СТРАТЭГІЧНЫ ДЫЯЛОГ. 6-8 снежня ў Вашынгтоне праходзілі перамовы ў межах Стратэгічнага дыялогу «Беларусь-ЗША». З беларускага боку да яго далучыліся прадстаўнікі і прадстаўніцы Офіса Святланы Ціханоўскай, Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, Каардынацыйнай Рады, праваабарончай арганізацыі «Вясна», цэнтра BEROC, Беларускага прэс-клуба, арганізацыі «ЕўраБеларусь», Рабочага Руху, Асацыяцыі беларусаў у Амерыцы (ABA), Кіберпартызанаў, Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой (ABBA), а таксама незалежных медыя.
Асноўныя мэты дыялогу, якія адзначыла беларуская лідарка – вывесці супрацоўніцтва ЗША і дэмакратычных сілаў на новы ўзровень, а таксама абмеркаваць пытанні правоў чалавека і шляхі вызвалення палітзняволеных, развіццё прыватнага сектара Беларусі, пагрозы суверэнітэту нашай краіны з боку Расіі, візавую і міграцыйную праблематыку для беларусаў. Як прайшлі першы, другі і трэці дні стратэгічнага дыялогу можна даведацца па спасылках.
Па выніках Стратэгічнага дыялогу будуць створаныя працоўныя групы па напрамках: вызвалення палітвязняў, санкцыі супраць рэжыму, падтрымка медыя і грамадзянскай супольнасці. Таксама ЗША плануюць прызначыць спецпасланніка па Беларусі і пашырыць прысутнасць USAID у Вільні.
ВІЗІТ У ЗША. 4 снежня Святлана Ціханоўская наведала Ельскі ўніверсітэт, дзе выступіла перад студэнтамі ды экспертамі разам з гісторыкам Цімаці Снайдэрам.
5 снежня Святлана Ціханоўская выступіла на слуханнях па Беларусі ў Камітэце па замежных справах Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША. Паглядзець як гэта прайшло можна па спасылцы.
У Вашынгтоне беларуская лідарка атрымала прэмію імя Джорджа Буша і Маргарэт Тэтчэр «За свабоду». У сваім выступе Святлана Ціханоўская адзначыла, што прысвячае гэтую прэмію беларускім палітвязням, у тым ліку Алесю Бяляцкаму, Марыі Калеснікавай, Мікалаю Казлову, Рыгору Кастусёву, Мікалаю Статкевічу, Арцёму Лябедзьку.
Падчас візіту Ціханоўская сустрэлася з міністрам замежных справаў Вялікабрытаніі Дэвідам Кэмеранам, яны абмеркавалі магчымасць прызначэння спецпасланніка Вялікабрытаніі па Беларусі і пачатак стратэгічнага дыялогу паміж краінамі.
Прайшла сустрэча з прадстаўнікамі 8 краінаў у МВФ, дзе абмеркавалі планы па трансфармацыі беларускай эканомікі – у тым ліку пенсійная рэформа, мадэлі прыватызацыі і пераход да зялёнай эканомікі.
ПРАЕКТ ЗЯЛЕНАЙ ЭКАНОМІКІ. Цэнтр сацыяльных і эканамічных даследаванняў CASE у супрацоўніцтве з эканамічнай камандай Офіса Святланы Ціханоўскай распрацаваў Канцэпцыю зялёнай эканомікі Беларусі і прапановы рэформаў. Даведацца пра крокі да зялёнай эканомікі і падрабязней азнаёміцца з Канцэпцыяй вы можаце на сайце belarusgreeneconomy.eu/.
БЕЗВЫБАРЫ РЭЖЫМУ. 8 снежня рэжым Лукашэнкі аб’явіў аб стварэнні фонду для дадатковага фінансавання выдаткаў на падрыхтоўку і правядзенне «выбараў» у адзіны дзень галасавання. Святлана Ціханоўская пракаментавала: «Беларусам прапанавалі са сваёй кішэні заплаціць за падман, які рэжымныя чыноўнікі называюць «выбарамі». Яна падкрэсліла, што беларусы не павінны ў гэтым удзельнічаць. Таксама яна прапанавала 5 спосабаў як тут і зараз рэагаваць так званы «Адзіны дзень галасавання».
МЕЖПАРТЫЙНЫ ФОРУМ У ЕЎРАПАРЛАМЕНЦЕ. 6 снежня ў Бруселі прайшоў Міжпартыйны форум «8+100» у якім удзельнічалі спікеры Еўрапарламента, прадстаўнікі беларускіх і еўрапейскіх палітычных партыяў. Падчас Форума з прамовай выступіла Святлана Ціханоўская. Яна адзначыла, што Беларусь можа быць па-сапраўднаму свабоднай і незалежнай толькі ў межах Еўрапейскага саюза.
Падрабязней пра вынікі Форума распавёў дарадца Святланы Ціханоўскай па міжпарламенцкаму супрацоўніцтву і канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька.
МІЖНАРОДНЫ ДЗЕНЬ ВАЛАНЦЁРА. З нагоды міжнароднага дня валанцёра беларуская лідарка падзякавала ўсім беларусам, хто проста так, ад чыстага сэрца, падтрымлівае людзей навокал. Не толькі блізкіх і сяброў, але і незнаёмых. «Я з радасцю бачу, што беларуская салідарнасць не скончылася ў 2020 годзе. Яе і дагэтуль адчуваеш у кожным куточку свету, дзе знаходзяцца беларусы. Паважаныя валанцёры і валанцёркі, вы – яскравы прыклад той самай салідарнасці, пра якую ўсе гавораць. Вы і ёсць беларуская салідарнасць. Толькі разам мы зможам пабудаваць новую Беларусь – тую, дзе ініцыятыва і ўзаемадапамога вітаюцца і заахвочваюцца, а кожны і кожная адчуваюць адказнасць за краіну і робяць яе лепей», – адзначыла ў звароце Святлана Ціханоўская.
САЛІДАРНАСЦЬ З ПАЛІТВЯЗНЯМІ. 7 снежня каля Еўрапейскага Парламента прайшла акцыя ў падтрымку палітвязняў Беларусі. Яго арганізавалі прадстаўнікі палітычных партыяў Беларусі і беларускай дыяспары ў Бельгіі. У пікеце прынялі ўдзел дарадца Святланы Ціханоўскай па міжпарламенцкаму супрацоўніцтву і канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька, кіраўнік дэлегацыі Еўрапейскага Парламента па Беларусі Юозас Олекас, а таксама дэпутат Парламенту Малдовы, член дэпутацкай групы «За дэмакратычную Беларусь» Віталь Гаўрук.
НАВУКОВЫ КАНГРЭС. Дарадца Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі Таццяна Шчытцова ўзяла ўдзел у навуковым Кангрэсе ў Філадэльфіі. Асноўнай тэмай 55-га Кангрэсу Асацыяцыі славянскіх, усходнееўрапейскіх і еўразійскіх даследаванняў была дэкаланізацыя. «Запрашэнне мяне, як спікеркі з Беларусі, мела важнае сімвалічнае значэнне. Яно сігналізавала аб наданні спецыяльнай увагі нашай краіне. Адпаведна, для мяне гэтая дыскусія сталася выдатнай прасторай для актуалізацыі Беларусі як тэмы для навуковых даследаванняў», – адзначыла Таццяна Шчытцова.
ПРА МІЖНАРОДНУЮ КАМАНДУ ОФІСА. Дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях дыпламатыі Дзяніс Кучынскі распавядае пра працу каманды па знешняй палітыцы Офіса. Ён запісаў відэа, у якім вы даведаецеся пра закуліссе ўдзелу беларускай лідаркі на Web Summit – адной з самых уплывовых тэхналагічных канферэнцыяў Еўропы.
МЕДЫЯ. Святлана Ціханоўская дала інтэрв’ю The Washington Post (ЗША), Voice of America (ЗША, Міжнароднае), NPR (ЗША), TV3 (Латвія), Kas Jauns (Латвія), 15 min (Літва).