Сёння ў Бруселі пачаўся Міжпартыйны Форум «8+100», у якім удзельнічаюць спікеры Еўрапарламента, прадстаўнікі беларускіх і еўрапейскіх палітычных партыяў. Падчас Форума плануецца абмеркаваць агульную стратэгію па Беларусі, шляхі прасоўвання еўрапейскага выбару для нашай краіны, а таксама магчымасці супрацоўніцтва паміж беларускімі і еўрапейскімі палітычнымі партыямі.
Беларуская лідарка звярнулася да ўдзельнікаў з заклікам абмеркаваць еўрапейскую перспектыву для Беларусі:
«Мы ўсе разумеем, што Беларусь можа быць па-сапраўднаму вольнай і незалежнай толькі ў рамках Еўрапейскага саюза. Я ведаю, што на гэта спатрэбіцца час. Але мы можам рыхтавацца да гэтага ўжо зараз.
Паколькі ЕС абмяркоўвае ўступленне Малдовы і Украіны, цяпер самы час абмеркаваць еўрапейскую перспектыву і для Беларусі. І я спадзяюся, што гэта стане часткай вашай сённяшняй размовы».
Таксама Святлана Ціханоўская заклікала ўдзельнікаў дапамагчы прыцягнуць рэжым Лукашэнкі да адказнасці за злачынствы супраць чалавечнасці і за выкраданне ўкраінскіх дзяцей.
«У адрозненні ад урадаў, парламентарыі могуць называць рэчы сваімі імёнамі. Лукашэнка – злачынец, а не прэзідэнт. Беларусы – не рэжым. І Беларусь – гэта не Расія», – адзначыла Ціханоўская.