• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Прамова Святланы Ціханоўскай на Форуме будучыні дэмакратыі ў Вільні, 2023

    09 лістапада, 2023

    «Дарагія прыхільнікі дэмакратыі, дарагія сябры свабоднай Беларусі,

    Перш за ўсё я хачу падзякаваць арганізатару форуму, міністру Ландсбергісу, за яго правядзенне.

    Барацьба за дэмакратыю цяжкая. Каб перамагчы ў гэтай барацьбе, нам патрэбныя моцныя лідары. І вы, шаноўны міністр, адзін з іх.

    Вы сталі сапраўдным ворагам дыктатараў усяго свету, і я думаю, гэта нагода ганарыцца.

    Для нас, беларусаў, Літва гэта не проста сусед, а сапраўдны сябар і паплечнік. Тысячы беларусаў, журналістаў і актывістаў, якія ўцякаюць ад рэпрэсій і тэрору, знайшлі тут прытулак. І я адна з іх.

    Літва падтрымлівае змагароў за свабоду не толькі ў Беларусі, але і па ўсім свеце. І я думаю, што няма месца для абмеркавання будучыні дэмакратыі лепш за Вільню – цэнтр глабальнай барацьбы за свабоду.

    Для мяне гонар падзяліць гэтую сцэну і з такім лідарам прасоўвання дэмакратыі, як Марыя Пэйчынавіч-Бурыч.

    Дарагая Марыя, год таму вы зрабілі немагчымае. Пад вашым кіраўніцтвам Рада Еўропы афіцыйна ўсталявала адносіны з дэмакратычнымі сіламі Беларусі і цалкам спыніла супрацоўніцтва з нелегітымным дыктатарам. Прытрымліваючыся вашага прыкладу, праз паўгода тое ж самае зрабіў Еўрапейскі саюз, а ў гэтым снежні мы пачнем Стратэгічны дыялог з ЗША. Вы паказалі, што нестандартныя часы патрабуюць нестандартных рашэнняў.

    Сёння разам з намі тут знаходзяцца многія абаронцы дэмакратыі з розных кантынентаў. Магчыма, паміж нашымі краінамі тысячы кіламетраў. Але нас аб’ядноўвае імкненне да абароны правоў чалавека, дэмакратыі і міру.

    Дарагія сябры,

    Барацьбу за дэмакратыю часта рамантызуюць. Мы ўсе памятаем прыгожыя фотаздымкі з масавых пратэстаў у Беларусі, калі на вуліцы выйшлі сотні тысяч людзей. Мы памятаем бясстрашных жанчын на перадавой, якія ішлі да перамогі.

    Але ёсць і іншы, больш змрочны бок нашай барацьбы: шлях да дэмакратыі, выбрукаваны болем, слязамі і пакутамі.

    Цяжка заставацца аптымістам, калі ведаеш, што аднаго з тваіх сяброў прама зараз катуе КДБ, а другога могуць прыгаварыць да смяротнага пакарання за супраціўленне дыктатуры.

    Цяжка заставацца аптымістам, калі твае сябры змушана бягуць з любімай краіны.

    І цяжка заставацца аптымістам, калі даводзіцца тлумачыць сваім дзецям, што іх тату прысудзілі да 19 гадоў турэмнага зняволення толькі таму, што ён адважыўся кінуць выклік дыктатару.

    Так, гэта цяжка. Але гэты боль, гэтыя цяжкасці не спыняць нас на нашым шляху. Гэтыя цяжкасці нават сталі часткай маёй матывацыі. Прачынаючыся кожную раніцу, я думаю пра тых, хто знаходзіцца ў турме, і пытаюся ў сябе: што я магу зрабіць сёння, каб наблізіць іх выхад на волю?

    Сёння я хачу падзяліцца некалькімі ўрокамі, якія я вывучыла за апошнія тры гады.

    Урок нумар адзін. Тыранаў нельга ўлагодзіць або перавыхаваць. Любыя спробы дамовіцца яны ўспрымаюць як слабасць. Дэмакратыям трэба паказваць свае зубы.

    Урок нумар два. Нашая барацьба глабальная. Яе немагчыма выйграць у адзіночку. Дэмакратыя перамагае, калі мы ўсе разам супрацьстаім тыраніі, дзе б і калі б яна ні з’явілася. Дазваляючы дыктатарам запалохваць свае народы, мы ствараем умовы, пры якіх яны становяцца пагрозай спачатку для суседзяў, а потым і для ўсяго свету.

    Урок трэці. Дэмакратыя гэта не падарунак, за яе трэба змагацца, яе трэба заваёўваць. І яна не застаецца з намі назаўжды. Яе могуць скрасці ў імгненне вока. Без актыўнага ўдзелу грамадзян яе не захаваць.

    Дарагія сябры,

    Перамога беларусаў над дыктатарскім рэжымам Лукашэнкі непазбежная. Перамога Украіны над расійскім рэваншызмам гэта пытанне часу і нашай салідарнасці. А перамога дэмакратыі над тыраніяй наша агульная задача і абавязак.

    Каб захаваць за сабой дэмакратычную будучыню, жыццё без прыгнёту і чалавечую годнасць нам трэба паказаць свае зубы.

    Падтрымлівайце Беларусь. Падтрымлівайце Украіну. Падтрымлівайце дэмакратычную Еўропу».

    Апошнія навіны