«Дарагія беларусы,
Шаноўныя нямецкія сябры,
Тут, за маёй спінай, трыццаць пяць гадоў таму праходзіла мяжа між свабодным светам і савецкай імперыяй – тагачасным варыянтам «русского міра».
Тады нямецкі народ быў падзелены на дзве часткі – сітуацыя, добра знаёмая беларусам. Каб пабачыць сваіх блізкіх, ці проста каб глынуць вольнага паветра людзі былі вымушаныя ўцякаць на Захад праз калючы дрот, пад стрэламі памежнікаў. 140 чалавек было тут забіта – толькі за тое, што яны імкнуліся да свабоды.
Сёння мы з вамі знаходзімся ў свабодным свеце, хаця апынуліся тут не па ўласнай волі. Але большасць беларусаў, таксама не па ўласнай волі, жывуць пад фактычнай акупацыяй з боку прарасейскага рэжыму. Камеры лукашэнкаўскіх турмаў нічым не адрозніваюцца ад колішніх катоўняў ГДР-аўскай «Штазі».
Дыктатары думаюць, што пры дапамозе гвалту і турэмных тэрмінаў могуць задушыць жаданне людзей жыць у свабодзе. Яны памыляюцца. Ведаеце, мяне моцна ўразілі апошнія словы галоўнага рэдактара «Рэгіянальнай газеты» Аляксандра Манцэвіча, якому на мінулым тыдні прысудзілі 4 гады калоніі. Ён сказаў: «Майго дзеда расстралялі за Беларусь, а я пабаюся вашых чатырох гадоў? Ніколі».
Мне шкада, што тэмы палітвязняў стала менш чуваць на міжнародным парадку дня. Нават пра Манцэвіча мала хто напісаў з замежных СМІ. Арышты становяцца нормай, і мы да іх пачынаем прывыкаць. Таму я асабліва ўдзячная вам, што вы нагадваеце нямецкім палітыкам пры тых, хто за кратамі. Я ўдзячная прысутным тут прадстаўнікам Libereco за вашую кампанію ў падтрымку палітвязняў. Сёння, падчас сустрэчы з парламенцкімі групамі, тэма дапамогі палітвязням была цэнтральнай тэмай.
Таксама сёння падчас сустрэчы, палітыкі казалі, што вельмі мала інфармацыі пра сітуацыю ў Беларусі. Я хацела б папрасіць вас, беларусаў Нямеччыны, паспрыяць у гэтай справе: перакладайце навіны пра Беларусь на нямецкую, дасылайце дэпутатам інфармацыю, падказвайце ім, што яшчэ можна зрабіць. Таксама працуйце з журналістамі – калі будзе больш інфармацыі ў прэсе, то і палітыкі будуць дзейнічаць больш рашуча.
Мітынгі, пікеты, сустрэчы з дэпутатамі, выступы на канферэнцыях – паўсюль павінна гучаць Беларусь. Рэгіструйцеся на публічных падзеях самі ці ад сваіх арганізацый і задавайце палітыкам і экспертам пытанні пра Беларусь. Арганізоўвайце беларускія канцэрты, выставы. Беларусь ні ў якім разе не павінна сыходзіць з павесткі дня.
Тут, у Бундэстагу, ужо працуе група сяброў дэмакратычнай Беларусі. А сёння мы запусцілі працу міжнароднага Альянсу парламенцкіх групаў, у які ўвайшлі дэпутаты з 22 краін. Гэта нашы саюзнікі ў прасоўванні беларускага пытання, але зноў жа – ім трэба падказкі, што рабіць, і рэгулярная інфармацыя.
Таксама, парламентары вельмі цёпла ўспрынялі ідэю еўрапейскай будучыні для Беларусі. Некаторыя казалі – нарэшце! На жаль, на працягу дзесягоддзяў Беларусь успрымалі як частку расійскай сферы ўплыву. Цяпер гэта мяняецца. Неўзабаве, разам з беларускімі дэмакратычнымі сіламі, мы запусцім кампанію за еўрапейскі выбар для Беларусі, і я прашу вас далучыцца. Гэта патрэбна таксама для таго, каб нас не клалі ў адзін кошык з Расіяй і не ўводзілі нікому не патрэбных банаў.
У Міністэрстве замежных спраў сёння я падымала пытанне пашпартоў і легалізацыі беларусаў у Нямеччыны. Я ведаю, што гэта закранула кожнага з вас. Мяне запэўнілі, што Нямеччына будзе прызнаваць пратэрмінаваныя пашпарты, і зараз шукаюць магчымасць працягу тэрмінаў ВНЖ і выдачы пашпартоў замежніка. Гэтаксама я прасіла не патрабаваць ад беларусаў апастыль і даведкі аб несудзімасці – гэта нонсэнс. Спадзяюся, Германія пойдзе нам насустрач.
Заўтра ў міністэрстве ўнутраных справаў я падыму пытанне, што вельмі доўга трэба чакаць дакументаў на ВНЖ і на прытулак. Я прапаную стварыць рабочую групу па вырашэнні праблемаў беларусаў у Нямеччыне, як мы гэта зрабілі ў іншых краінах. Гэта дазволіць нам хутка вырашаць праблемы, якія з’яўляюцца.
Мы працягваем працу па вырабе новых беларускіх пашпартоў. Пакуль яшчэ рана казаць, як ён будзе працаваць ці хто яго прызнае. Калі будуць гатовыя ўзоры, мы разашлем іх усім урадам і толькі тады пачнем кампанію па іх прызнанні, і я буду прасіць вашай падтрымкі ў гэтым.
Нас будуць слухаць толькі тады, калі мы будзем гаварыць адным голасам. Тая структура дэмакратычных сілаў, якая ёсць цяпер – гэта і Аб’яднаны Пераходны Кабінет, Каардынацыйная Рада, Народныя амбасады – яна, можа быць, неідэальная. Але гэта інструменты, якія здольныя дапамагчы нам вырашаць канкрэтныя пытанні.
Я прашу вас далучацца да працы гэтых структур, і запрашаю ўдзельнічаць у выбарах у Каардынацыйную раду. Ваш удзел дапаможа зрабіць Каардынацыйную Раду сапраўды эфектыўнай і ўплывовай структурай.
Таксама Павел Лібер рыхтуе абнаўленне платформы «Новая Беларусь». У ёй будуць інструменты для каардынацыі нашай дзейнасці, а таксама большага ўдзелу дыяспары ў працы дэмакратычных сілаў. Далучайцеся.
Дарагія сябры,
Напрыканцы я хачу сказаць вам адно: Берлінскі мур падаў хутка і неспадзявана. Ніхто не чакаў змены. Мы таксама павінны быць гатовыя да такога павароту падзей.
Калі адкрыецца новае вакно магчымасцяў, трэба быць гатовымі ім скарыстацца. Мець гатовыя палітычныя інстытуты. Мець падрыхтаваныя праекты рэформаў і канстытуцыі. Мець саюзнікаў і ўплыў на міжнароднай арэне. Прашу вас рыхтавацца да гэтага моманту, аб’ядноўвацца самім і ўцягваць у працу іншыя ініцыятывы.
Яшчэ раз дзякую ініцыятыве «Разам», ініцыятыве «Лібэрэка», Народным Амбасадам. Дзякуй усім беларусам Нямеччыны і ўсім, хто не апускае рук. І дзякуй Германіі і нямецкаму народу – за салідарнасць і падтрымку.
Шлях да свабоды можа быць доўгі і складаны, але гэта адзіны правільны шлях. І толькі разам мы зможам яго адолець.
Жыве Беларусь!»