Сёння Еўрапейскі парламент прыняў рэзалюцыю «Аб сітуацыі ў Беларусі праз пяць гадоў пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў». Гэты дакумент пацвярджае працяг падтрымкі дэмакратычных сілаў Беларусі, заклікае да вызвалення ўсіх палітвязняў і патрабуе правядзення новых свабодных выбараў пад міжнародным назіраннем.
Рэзалюцыя асуджае рэпрэсіі, удзел рэжыму ў вайне супраць Украіны і патрабуе ўзмацнення санкцыяў супраць вінаватых. Еўрапарламент заклікаў ЕС забяспечыць доўгатэрміновую падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці, незалежных медыя, студэнтаў і прафесіяналаў у выгнанні, а таксама расследаваць злачынствы супраць чалавечнасці, учыненыя рэжымам.
Рэзалюцыя паўтарае, што не прызнае Аляксандра Лукашэнку законным прэзідэнтам Беларусі і пацвярджае сваю падтрымку беларускіх дэмакратычных сіл пад кіраўніцтвам Святланы Ціханоўскай і дэмакратычных імкненняў беларускага народа; заклікае ЕС і яго дзяржавы-члены супрацоўнічаць з краінамі, якія не ўваходзяць у ЕС, каб умацаваць палітыку непрыняцця Лукашэнкі як прэзідэнта Беларусі; падкрэслівае важнасць працяглага ўзаемадзеяння ЕС з беларускімі дэмакратычнымі актарамі, забяспечваючы, каб іх намаганні атрымлівалі палітычную, фінансавую і бяспековую падтрымку.
Заклікае ЕС і яго дзяржавы-члены працягваць падтрымку беларускіх дэмакратычных сіл, грамадзянскай супольнасці, студэнтаў, даследчыкаў, журналістаў, лідараў прафсаюзаў, прафесіяналаў у выгнанні і іншых, уключаючы прадастаўленне віз, стыпендый, грантаў, магчымасцей для наладжвання сувязяў і мер для забеспячэння іх бяспекі; заклікае гарантаваць незалежным СМІ сістэмную і шматгадовую дапамогу, уключаючы фінансаванне, а таксама ўмацаваць нарошчванне патэнцыялу ключавых дэмакратычных структур, уключаючы Офіс абранага прэзідэнта Святланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны Кабінет, Каардынацыйную раду і дэмакратычныя палітычныя партыі.
Святлана Ціханоўская:
«Мы вельмі ўдзячныя за прынятую рэзалюцыю — яна дэманструе салідарнасць Еўрапейскага парламента з беларускім народам і гэта важны крок у нашай барацьбе за свабоду. Але важна, каб яна стала кіраўніцтвам да дзеяння — канкрэтнымі крокамі, якія еўрапейскія ўрады могуць зрабіць для рэальнай падтрымкі Беларусі. І менавіта да гэтага я заклікала сёння ў Страсбургу».