«Паважаныя калегі,
Дарагія сябры Беларусі,
Для мяне вялікі гонар вітаць усіх вас тут, на гэтым сапраўды ўнікальным мерапрыемстве – сустрэчы беларусаў з еўрапейскімі калегамі.
У нас могуць быць розныя палітычныя погляды, ідэалогіі, але мы ўсё падзяляем адны і тыя ж каштоўнасці і адно і тое ж бачанне – гэта квітнеючая і дэмакратычная Еўропа. Еўропа, у якую ўваходзяць Беларусь, Малдова і Украіна.
Гэтая сустрэча таксама з’яўляецца магутным пасланнем усім тым, хто пакутуе ў турэмных камерах рэжыму, у тым ліку сябрам забароненых палітычных партый: вы не самотныя. Вашыя еўрапейскія сябры і калегі памятаюць пра вас і клапоцяцца пра вас.
У Беларусі барацьба за дэмакратыю аб’ядноўвае прадстаўнікоў усіх палітычных партыяў: цэнтрысцкіх, левых ці правых.
Мы ўсё разумеем, што без дэмакратыі няма сэнсу абмяркоўваць палітычныя рознагалоссі. Спачатку трэба дэмантаваць злачынны рэжым, і толькі потым мы будзем абмяркоўваць палітыку ў дэмакратычным парламенце. А не наадварот.
Мы ўсе разумеем, што Беларусь можа быць па-сапраўднаму свабоднай і незалежнай толькі ў межах Еўрапейскага саюза. Я ведаю, што на гэта спатрэбіцца час. Але мы можам рыхтавацца да гэтага ўжо зараз.
Пакуль ЕС абмяркоўвае ўступленне Малдовы і Украіны, самы час абмеркаваць еўрапейскую перспектыву і для Беларусі. І я спадзяюся, што гэта стане часткай вашай сённяшняй размовы.
Бо без дэмакратычнай Беларусі, як і без Украіны, Еўропа ніколі не будзе ў бяспецы. І еўрапейскі праект ніколі не будзе завершаны.
Мы верым у Еўрапейскі саюз ад Лісабона да Віцебска, Луганска, Тбілісі і Кішынёва.
Я таксама прашу вас абмеркаваць сёння, як прыцягнуць рэжым Лукашэнкі да адказнасці. За злачынствы супраць чалавечнасці. За выкраданне ўкраінскіх дзяцей. За злачынствы агрэсіі.
У адрозненне ад урадаў, парламентарыі могуць называць рэчы сваімі імёнамі. Лукашэнка – злачынец, а не прэзідэнт. Беларусы – не рэжым. І Беларусь – гэта не Расія.
Я ўдзячная майму дарагому сябру Раберце Метсоле за яе шчырую падтрымку нашай справы і за гэтую магчымасць правесці форум у Еўрапейскім парламенце.
Я вітаю ўсіх даўніх сяброў дэмакратычнай Беларусі – Пятраса Аўштравічуса, Анну Фатыгу, Анджэя Галіцкага, Андруса Кубілюса, Мір’ям Лексман, Юозаса Олякаса, Віёлу фон Краман і іншых.
Але я таксама вельмі радая такой колькасці новых удзельнікаў. Гэта добры знак. Падтрымка дэмакратычнай Беларусі пашыраецца і становіцца ўсё мацнейшай.
Вялікі дзякуй усім вам. Жыве Еўропа! Жыве Беларусь!»