• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Выступ Святланы Ціханоўскай на Берлінскай канферэнцыі, 2023

    09 лістапада, 2023

    «Паважаны Крыстафер Кнох, дзякуй за ветлівае прадстаўленне,

    Паважаны Армін Лашэт,

    Дарагія сябры,

    Для мяне заўсёды вялікі гонар і радасць выступіць перад маладымі лідарамі Еўропы.

    Яшчэ некалькі гадоў таму я не магла ўявіць сябе на гэтым месцы. Ды і сёння мне было б больш звыкла апынуцца ў зале і слухаць іншых спікераў. Ведаеце, усе вядомыя палітыкі сучаснасці былі такімі ж маладымі лідарамі, як і вы. Толькі на ўласных досведзе, памылках і настойлівасці яны змаглі падняцца на самы высокі палітычны ўзровень.

    Адным з першых маіх візітаў у яшчэ толькі распачатую палітычную кар’еру быў візіт у Берлін. Учора мне давялося зноў прайсці праз Брандэнбургскую браму, якая кожны раз уражвае мяне, быццам я бачу яе ўпершыню.

    Гэты горад застаў жахлівую тыранію, але ў той жа час ён з’яўляецца сімвалам адзінства і свабоды. Ён прыклад таго, як хутка і раптоўна могуць адбывацца змены. І падзенне Берлінскай сцяны, гадавіна якога будзе заўтра, – цудоўнае таму пацвярджэнне.

    Я памятаю сустрэчу з канцлерам Меркель падчас майго першага візіту. Яна была такая добрая і размаўляла са мной, як з унучкай. Магчыма, яна палічыла мяне занадта ідэалістычнай ці наіўнай, калі я казала пра нашу барацьбу за свабоду. Я ўпэўненая, што часам дасведчаныя палітыкі таксама лічаць вас занадта ідэалістычнымі, але не губляйце з-за гэтага імкненне да сваіх ідэалаў. Не бойцеся марыць аб будучыні Еўропы.

    У мяне таксама ёсць мара аб Еўропе, якую мы пабудуем разам. Аб Еўропе, у якую ўваходзяць Беларусь, Украіна і Малдова. Мірнай. Квітнеючай. Вольнай ад тыраніі і прыгнёту.

    Аб Еўропе, заснаванай на каштоўнасцях свабоды, правоў чалавека і вяршэнства закона. На каштоўнасцях, якія мы ўсё падзяляем.

    Але галоўная каштоўнасць Еўропы – гэта дэмакратыя. Менавіта дэмакратыя робіць Еўропу такой прывабнай і такой паспяховай.

    У такіх свабодных краінах, як Германія, дэмакратыя – як паветра. Ты проста жывеш у ёй і атрымліваеш асалоду ад яе. Таму шмат маладых людзей успрымаюць дэмакратыю як належнае.

    Тое, што адбылося ў Польшчы ў мінулым месяцы, сапраўды дзіўнае. Мірная перадача ўлады ў выніку выбараў. Аб такім мы ў Беларусі можам толькі марыць.

    Дэмакратыя значна больш уразлівая, чым здаецца. Калі з Беларусі сышла дэмакратыя, мне было столькі, колькі зараз майму сыну. Мы нават не заўважылі, як хутка дамарослы прэзідэнт пасля прыходу да ўлады разагнаў парламент і суды і ўстанавіў дыктатуру.

    Ён звяртаўся да эмоцый людзей. Абяцаў навесці парадак. Неўзабаве ён пазбавіўся ад палітычных супернікаў, якія адважыліся кінуць яму выклік. Яны проста знікалі, не пакідаючы слядоў.

    Нам казалі: гэта не ваша справа. Ураду лепш відаць. Нам казалі: сядзіце ціха, не высоўвайцеся. І я была адной з тых, хто жыў сваім жыццём і не цікавіўся палітыкай.

    Але, як казаў Перыкл, «калі вы не цікавіцеся палітыкай, гэта яшчэ не азначае, што палітыка не цікавіцца вамі».

    Палітыка прыйшла ў маё жыццё нечакана. У 2020 годзе арыштавалі майго мужа Сяргея, які быў папулярным блогерам. Гэта здарылася адразу пасля таго, як ён аб’явіў аб сваім удзеле ў выбарах прэзідэнта.

    Каб падтрымаць яго, я вырашыла балатавацца замест яго. І зрабіла я гэта з кахання да свайго мужа.

    На маё вялікае здзіўленне, мне дазволілі зарэгістравацца ў якасці кандыдата. Можа быць, Лукашэнка не ўспрыняў мяне ўсур’ёз. Для яго гэта было несур’ёзна. Ён казаў, што наша канстытуцыя «не пад жанчыну» і што жанчына не можа быць прэзідэнтам.

    Мы даказалі, што ён меў рацыю. Ён прайграў тыя выбары, але адмовіўся сыходзіць. Дыктатар развязаў тэрор супраць уласнага народа, які з таго часу не спыняўся ні на адзін дзень.

    За нашае жаданне жыць ва ўмовах дэмакратыі мы плацім вялікую цану. Тысячы людзей патрапілі ў турмы і былі падвергнутыя катаванням. Дзясяткі былі забітыя. Гэта таксама цана за тую памылку, якую мы здзейснілі 30 гадоў таму, калі занядбалі дэмакратыю і дазволілі ўсталявацца дыктатуры ў нашай краіне.

    Не рабіце гэтай памылкі. Беражыце і абараняйце сваю дэмакратыю. Удзельнічайце ў палітычным жыцці. Не дазваляйце нікому пазбавіць вас свабодаў і правоў.

    Памятайце: страціць дэмакратыю лёгка. Адваяваць яе – складана.

    Сёння, калі дэмакратыя падвяргаецца нападкам з боку тыранаў і тэрарыстаў, як ніколі важна аб’яднацца супраць тых сіл, якія хочуць падарваць нашыя каштоўнасці.

    Барацьба за дэмакратыю – гэта не лакальная, а глабальная справа. Таму што тыранія падобная да ракавай пухліны. Калі яе не вылечыць поўнасцю, яна толькі разрасцецца і пачне паражаць іншыя краіны.

    Менавіта так і здарылася ў Беларусі. Адчуўшы беспакаранасць, рэжым Лукашэнкі стаў пагрозай не толькі для беларусаў, але і для ўсяго рэгіёна і ўсёй Еўропы. Ён стаў суагрэсарам у вайне Расіі супраць Украіны, а зараз шантажуе Захад ядзернай зброяй.

    9 мільёнаў людзей у маёй краіне сталі закладнікамі. Тысячы людзей сталі палітычнымі вязнямі. Адзін з іх – мой муж, якога прысудзілі да 19 гадоў пазбаўлення волі і пра якога я з красавіка нічога не чула. Нядаўна мая дачка спытала: «Мама, а наш тата жывы? Калі мы зможам вярнуцца дадому?».

    Нашыя дзеці заслугоўваюць нармальнага дзяцінства, без турмаў, без войнаў і ў сваёй краіне. Я хачу, каб яны ў поўнай меры зведалі дэмакратыю, якую не было магчымасці зведаць у мяне. І гэта дае мне матывацыю працягваць барацьбу.

    Я хачу, каб яны ганарыліся сваёй краінай і не думалі аб тым, каб эміграваць куды-небудзь за мяжу. Я хачу, каб яны ўзялі на сябе адказнасць за сваё жыццё і сваю будучыню.

    Я хачу, каб яны думалі крытычна і аспрэчвалі ўсё, што чуюць. І я ніколі не буду казаць ім быць як усе. Я буду казаць ім быць сабой і рабіць тое, што яны лічаць за патрэбнае.

    Дарагія сябры,

    У заключэнне я хачу падзяліцца некалькімі ўрокамі, якія я вывучыла за апошнія тры гады.

    Урок нумар адзін. Тыранаў нельга ўлагодзіць або перавыхаваць. Любыя спробы дамовіцца яны ўспрымаюць як слабасць. Дэмакратыям трэба паказваць свае зубы.

    Урок нумар два. Барацьбу за свабоду немагчыма выйграць у адзіночку. Дэмакратыя перамагае, калі мы ўсе разам супрацьстаім тыраніі, дзе б і калі б яна ні з’явілася.

     Урок трэці. Дэмакратыя – гэта не падарунак, які можна атрымаць і забыцца. Яе трэба берагчы і абараняць. Толькі калі грамадзяне актыўныя, калі яны галасуюць і пратэстуюць, калі гэта неабходна, – тады дэмакратыя будзе квітнець.

    Дарагія лідары,

    Перамога беларусаў над дыктатарскім рэжымам Лукашэнкі непазбежная.

    Перамога Украіны над расійскім імперыялізмам – гэта пытанне часу і нашай салідарнасці.

    А перамога дэмакратыі над тыраніяй – наша агульная задача і абавязак.

    Дзякуй».

    Апошнія навіны