У Вашынгтоне распачаліся двухдзённыя перамовы паміж прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў і амерыканскімі палітыкамі ў рамках Стратэгічнага дыялогу «Беларусь – ЗША». Бакі дэталёва абмяркуюць пытанні абароны суверэнітэту Беларусі, спосабы вызвалення і падтрымкі палітвязняў, а таксама механізмы прыцягнення да адказнасці Лукашэнкі ды яго памагатых.
Святлана Ціханоўская распавяла пра чаканні ад Стратэгічнага дыялогу «Беларусь – ЗША»:
«Мы чакаем, што ў выніку з’явіцца ясная стратэгія і дарожная карта, а таксама канкрэтныя праекты, якія дапамогуць вярнуць Беларусь да дэмакратыі, вызваліць палітвязняў, захаваць незалежнасць Беларусі.
Мы чакаем ад ЗША яснай камунікацыі, што Беларусь не аддадуць як суцяшальны прыз для Пуціна, што Беларусь зможа разлічваць на падтрымку для аднаўлення эканомікі, і што ЗША патрымаюць еўрапейскую перспектыву для Беларусі».
Перад пачаткам сустрэчы беларуская лідарка правяла размову з намесніцай дзяржаўнага сакратара ЗША па палітычных пытаннях Вікторыяй Нуланд. Намесніца выказала спадзяванне, што перамовы ў Вашынгтоне дапамогуць у выпрацоўцы крокаў па больш шчыльнаму супрацоўніцтву паміж дэмакратычнымі сіламі Беларусі і ЗША.