Учора ў Бруселі дарадца Святланы Ціханоўскай па моладзевай палітыцы і студэнцтву Маргарыта Ворыхава атрымала прэмію «Маладая жанчына Еўропы 2023», якую штогод уручаюць жанчынам за прасоўванне еўрапейскіх каштоўнасцяў. Маргарыта Ворыхава прысвяціла гэтую прэмію ўсім маладым лідарам Беларусі.
«Маладыя людзі граюць вырашальную ролю ў фармаванні будучыні і абароне дэмакратыі. І гэтая ўзнагарода – пацвярджэнне велізарнага патэнцыялу і сілы, якую мае нашая моладзь. Мы разумеем, што абарона дэмакратыі не з’яўляецца нечым, што само сабою разумеецца. Гэта бесперапыннае змаганне, якое патрабуе пільнасці, непахіснай рашучасці і адвагі супрацьстаяць несправядлівасці», – адзначыла Маргарыта Ворыхава.
Напрыканцы свайго выступу яна абвясціла, што ў студзені далучыцца да Кансультатыўнай Рады ў справах моладзі пры Радзе Еўропы: «Гэтая роля дасць мне магчымасць працягваць сваю місію, узмацняць галасы моладзі і падтрымліваць барацьбу за дэмакратыю не толькі ў Беларусі, але і ва ўсіх кутках Еўропы».