Асноўнай тэмай 55-га Кангрэсу Асацыяцыі славянскіх, усходнееўрапейскіх і еўразійскіх даследаванняў была дэкаланізацыя. Падчас мерапрыемства дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі Таццяна Шчытцова выступіла на «круглым стале», які ладзілі з нагоды змены рэдактарскай каманды часопіса «East European Politics and Societies and Cultures».
«Запрашэнне мяне, як спікеркі з Беларусі, мела важнае сімвалічнае значэнне. Яно сігналізавала аб наданні спецыяльнай увагі нашай краіне. Адпаведна, для мяне гэтая дыскусія сталася выдатнай прасторай для актуалізацыі Беларусі як тэмы для навуковых даследаванняў. Таму заклікаю нашых навукоўцаў прапаноўваць свае артыкулы для гэтага часопіса – вас сапраўды чакаюць», – адзначыла Таццяна Шчытцова.
Другой вельмі важнай сустрэчай, як распавяла дарадца, стаў «круглы стол» на тэму «Беларуская дыяспара ў ЗША: Гісторыя і будучыня». Падчас дыялогу абмяркоўваліся крокі, якія неабходна зрабіць, каб на наступным кангрэсе павялічыць колькасць панэляў, прысвечаных Беларусі.