З нагоды міжнароднага дня валанцёра беларуская лідарка падзякавала ўсім беларусам, хто проста так, ад чыстага сэрца, падтрымлівае людзей навокал. Не толькі блізкіх і сяброў, але і незнаёмых.
Святлана Ціханоўская: «Я з радасцю бачу, што беларуская салідарнасць не скончылася ў 2020 годзе. Яе і дагэтуль адчуваеш у кожным куточку свету, дзе знаходзяцца беларусы.
Сёння я хачу падзякаваць усім валанцёрам, якія дапамагаюць палітзняволеным і іх сем’ям – дасылаюць лісты, збіраюць перадачы, падтрымліваюць грашыма. Актывістам дыяспары, чыя ініцыятыўнасць аб’ядноўвае беларусаў па ўсім свеце, і не дае ім губляць сувязі з домам. Беларускім ваярам-добраахвотнікам, якія кожны дзень рызыкуюць усім дзеля абароны Украіны і вызвалення Беларусі. І, канешне, я не магу не ўзгадаць валанцёраў унутры Беларусі. Людзей, якія, нягледзячы на ціск і пагрозы, распаўсюджваюць праўдзівую інфармацыю і збіраюць доказы злачынстваў рэжыму. Дзякуй вялікі, я ганаруся кожным і кожнай з вас!
Паважаныя валанцёры і валанцёркі, вы – яскравы прыклад той самай салідарнасці, пра якую ўсе гавораць. Вы і ёсць беларуская салідарнасць. Толькі разам мы зможам пабудаваць новую Беларусь – тую, дзе ініцыятыва і ўзаемадапамога вітаюцца і заахвочваюцца, а кожны і кожная адчуваюць адказнасць за краіну і робяць яе лепей».