ВЫСТУП Ў ПАЛАЦЕ ДЭПУТАТАЎ ЛЮКСЕМБУРГА
22 кастрычніка Святлана Ціханоўская выступіла ў Палаце дэпутатаў Люксембурга на сумеснай сустрэчы з кіраўніцтвам парламента і Камітэтам па замежных справах. У ёй удзельнічалі віцэ-спікер Андрэ Баулер, кіраўнік групы «За дэмакратычную Беларусь» Поль Галес і дэпутаты розных палітычных партый.
Асноўныя тэмы сустрэчы:
– Вызваленне палітвязняў і спыненне рэпрэсій.
– Дапамога рэпрэсаваным беларусам.
– Праблемы беларусаў за мяжой.
– Беларуская мова і культура.
– Еўрапейская перспектыва Беларусі.
– Падтрымка Украіны.
– Парламенцкае супрацоўніцтва.
СУСТРЭЧА З САКРАТАРОМ СУПОЛЬНАСЦІ ДЭМАКРАТЫЯЎ
21 кастрычніка беларуская лідарка сустрэлася з генеральным сакратаром Супольнасці Дэмакратыяў (Community of Democracies) Мантасам Адоменасам. Святлана Ціханоўская падзякавала Адоменасу за падтрымку беларусаў, кампанію па вызваленні рэжысёра Андрэя Гнёта, супрацоўніцтва з беларускімі дэмакратычнымі інстытутамі.
Падчас сустрэчы абмеркавалі:
– прасоўванне праблемы транснацыянальных рэпрэсіяў у міжнародных арганізацыях і форумах, у тым ліку ў Берліне ў лістападзе. Ціханоўская перадала даклады, падрыхтаваныя Офісам Святланы Ціханоўскай і праваабаронцамі з рэкамендацыямі да ўрадаў,
– правядзенне адукацыйнай праграмы пры ўдзеле Супольнасці Дэмакратыяў для маладых беларусаў, а таксама развіццё акадэміі жаночага палітычнага лідарства,
– супрацоўніцтва з краінамі Лацінскай Амерыкі, якія ўваходзяць у Супольнасць Дэмакратыяў, у тым ліку з Панамай, якая цяпер старшынюе ў Супольнасці Дэмакратыяў, Коста-Рыкай, Сальвадорам, Мексікай, Чылі, Уругваем,
– падтрымку беларускіх медыя і незалежных журналістаў, а таксама праекты па барацьбе з прапагандай і праекты на ўмацаванне беларускай ідэнтычнасці, папулярызацыю беларускай культуры і спадчыны ў ЕС.
СУСТРЭЧА З ЖАНЧЫНАМІ-АМБАСАДАРКАМІ ШАСЦІ КРАІН
20 кастрычніка ў Варшаве адбылася нефармальная сустрэча Святланы Ціханоўскай з амбасадаркамі Вялікабрытаніі, Канады, Фінляндыі, Люксембурга, Іспаніі і Швецыі. Сустрэчу арганізавала амбасадарка Вялікабрытаніі Мелінда Сіманс. Яна стала працягам дыялогу, распачатага падчас сустрэчы з амбасадаркамі ў чэрвені гэтага года.
Падчас сустрэчы абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі, вызваленне і падтрымку палітвязняў, працу Міжнароднага гуманітарнага фонду, а таксама далейшую падтрымку беларускіх журналістаў, праваабаронцаў, рэпрэсаваных і палітвязняў. Асобную ўвагу надалі праблемам беларусаў у выгнанні, у тым ліку пытанням дакументаў, міжнароднай супрацы і падтрымцы беларускіх ініцыятыў. Сярод іншага, Ціханоўская распавяла пра Акадэмію жаночага палітычнага лідарства, пры ўдзеле Офіса Святланы Ціханоўскай.
УДЗЕЛ У ЦЫРЫМОНІІ «ЗАЛАТЫЯ ЛАЎРЫ»
20 кастрычніка ў Варшаве адбылася цырымонія ўручэння прэміі «Залатыя лаўры» (Złote Laury). Адным з галоўных герояў вечара стаў беларуска-польскі журналіст, былы палітвязень Анджэй Пачобут, якога ўшанавалі як чалавека года. У цырымоніі ўзялі ўдзел Анджэй Пачобут, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, намеснік кіраўніцы АПК Павел Латушка і Святлана Ціханоўская.
У сваёй прамове Святлана Ціханоўская падзякавала Польшчы за падтрымку беларусаў. Асобную ўвагу Ціханоўская надала вызваленню палітвязняў. Яна падзякавала Польшчы за прынцыповую пазіцыю і падтрымку палітвязняў і заклікала міжнародных партнёраў працягваць ціск на рэжым Лукашэнкі і адначасова падтрымліваць беларускі народ.
УДЗЕЛ У IGRZYSKA WOLNOŚCI
25 кастрычніка Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у Igrzyska Wolności — «Гульнях свабоды» ў Лодзі. Гэты фестываль ідэй арганізуе польскі фонд Liberté! Ён збірае палітыкаў, журналістаў, даследчыкаў і дзеячаў культуры для дыскусій пра дэмакратыю і будучыню грамадства.
У размове з журналісткай Агнешкай Ліхнеровіч і гасцямі фестывалю Ціханоўская абмеркавала вызваленне палітвязняў, падтрымку беларусаў і адносіны з Польшчай.
СУСТРЭЧА З РЭКТАРАМ ЕЎРАПЕЙСКАГА ГУМАНІТАРНАГА ЎНІВЕРСІТЭТА
21 кастрычніка ў Варшаве Святлана Ціханоўская ўпершыню сустрэлася з рэктарам Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Вілюсам Шадаўскасам. У сустрэчы таксама браў удзел старшыня кіроўнай рады ўніверсітэта Мантас Адоменас.
Абмеркавалі развіццё беларускіх праграмаў у межах універсітэта, выкладанне беларускай мовы, большае ўключэнне беларусаў у працэс прыняцця рашэнняў, а таксама правядзенне ў найбліжэйшы час кансультацый пра будучыню універсітэта з прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай і акадэмічнай супольнасці. Раней Ціханоўская накіравала ліст кіраўніцтву ўніверсітэта з прапановамі ад беларускай супольнасці па яго развіцці.
СУСТРЭЧА З КІРАЎНІКОМ МІЖНАРОДНЫХ СУВЯЗЯЎ КАМАНДЫ ВЕНЕСУЭЛЬСКАЙ ДЭМАКРАТЫЧНАЙ ЛІДАРКІ
20 кастрычніка ў Офісе Святланы Ціханоўскай у Вільні адбылася сустрэча дарадцы па дыпламатычных пытаннях Дзяніса Кучынскага з Педра Уручурту, кіраўніком міжнародных сувязяў каманды венесуэльскай дэмакратычнай лідаркі Марыі Карыны Мачада.
Галоўнай тэмай сустрэчы стала пашырэнне супрацоўніцтва з Венесуэлай і іншымі краінамі Лацінскай Амерыкі. Бакі дамовіліся развіваць кантакты з палітыкамі, парламентарыямі і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці рэгіёну пры падтрымцы венесуэльскіх партнёраў, а таксама рыхтаваць сумесныя мерапрыемствы з удзелам Марыі Карыны Мачада.
Сярод ініцыятываў, над якімі плануецца працаваць:
– Правядзенне ў 2027 годзе сумеснай парламенцкай канферэнцыі «Два шляхі да свабоды: Венесуэла і Беларусь супраць дыктатуры».
– Арганізацыя экспертных сустрэч з прадстаўнікамі Лацінскай Амерыкі, прысвечаных дэмакратычнаму пераходу, пераадоленню наступстваў дыктатуры і прыцягненню вінаватых у рэпрэсіях да адказнасці.
– Пашырэнне сувязяў з парламентамі, праваабарончымі арганізацыямі, універсітэтамі і незалежнымі медыя рэгіёну, а таксама правядзенне сумесных мерапрыемстваў у краінах Лацінскай Амерыкі.
СУСТРЭЧА З АМБАСАДАРАМ СЕБАСЦЬЯНАМ КЛЕЦІКАМ
21 кастрычніка ў Канцылярыі прэзідэнта Рэспублікі Польшча Дзяніс Кучынскі разам з намесніцай кіраўніка Дэпартамента міжнароднага супрацоўніцтва, адказнай за польскі кірунак, Станіславай Гліннік сустрэўся з амбасадарам Себасцьянам Клецікам.
Падчас сустрэчы абмеркавалі:
– Калядны прыём. Польскі бок пацвердзіў, што захавае традыцыю каляднага прыёму ў гонар беларусаў у рэзідэнцыі Бельведэр, пачатую пры прэзідэнце Анджэе Дудзе. Чарговая сустрэча адбудзецца на бліжэйшыя Каляды, што стане важным сімвалам салідарнасці.
– Абмеркаваны супольныя праекты, у тым ліку — пераклады твораў Сяргея Пясецкага, спартыўныя ініцыятывы і фармаванне календара падзей, прысвечаных супольнай гісторыі.
– Гістарычная памяць: Бакі падкрэслілі важнасць захавання спадчыны Рэчы Паспалітай і супольных герояў Беларусі, Польшчы і Літвы, якія аб’ядноўваюць нашы народы.
– Беларуская дыяспара: Адзначана важнасць захавання добразычлівага стаўлення да беларусаў, якія працуюць і вучацца ў Польшчы ды з’яўляюцца актыўнай часткай польскага грамадства.
СУСТРЭЧА З КІРАЎНІКОМ ПАЛІТЫЧНАГА КАБІНЕТА ПРЭМ’ЕР-МІНІСТРА ПОЛЬШЧЫ
21 кастрычніка дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях дыпламатыі Дзяніс Кучынскі правёў сустрэчу ў Канцылярыі прэм’ер-міністра Польшчы з Паўлам Грасем. Галоўнымі тэмамі абмеркавання сталі падтрымка беларусаў у Польшчы, сітуацыя з палітычнымі рэпрэсіямі ў Беларусі, а таксама рэгіянальнае супрацоўніцтва ва ўмовах крызісу.
Ключавую ўвагу беларускі бок надаў практычным пытанням, з якімі сутыкаюцца беларусы ў Польшчы:
– Легалізацыя і дакументы: атрыманне відаў на жыхарства, працэдуры атрымання міжнароднай абароны і выдача праязных дакументаў.
– Прававы статус: магчымасці легальна жыць, вучыцца і працаваць у краіне.
ВЫСТУП НА СУСТРЭЧЫ «ШМАТГРАННЫ ГОРАД»
17 кастрычніка Юлія Юхно, дырэктарка Цэнтра беларускай дэмакратычнай супольнасці і кіраўніца Народнай Амбасады Беларусі ў Італіі, выступіла на сустрэчы «Шматгранны горад» (Una città molteplice), арганізаванай муніцыпалітэтам Прата ў межах цыкла мерапрыемстваў «Прата — горад за мір». Галоўнымі тэмамі сустрэчы сталі пытанні міру, узброеных канфліктаў, міжнароднай бяспекі, інтэграцыі і суіснавання розных супольнасцяў.
Падчас выступу Юлія Юхно распавяла пра актуальную сітуацыю ў Беларусі і дзейнасць беларускай дэмакратычнай супольнасці ў Італіі. Асобную ўвагу яна надала пытанням інтэграцыі беларусаў у мясцовае грамадства, а таксама магчымасцям развіцця супрацоўніцтва з італьянскімі ўладамі і грамадскімі арганізацыямі.
СУСТРЭЧА З ПРАДСТАЎНІЦАЙ КАНГРЭСА РАДЫ ЕЎРОПЫ У БЕЛАРУСКІМ ШЭЛТАРЫ У ІТАЛІІ
17 кастрычніка Белінда Гатардзі, сябра Кангрэса мясцовых і рэгіянальных улад Рады Еўропы і адказная за дыялог з дэмакратычнымі сіламі Беларусі, наведала Цэнтр беларускай дэмакратычнай супольнасці ў Сеста-Фіярэнціна і шэлтар для беларусаў у Мантэлупа-Фіярэнціна. Падчас візіту Юлія Юхно, дырэктарка Цэнтра беларускай дэмакратычнай супольнасці і кіраўніца Народнай Амбасады Беларусі ў Італіі, распавяла пра дзейнасць арганізацыі і падтрымку беларусаў, вымушаных пакінуць сваю краіну.
Важнай часткай візіту стала сустрэча з жыхарамі шэлтара. Беларусы падзяліліся асабістымі гісторыямі, распавялі пра свае патрэбы, цяжкасці і спадзяванні на будучыню. Сустрэча дала магчымасць непасрэдна абмеркаваць становішча людзей, якія былі вымушаныя пакінуць Беларусь і цяпер будуюць новае жыццё ў Італіі.
ПАКАЗ ФІЛЬМА «NOT MADE FOR POLITICS»
21 кастрычніка Святлана Ціханоўская далучылася да паказу дакументальнага фільма Волі Чайкоўскай «Not Made for Politics» («Не створаныя для палітыкі») на міжнародным кінафестывалі CinEast у Люксембургу. Фільм здымалі на працягу пяці гадоў. Ён расказвае пра беларускіх жанчын, якія ніколі не планавалі займацца палітыкай, але сталі лідарамі барацьбы за свабоду.
Пасля паказу Ціханоўская ўзяла ўдзел у дыскусіі «Беларусь на раздарожжы» разам з дэпутатам парламента Люксембурга Полем Галесам.
СВЯТЛАНА ЦІХАНОЎСКАЯ — ДА ДНЯ БАЦЬКІ
14 кастрычніка Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў з нагоды Дня бацькі:
«На жаль, сёння не ўсе беларускія таты могуць быць побач са сваімі дзецьмі. Хтосьці знаходзіцца за кратамі па палітычных матывах, хтосьці быў вымушаны з’ехаць з краіны, а хтосьці з’ехаў на заробкі, каб забяспечыць сям’ю, і цяпер прапускае, як растуць яго дзеці. У кожнага свая гісторыя, але ўсіх аб’ядноўвае адно — жаданне быць побач са сваімі роднымі. Хочацца, каб кожны тата мог абняць сваіх дзяцей, пачуць, як прайшоў іх дзень, разам пасмяяцца і не прапускаць важныя моманты іх жыцця».
НОЧ РАССТРАЛЯНЫХ ПАЭТАЎ — 2026
У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў Мінску супрацоўнікі НКВД расстралялі больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, сярод якіх былі паэты, пісьменнікі, навукоўцы і грамадскія дзеячы. Сёлета ў розных гарадах пройдуць паэтычныя чытанні, спектаклі, лекцыі і акцыі памяці. Офіс падрыхтаваў спіс мерапрыемстваў, да якіх можна далучыцца.
БЕЛСАТ NEWS (Беларусь), Publico Brasil (Бразілія), Polskie Radio (Польшча), Polskie Radio 24 (Польшча).
