Святлана Ціханоўская падчас візіту ў Нідэрланды выступіла на кангрэсе Партыі еўрапейскіх сацыял-дэмакратаў (PES), дзе падзялілася беларускім досведам барацьбы за дэмакратыю.
У дыскусіі прынялі ўдзел віцэ-канцлер Аўстрыі Андрэас Баблер, лідар бельгійскіх сацыял-дэмакратаў Пол Маньет, дэпутатка Еўрапарламента Клара Добрэў і прэзідэнтка Rainbow Rose Даяна Бакіч. Мадэратар — дэпутат Еўрапарламента Тэйс Рэўтэн.
Святлана Ціханоўская ў сваёй прамове перад еўрапейскімі лідарамі падкрэсліла неабходнасць рашучых дзеянняў дзеля абароны дэмакратыі і свабоды:
«Ці адважымся мы рабіць, аддаваць і патрабаваць больш для дэмакратыі? Мы павінны. Мы не можам дазволіць сабе задавальняцца меншай дэмакратыяй. Свабоду лёгка страціць, але цяжка вярнуць.
Мы таксама не можам задавальняцца меншай бяспекай. Калі расійскія дроны атакуюць краіну НАТА, мы не можам адварочвацца, быццам нічога не адбылося. Многія адварочваліся, калі з’явіліся «зялёныя чалавечкі» ў Крыме. Цяпер яны з’яўляюцца на эстонскай мяжы. Наколькі мы можам адступіць, каб уміратварыць дыктатараў?
Агрэсар не павінен быць узнагароджаны за сваю бяздумнасць. Дыктатараў нельга ўміратварыць, нельга перавыхаваць».
Кангрэс PES — пляцоўка для дыялогу паміж палітычнымі лідарамі, экспертамі і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці.