• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Прамова Святланы Ціханоўскай на ўручэнні Прэміі Буша-Тэтчэр за свабоду

    07 снежня, 2023

    «Паважаны Прэм’ер-міністр Харпер,

    Паважаны Лорд Ашкрофт,

    Паважаны Старшыня Макалістэр,

    Дарагія сябры з Міжнароднага дэмакратычнага саюза (МДС),

    Дзякуй, шаноўны Дэвід, за добрыя словы. І за тое, што так доўга і ўпэўнена падтрымліваеце дэмакратычную Беларусь.

    Паважаны спадар Харпер, беларускія дэмакратычныя палітыкі ніколі не забудуць сустрэчы з вамі ў часы, калі вы былі прэм’ер-міністрам Канады. Вялікі дзякуй, што захоўваеце прыхільнасць нашым агульным ідэалам. Як некалі на пасадзе прэм’ер-міністра, так і сёння на пасадзе старшыні МДС.

    На працягу многіх гадоў Міжнародны дэмакратычны саюз падтрымліваў тых, хто змагаецца за свабоду не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім свеце. Барацьба за свабоду носіць глабальны характар, і яе немагчыма выйграць у адзіночку.

    Для мяне вялікі гонар атрымаць прэмію Буша-Тэтчэр. Я атрымліваю яе ад імя беларускага народу, які за сваю барацьбу за свабоду і дэмакратыю плаціць высокую цану. Яшчэ раз ад усяго сэрца дзякую вам за гэтую важную ўзнагароду. Гэта знак прызнання не толькі мяне, але і мільёнаў свабодалюбівых беларусаў.

    Я хачу прысвяціць гэтую прэмію ўсім тым, у каго забралі свабоду.

    І я прысвячаю гэтую ўзнагароду беларускім палітвязням, якія не могуць быць сёння з намі ў гэтай зале. Яны адбываюць драконаўскія тэрміны ў турмах Лукашэнкі. Іх трымаюць у ізаляцыі, катуюць, збіваюць. Сярод іх шмат выдатных людзей, такіх як наш лаўрэат Прэміі міру Алесь Бяляцкі ці мая сяброўка Марыя Калеснікава, якая парвала пашпарт, каб рэжым не змог выгнаць яе з краіны.

    Гэтай узнагародай мы аддаём даніну іх барацьбе. Гэтае пасланне ўсім беларускім палітвязням: вы не адны, мы памятаем і падтрымліваем вас.

    Гэтая ўзнагарода таксама з’яўляецца прызнаннем шматгадовай палітычнай працы нашых дэмакратычных партый, якія ўжо больш за 30 гадоў фармуюць гісторыю сучаснай Беларусі.

    Для мяне гонар, што я падзяляю гэтую ўзнагароду з БНФ і Аб’яднанай грамадзянскай партыяй. Іх адважных лідараў – Мікалая Казлова і Рыгора Кастусёва – за тысячы міляў адсюль катуюць у цёмных камерах Лукашэнку.

    У Рыгора Кастусёва дыягнаставалі рак. Яму не даюць неабходнай медычнай дапамогі. Рэжым павольна забівае яго, як ужо забіў шматлікіх сваіх палітычных апанентаў.

    Мікалай і Рыгор, гэта і ваша ўзнагарода.

    Вітаю Уладзіміра Дуброўскага ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Цяпер ён жыве ў выгнанні і прыехаў сюды, каб атрымаць гэтую ўзнагароду ад імя сваёй партыі. Віншуем, дарагі Уладзімір!

    Адзін з маіх палітычных дарадцаў, Анатоль Лябедзька, быў сярод заснавальнікаў АГП. Яго незлічоную колькасць разоў арыштоўвалі за яго палітычную дзейнасць. Рэжым вырашыў адпомсціць яму, і таму сёння ў турме сядзіць ягоны сын Арцём. Арцёма прыгаварылі да трох з паловай гадоў пазбаўлення волі. Дарагі Анатоль, мы салідарныя з вамі і вашай сям’ёй. Гэта і ваша ўзнагарода.

    Гэтую ўзнагароду я хацела б прысвяціць і іншаму вядомаму актывісту, Мікалаю Статкевічу, лідару Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народнай Грамады), а цяпер палітвязню. Прайшло 300 дзён з таго часу, як мы ў апошні раз атрымлівалі ад яго весткі. Ходзяць чуткі, што ён памёр у турме. Яго жонка Марына Адамовіч патрабуе ад уладаў дазволіць ёй наведаць Мікалая, каб упэўніцца, што ён жывы. Мы ўсе молімся і спадзяемся, што ён сапраўды жывы.

    Дарагія Мікалай і Марына, гэта і ваша ўзнагарода.

    Я сама з сакавіка не атрымлівала вестак ад мужа Сяргея. Мае дзеці не бачылі свайго тату 3,5 гады. Я нават не ведаю, ці жывы ён. А менавіта дзеля яго я стаю тут перад вамі.

    Гэта мой муж тры гады таму вырашыў кінуць выклік дыктатару і вылучыў сваю кандыдатуру на пасаду прэзідэнта.

    Лукашэнка пасадзіў яго ў турму. Але рэжым у чарговы раз памыліўся, не заўважыўшы мяне. Рэжым часта не заўважае жанчын.

    Каб падтрымаць мужа, я вырашыла балатавацца на пасаду прэзідэнта замест яго. Не ўспрыняўшы мяне сур’ёзна, мяне зарэгістравалі кандыдатам. Дыктатар не думаў, што ў жанчыны будзе шанец. Ён казаў, што «ў нас канстытуцыя не пад жанчыну».

    На няшчасце для яго, я перамагла. Мы перамаглі. І на кароткае імгненне мы адчулі поўную радасць і свабоду. І, як вы ўжо ведаеце, дыктатар не змог змірыцца з паразай.

    На працягу наступных некалькіх дзён вуліцы Мінска і іншых гарадоў апанавалі людзі. Сотні тысячаў чалавек выйшлі на маршы пратэсту супраць скрадзеных выбараў. Беларусы крычалі ў адзін голас: Хопіць! Хопіць дыктатуры! Хопіць прыгнёту!

    На вуліцы мірна выйшлі простыя грамадзяне, і гэта было неверагодна. Мы выбралі свабоду – замест тыраніі, праўду – замест хлусні, святло – замест цемры.

    Рэжым адказаў жорсткасцю і гвалтам. Пачаўся нябачаны раней тэрор. Пры падтрымцы Пуціна яму ўдалося здушыць пратэст, але здушыць імкненне народу да пераменаў – не. І ніколі не атрымаецца.

    Людзі, якія аднойчы спазналі свабоду, ніколі больш не змірацца з тыраніяй.

    Дарагія сябры,

    Часам гавораць, што барацьба за Беларусь ужо прайграна. Гэта не так!

    Вядома, з-за паліцэйскага тэрору прыгожых мітынгаў зараз не ўбачыш. Супраціў пайшоў у падполле. Але нават праз тры гады Лукашэнка працягвае весці такую палітыку, быццам тысячы людзей усё яшчэ пратэстуюць каля ягонага палацу.

    Калі ў 2022 годзе Расія напала ва Украіну з нашай тэрыторыі, беларускія партызаны, каб спыніць пасоўванне расійскіх войскаў, правялі 80 дыверсій. Сотні адправіліся добраахвотнікамі ва Украіну. 40 беларусаў аддалі свае жыцці за свабоду Украіны.

    Таму што мы разумеем, што лёсы Беларусі і Украіны пераплецены. Без свабоднай Украіны не будзе свабоднай Беларусі. Але і наадварот. Без свабоднай Беларусі Украіна не зможа адчуваць сябе ў бяспецы.

    Давайце дапаможам Украіне перамагчы ў гэтай вайне!

    Перамога Украіны стане канчатковай паразай Пуціна і Лукашэнкі. Украіна не проста абараняе сваю тэрыторыю. Яна змагаецца за ўсе тыя каштоўнасці, якімі мы ўсе тут так шануем.

    Дазволіць Украіне прайграць – значыць, дазволіць дэмакратыі пацярпець няўдачу. І гэтага ніколі не павінна адбыцца.

    Дарагія сябры,

    Барацьбу за дэмакратыю часта рамантызуюць.

    Аднак ёсць і іншая, больш змрочная карціна. Дарога да дэмакратыі выбрукавана болем, слязамі і пакутамі.

    Яна патрабуе ахвяраў. Яна патрабуе цярпення.

    Маргарэт Тэтчэр аднойчы сказала: «Я як жанчына валодаю здольнасцю працягваць працу, нават калі ўсе астатнія кідаюць яе і сыходзяць». Устойлівасць і цярпенне – вось што трэба нам сёння.

    Я часта пытаю сябе, ці ёсць у мяне як жанчыны гэтыя якасці. У спадарыні Тэтчэр яны, вядома, былі.

    Вядома, часам я адчуваю роспач, гледзячы на ўсю несправядлівасць, з якой сутыкаюцца мае суайчыннікі. Як і ўкраінцы. Часам здаецца, што было б значна прасцей здацца і перастаць змагацца.

    Але потым я ўспамінаю пра свайго зняволенага мужа, пра тысячы палітвязняў, пра нашых добраахвотнікаў, якія ваююць ва Украіне. Пра Мікалая Казлова і Рыгора Кастусёва.

    І я разумею, што трэба ісці далей. У мяне няма права падвесці іх.

    У заключэнне дазвольце мне расказаць вам адну гісторыю. Я думаю, што гэтая гісторыя вельмі добрае апісвае тое, што адбываецца ў Беларусі.

    Гэта гісторыя маладых бацькоў Аліны Нагорнай і Ігара Случака. Яны актывісты, якія прасоўваюць карыстанне беларускай мовай у грамадскім жыцці.

    Як вы ведаеце, прарасійскі рэжым пераследуе і забараняе ўсё беларускае. Нават з-за размовы па-беларуску на вуліцы ў вачах бандытаў Лукашэнку можна стаць падазроным.

    Два гады і Аліна, і Ігар знаходзіліся ў вышуку за сваю дзейнасць. Ім прыйшлося хавацца разам з двума маленькімі сынамі Стэфанам і Тадэвушам.

    У лістападзе 2020 года міліцыя пачала шукаць Аліну і Ігара, каб арыштаваць іх. Ім прыйшлося пакінуць хату, калі іх старэйшаму сыну Стэфана было ўсяго 8 месяцаў.

    Два гады яны хаваліся, жылі ў поўнай ананімнасці. Яны не маглі карыстацца сваёй машынай, мабільнымі тэлефонамі, банкаўскімі карткамі ці грамадскім транспартам.

    Людзі дапамагалі ім усім, чым маглі. Міліцыі сям’ю ніхто не выдаў.

    Яны пераязджалі з кватэры ў кватэру каля дзесяці разоў. Аліне прыйшлося нараджаць другога сына пад пагрозай, што яе асобу раскрые міліцыя.

    Страшна, што нешта падобнае адбываецца ў Еўропе ў 21 стагоддзі. Што на людзей палююць за іх палітычныя погляды. За любоў да сваёй краіны, за любоў да свабоды і дэмакратыі.

    Калі бандыты рэжыму ўжо амаль стукалі ў іхныя дзверы, Аліна і Ігар іх перахітрылі. Уцякаць з Беларусі ім дапамагала шмат людзей, з якімі яны нават не былі знаёмыя.

    І ведаеце, яны не ў роспачы, а роўна наадварот. Яны вераць у тое, што робяць, бо робяць правільна.

    Гэта амаль як калядная гісторыя. Гісторыя пра сям’ю, якой удалося пазбегнуць пераследу з боку тыраніі і выратаваць дзяцей. Каб выратаваць будучыню нашай нацыі.

    Гэтая гісторыя ўсяляе ў мяне аптымізм. Гэтая гісторыя магла скончыцца дрэнна, але скончылася поспехам. Гэта гісторыя пра Беларусь.

    Дыктатура не ўсёмагутная. Без падтрымкі народу яна заўсёды прайграе. І пераможа той, на чыім баку будзе народ.

    З нашай падтрымкай – і з падтрымкай усіх нашых сяброў з усяго свету – беларусам удасца разарваць ланцугі тыраніі і вызваліцца.

    Давайце не падвядзём іх.

    Шлях да свабоды бывае доўгім і цяжкім. Але гэты шлях адзіна слушны. Давайце пройдзем гэты шлях разам.

    Дзякуй. Жыве Беларусь».

    Апошнія навіны