• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Візіт у Нідэрланды, сустрэча па пытаннях легалізацыі беларусаў у Польшчы. Вынікі працы Офіса Святланы Ціханоўскай 13–19 кастрычніка

    20 кастрычніка, 2025

    ВІЗІТ У НІДЭРЛАНДЫ
    Святлана Ціханоўская правяла працоўны візіт у Нідэрланды. У межах візіту беларуская лідарка сустрэлася з амбасадарамі больш чым дваццаці краінаў Еўрасаюза, з новым міністрам замежных справаў Нідэрландаў Дэвідам ван Вілам. Таксама Ціханоўская прыняла ўдзел у кангрэсе Партыі еўрапейскіх сацыял-дэмакратаў (PES), дзе падзялілася беларускім досведам барацьбы за дэмакратыю, і выступіла з лекцыяй, арганізаванай Raam op Rusland. 

    Падчас візіту Святлана Ціханоўская сустрэлася з беларускай дыяспарай у Амстэрдаме. 

    Фотарэпартаж.

    ВІЗІТ У ЛЮКСЕМБУРГ

    Святлана Ціханоўская наведала Люксембург па запрашэнні прэм’ер-міністра Ксаўе Бетэля, дзе ўзяла ўдзел у сустрэчы міністраў замежных справаў ЕС. Мэта візіту — дамагчыся большай падтрымкі дэмакратычнай Беларусі, заклікаць Еўропу патрабаваць ад рэжыму свабодных выбараў, вызвалення палітвязняў і спынення ўдзелу ў вайне супраць Украіны.

    СУСТРЭЧЫ ПА ПЫТАННЯХ ЛЕГАЛІЗАЦЫІ БЕЛАРУСАЎ У ПОЛЬШЧЫ

    10 і 13 кастрычніка ў Варшаве прайшлі дзве сустрэчы, прысвечаныя пытанням легалізацыі і прававога статусу грамадзянаў Беларусі ў Польшчы. З беларускага боку ўдзельнічалі прадстаўнікі Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, Офіса Святланы Ціханоўскай, Каардынацыйнай Рады і іншыя. З польскага боку — прадстаўнікі Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі, Міністэрства замежных справаў і Упраўлення па справах замежнікаў. 

    Бакі абмеркавалі працэдуру міжнароднай абароны, магчымасць выдачы польскіх праязных дакументаў, прызнанне і атрыманне неабходных дакументаў, а таксама выпадкі пераследу беларусаў праз Інтэрпол. Польскі бок пацвердзіў гатоўнасць да супрацоўніцтва і працяг сумеснай працы дзеля пошуку доўгатэрміновых прававых і гуманітарных рашэнняў.

    СВЯТЛАНА ЦІХАНОЎСКАЯ ДА ДНЯ МАЦІ

    14 кастрычніка ў Беларусі адзначаюць Дзень маці. Святлана Ціханоўская з гэтай нагоды павіншавала ўсіх матуль: «Я ад усёй душы зычу кожнай маме ў Беларусі і за яе межамі як мага хутчэй абняць сваіх дзяцей. Каб гэтыя абдымкі былі доўгімі, як чаканне, і цёплымі, як мацярынская любоў. Каб у кожным доме зноў гучаў смех, а Беларусь адчула сябе адной вялікай сям’ёй, у якой пануе любоў». 

    СВЯТЛАНА ЦІХАНОЎСКАЯ З НАГОДЫ РУЖОВАГА КАСТРЫЧНІКА

    Кастрычнік штогод становіцца месяцам, калі ва ўсім свеце гавораць пра прафілактыку і лячэнне раку малочнай залозы. З гэтай нагоды Святлана Ціханоўская ў сваім відэа ўзгадала пра важнасць своечасовых абследаванняў і падсвяціла праблему сістэмы аховы здароўя ў Беларусі.

    ЛЕАНІД МАРОЗАЎ ВЫСТУПІЎ З ДАКЛАДАМ АБ ПРАВАХ ЧАЛАВЕКА Ў БЕЛАРУСІ

    Дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Леанід Марозаў узяў удзел у дыскусіі пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, якая прайшла ў рамках Варшаўскай канферэнцыі АБСЕ па чалавечым вымярэнні. Удзельнікі адзначылі, што рэпрэсіі ў краіне працягваюцца, а рэкамендацыі міжнародных арганізацый застаюцца без адказу. Удзельнікі падкрэслілі, што неабходна ўзмацняць міжнародны ціск на рэжым і падтрымліваць палітвязняў.

    ПАВЕЛ ЦЕРАШКОВІЧ — ПРА СКАРАЧЭННЕ КОЛЬКАСЦІ НАВУЧАЛЬНЫХ УСТАНОВАЎ У БЕЛАРУСІ

    За апошнія 25 гадоў у Беларусі было закрыта амаль дзве тысячы ўстановаў сярэдняй адукацыі, а колькасць вучняў скарацілася амаль на паўмільёна. Дарадца Святланы Ціханоўскай па навуцы і адукацыі Павел Церашковіч пракаментаваў сітуацыю: «Пад выглядам аптымізацыі адбываецца фактычны дэмантаж сацыяльных праграмаў. Скарачэнне колькасці школ вельмі нагадвае скарачэнне сеткі медыцынскіх установаў. У абодвух выпадках фізічны доступ да гэтых паслугаў ускладняецца».

    МЕДЫЯ

    AFP (Вялікабрытанія), Washington Post (Міжнароднае), Kyiv Independent (Украіна), Mediapart (Францыя), IE Insights (Міжнароднае).

     

    Апошнія навіны