«Паважаная прафесар Шэшэльгіце,
Дзякуй, што прадставілі мяне. Некалькі тыдняў таму мы ўжо сустракаліся тут, у вашым інстытуце, каб абмеркаваць, як палепшыць літоўска-беларускія адносіны. Сёння мы абмяркуем, як садзейнічаць свабодзе СМІ. Думаю, з вашай дапамогай мы можам прынесці пазітыўныя змены ў шмат якія аспекты жыцця.
Я хачу падзякаваць усім арганізатарам гэтага цудоўнага мерапрыемства: пасольству Фінляндыі, Ірландыі і Нарвегіі, а таксама Беларускай і Літоўскай асацыяцыі журналістаў. Мы будзем абмяркоўваць вельмі важную тэму.
Паважаны міністр Сурвіла,
У вашай асобе я хачу падзякаваць літоўскаму ўраду і літоўскаму народу за вашую падтрымку і салідарнасць. Тысячы беларускіх актывістаў і журналістаў знайшлі тут прытулак. Я – адна з іх. Паверце мне, беларусы ніколі гэтага не забудуць.
Паважаны міністр Бэрк і амбасадар МакХ’ю,
Вы ведаеце, Ірландыя займае асаблівае месца ў маім сэрцы, і я ўдзячная вашай краіне за тое, што вы прынялі тысячы беларускіх дзяцей па чарнобыльскіх праграмах. Пасля 2020 года вы сталі адной з першых краінаў, якія падтрымалі наш рух, і я ўдзячная за вашую падтрымку незалежных СМІ, у прыватнасці, «Зеркало». Акрамя таго, дзякуй за падтрымку культурніцкіх ініцыятываў, бо ўмацаванне беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці вельмі важнае. Расія спрабуе ўзяць нашу краіну пад свой кантроль і знішчыць усё, што робіць нас беларусамі.
Я таксама хачу выказаць падзяку паслу Макканен з Фінляндыі і паслу Харпестаду з Нарвегіі. Яны далучацца да нас пазней. Дзякуй за падтрымку беларусаў. Паўночныя краіны з’яўляюцца сапраўднымі лідарамі ў свабодзе СМІ, і мы ўдзячныя за магчымасць вучыцца ў найлепшых.
Нарэшце, я хачу павітаць сапраўдных герояў сённяшняга дня – журналістаў, якія прысутнічаюць тут. Вашыя адвага і адданасць сапраўды натхняюць. Я разумею цяжкасці працы ў выгнанні і рызыкі, якія вы прымаеце на сябе, свае сем’і і сваё асабістае жыццё.
Але вашыя намаганні па данясенні праўды да людзей не будуць марнымі. Кожны дзень вашай працы набліжае нас да перамогі. «Наша Ніва», «Зеркало», «Hrodna.life», «Euroradio», «Белсат», «Радыё Свабода» і шмат іншых – вы служылі беларусам у самыя цяжкія моманты нашай рэвалюцыі і працягваеце служыць зараз. Ваша праца заслугоўвае вялізнай павагі і захаплення.
Вы – тое важнае звяно, якое аб’ядноўвае беларусаў у выгнанні і ўнутры краіны.
Многія з вашых калегаў ужо заплацілі за гэта вялікую цану. Андрэй Аляксандраў, Кацярына Андрэева, Дзяніс Івашын, Андрэй Кузнечык, Ігар Лосік, Ксенія Луцкіна, Павел Мажэйка, Анджэй Пачобут, Ларыса Шчыракова, Ірына Слаўнікава, Марына Золатава і многія іншыя – 33 журналіста і іншых супрацоўнікаў медыя знаходзяцца ў лукашэнкаўскіх турмах.
Мы не спынімся, пакуль не будзе вызвалены кожны з іх і ўсе палітычныя вязні. Калі Лукашэнка думае, што рэпрэсіі не дадуць наступіць пераменам у Беларусі, ён памыляецца.
Мяне ўразіла апошняе слова галоўнага рэдактара «Рэгіянальнай газеты» Аляксандра Манцэвіча. На мінулым тыдні яго прыгаварылі да чатырох гадоў зняволення. Ён сказаў: «Майго дзеда за Беларусь расстралялі, а вы думаеце, што зможаце напалохаць мяне сваімі чатырма гадамі? Ніколі».
Жадаю ўсім нам такой жа мужнасці. І жадаю ўсім нам прайсці праз гэтыя цяжкія часы і вярнуцца дадому.
Дарагія сябры,
Нашая барацьба за свабоду цяжкая, але ў нас няма іншага шляху. Я не ведаю, колькі часу яна зойме. Я не ведаю, якія яшчэ выклікі нас чакаюць. Але каб перамагчы ў гэтай барацьбе, нам патрэбныя паплечнікі.
На міжнароднай арэне ў нас ужо шмат сяброў, і яны падтрымліваюць нас. І я буду прасіць далейшай дапамогі для беларускіх незалежных СМІ. Таму што гэта не дабрачыннасць, а інвестыцыя ў бяспечную, устойлівую і мірную будучыню Еўропы.
Нам трэба супрацьстаяць расійскай прапагандзе і прапагандзе рэжыму. Так, магчыма, у іх больш рэсурсаў і інструментаў. Але ў нас ёсць лепшыя прафесіяналы, у нас ёсць моцныя паплечнікі па ўсім свеце, і ў нас ёсць перадавы досвед іншых краін. Давайце выкарыстоўваць гэты патэнцыял у поўнай меры.
Учора я была ў офісе YouTube у Берліне. Мяне запэўнілі, што зробяць усё магчымае, каб падтрымаць беларускія СМІ і даць ім інструменты, навучыць патрэбным навыкам і прадставіць рэкламныя бюджэты. Тэхналагічныя кампаніі маглі б зрабіць значна больш для свабоды СМІ ў Беларусі, і мы будзем рабіць усё магчымае, каб схіліць іх на наш бок.
Дарагія сябры, жадаю ўсім нам прадуктыўнага семінара; давайце не толькі дзяліцца болем, але і знаходзіць новыя адказы на выклікі, якія стаяць перад намі.
Дзякуй. Жыве Беларусь».