«Віншую Анджэя Пачобута і Мзію Амаглабелі з атрыманнем Прэміі Сахарава за свабоду думкі!
Анджэй Пачобут — прыклад прафесійнасці і мужнасці. Ён застаўся верным сваім перакананням, нягледзячы на ціск і турму. Гады зняволення не зламалі яго, а зрабілі яшчэ мацнейшым. Анджэй стаў сімвалам усіх беларускіх журналістаў і грамадзянаў, якія не баяцца гаварыць праўду.
Цягам апошніх месяцаў мы разам з нашымі сябрамі ў Еўрапейскім парламенце вялі кампанію за падтрымку кандыдатуры Анджэя. Я вельмі ўдзячная ўсім, хто падтрымаў яго кандыдатуру. Гэта ўзнагарода — важны знак падтрымкі тым, хто сёння за кратамі. І сігнал уладам, што дэмакратычны свет бачыць іх прагу да свабоды і не ігнаруе несправядлівасць.
Віншую таксама Мзію Амаглабелі з Грузіі — яе праца заслугоўвае вялікай павагі.
Абодва лаўрэаты паказваюць на асабістым прыкладзе: свабода слова і чалавечая годнасць — гэта каштоўнасці, за якія варта змагацца».