«Паважаны Старшыня Кейн,
Намеснік старшыні Кітынг,
Паважаныя члены Падкамітэта,
Дазвольце мне падзякаваць Кангрэсу ЗША і амерыканскаму народу за шматгадовую падтрымку дэмакратычных памкненняў беларускага народу.
Я ўпэўненая, што Беларусь стане па-сапраўднаму незалежнай, свабоднай краінай, надзейным партнёрам, членам Еўрапейскага саюза і Трансатлантычнай супольнасці.
Але каб дасягнуць гэтай мэты, нам трэба ліквідаваць нелегітымны рэжым дыктатара Аляксандра Лукашэнкі, які з дапамогай Расіі і пад яе кіраўніцтвам узурпаваў уладу.
У 2020 годзе беларусы зрабілі відавочны выбар на карысць дэмакратыі, свабоды і правоў чалавека. Аднак дыктатар адмовіўся аддаць уладу і пагрузіў краіну ў тэрор.
60 тысяч чалавек падвергліся затрыманням. Сотні тысяч былі вымушаны бегчы. У закладнікі былі ўзятыя тысячы палітвязняў, у тым ліку лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, мая калега Марыя Калеснікава, кандыдат у прэзідэнты Віктар Бабарыка, актывістка Паліна Шарэнда-Панасюк, журналіст Ігар Лосік і мой муж Сяргей Ціханоўскі, асуджаны на 19 гадоў.
Мае дзеці не бачылі свайго бацьку ўжо 3,5 гады. Я з сакавіка не атрымлівала аб ім вестак і не ведаю, ці жывы ён.
Людзей у турмах катуюць і трымаюць без сувязі са знешнім светам. Больш за 100 чалавек знаходзяцца ў крытычным стане і могуць не выжыць. Вызваленне палітычных зняволеных – гэта пытанне, якое нельга адкладаць на потым.
Рэжым Лукашэнкі стаў пагрозай для ўсёй Еўропы. Ён захапіў рэйс авіякампаніі Ryanair, каб арыштаваць апазіцыйнага журналіста. Ён працягвае адпраўляць нелегальных мігрантаў на мяжу з Літвой, Польшчай і Латвіяй. Ён уцягнуў нашую краіну ў агрэсіўную вайну Расіі супраць Украіны. І працягвае даваць ёй зброю і інфраструктуру, навучае яе жаўнераў і дазваляе выкарыстоўваць паветраную прастору і зямлю. Дыктатар удзельнічаў у выкраданні ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый.
За падтрымку з боку Пуціна Лукашэнка плаціць нашым суверэнітэтам. Расія атрымлівае кантроль над эканомікай, нацыянальнай бяспекай, міжнароднымі адносінамі і СМІ Беларусі.
Працягваюцца нападкі Расіі на беларускую культуру, мову і нацыянальную ідэнтычнасць. Расія пашырае сваю ваенную прысутнасць у Беларусі. Нядаўна яна размясціла на нашай тэрыторыі ядзерную зброю.
Мы падтрымліваем Украіну ў яе справядлівай вайне за сваё выжыванне. Таму што лёсы нашых краін пераплецены. Мы змагаемся супраць аднаго і таго ж зла і за адны і тыя ж каштоўнасці. Без свабоднай Беларусі не будзе свабоднай Украіны. І наадварот.
Мы разумеем, што перамены ў Беларусі – гэта наша адказнасць, але мы не зможам дасягнуць іх у адзіночку. Нам патрэбна падтрымка ЗША.
Мы вітаем беспрэцэдэнтнае рашэнне Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША распачаць Стратэгічны дыялог з беларускімі дэмакратычнымі сіламі.
Мы заклікаем ЗША падтрымаць нашыя намаганні па захаванні незалежнасці і аднаўленні дэмакратыі ў нашай краіне. Прызначэнне спецпасланніка ЗША павінна паспрыяць стварэнню кааліцыі ў падтрымку незалежнай дэмакратычнай Беларусі.
Мы просім прызнаць пагадненні, падпісаныя дыктатарам з Расіяй, несапраўднымі. І ўвесці новыя санкцыі супраць Расіі за яе незаконныя спробы ўзяць Беларусь пад свой кантроль.
Беларусь не павінна стаць суцяшальным прызам для Расіі. Свабода ў Беларусі ўдарыць па Пуціне мацней за любыя санкцыі і дапаможа Украіне перамагчы ў вайне.
Таму падтрымка свабоднай Беларусі – гэта не дабрачыннасць. Гэта вашыя інвестыцыі ў мір і бяспеку на ўсёй планеце.
Мы заклікаем вас падтрымаць беларусаў, якія змагаюцца за свабоду і дэмакратыю, незалежныя СМІ і сем’і рэпрэсаваных.
Дапамажыце тым, хто жыве ў выгнанні і не можа вярнуцца дадому. Я заклікаю Кангрэс ЗША падтрымаць прадастаўленне часовага абароннага статусу грамадзянам Беларусі ў ЗША.
Беларусам за мяжой адмаўляюць у падаўжэнні пашпартоў. У адказ на гэта мы рыхтуемся да выпуску новага беларускага нацыянальнага пашпарта і просім Кангрэс падтрымаць наш праект.
Нам трэба ўзмацніць ціск на рэжым. Санкцыі – гэта не панацэя, але яны дапамагаюць аслабіць рэжым, вызваліць людзей з турмаў і спыніць удзел рэжыму ў вайне.
Час скончыць з беспакаранасцю! Трэба прыцягнуць Лукашэнку і ягоных набліжаных да адказнасці праз міжнародныя суды. За рэжымам лічыцца вялікі спіс злачынстваў, у тым ліку злачынствы супраць чалавечнасці, катаванні, забойствы і выкрадання ўкраінскіх дзяцей.
Усе дыктатуры падаюць, і дыктатура Лукашэнка таксама ўпадзе. Калі вы будзеце разглядаць план эканамічнага аднаўлення Украіны і Малдовы, калі ласка, уключыце ў яго і Беларусь.
І нарэшце, я заклікаю Кангрэс ЗША падтрымаць новую рэдакцыю Акта аб дэмакратыі, правах чалавека і суверэнітэце Беларусі. Так Кангрэс прадэманструе лідарства ЗША і прыхільнасць да каштоўнасцяў, якія мы ўсё адстойваем.
Дарагія сябры.
Шлях да свабоды і дэмакратыі бывае доўгім і цяжкім. Але гэты шлях – адзіны правільны. Давайце пройдзем яго разам.
Дзякуй за ўвагу».