У дыялогу з нямецкай міністаркай па справах Еўропы Святлана Ціханоўская ўзняла пытанні дапамогі беларускай грамадзянскай супольнасці і незалежным медыя, а таксама павелічэнне падтрымкі для рэпрэсаваных.
Асобна абмеркавалі дапамогу беларускім добраахвотнікам ва Украіне, якім Нямеччына раней перадала 5 джыпаў і мабільны шпіталь.
Міністарка анансавала падрыхтоўку дакументаў, што спросцяць легалізацыю беларусаў у Германіі. У прыватнасці, урад падрыхтуе інструкцыі для міграцыйных ведамстваў па выдачы беларусам дакументаў і пашпартоў замежніка. Таксама Ціханоўская заклікала вырашыць візавыя праблемы: павялічыць колькасць гуманітарных віз для беларусаў і спрасціць працэдуры па іх атрыманні.
Таксама лідарка распавяла пра працу дэмакратычных сілаў над праектамі рэформаў, каб падчас пераходнага перыяду Беларусь магла дапасавацца еўрастандартам, і заклікала падтрымліваць ініцыятыву еўрапейскага выбару, каб беларусы ведалі, што Еўрасаюз – альтэрнатыва «рускаму свету».
Напрыканцы сустрэчы Ціханоўская падзякавала Люрман за паслядоўную падтрымку свабоднай Беларусі і прапанавала прызначыць спецпасланніка па сувязі з дэмакратычнымі сіламі, як гэта ўжо зрабілі Швецыя, Францыя, Польшча і Эстонія.