтыі ў часы савецкай акупацыі. Я прашу вас падтрымаць і ўхваліць гэты праект і ў вашых парламентах.
Дарагія сябры,
Запрашаю вас далучыцца да Міжнароднага дня салідарнасці 12 лістапада. У гэты дзень тры гады таму ў Мінску бандытамі Лукашэнкі быў забіты 31-гадовы Раман Бандарэнка. Гэтая дата – важкая падстава нагадаць свету пра Беларусь. Я прапаную вам выступіць з заявамі ад імя вашых групаў. Вы можаце зрабіць твіт ці ўзяць шэфства над палітвязнем, падняць над сваімі будынкамі беларускія бел-чырвона-белыя сцягі. Паверце, любая праява салідарнасці мае значэнне.
Сёння, калі Беларусь не стаіць на першым месцы ў сусветным парадку дня, нам асабліва патрэбныя такія агульныя намаганні. Я ўпэўненая, што аднойчы наша настойлівасць прынясе нам перамогу. І, самае галоўнае, дасць беларусам свабоду.
Дзякуй. Жыве Беларусь!»