• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • 628 паштовак для палітвязняў ад еўрадэпутатаў, сустрэча з гуртом Бі-2, Канферэнцыя ў Сейме Літвы. Вынікі працы Офіса Святланы Ціханоўскай 11-17 сакавіка 2024

    17 сакавіка, 2024

    САЛІДАРНАСЦЬ З ПАЛІТВЯЗНЯМІ. 11-14 сакавіка Еўрапейскі Парламент зладзіў акцыю салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. 13 сакавіка на акцыі знаходзіўся дарадца Святланы Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве і Канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька. Як распавёў палітык, у межах ініцыятывы #EPSTANDSBYYOU дэпутаты Еўрапарламента, разам з прэзідэнткай Рабертай Мецолай, падпісалі больш за 600 паштовак для беларускіх палітвязняў. Акрамя таго, еўрадэпутаты прыцягваюць увагу да складанай сітуацыі з палітвязнямі ў Беларусі і дзеляцца інфармацыяй пра яе ў сацыяльных медыя з хэштэгам #EPSTANDSBYYOU.

    СУСТРЭЧА З БІ-2. Святлана Ціханоўская сустрэлася з гуртом Бі-2 у Вільні. Музыкі падзякавалі дэмакратычнай лідарцы за падтрымку ў справе іх вызвалення з тайскай турмы. Ціханоўская ў адказ выказала словы павагі ад беларусаў за антываенную пазіцыю гурта – і папрасіла не забываць сваё паходжанне ды карані. Музыкі распавялі, што хацелі ў 2020-м выступіць з канцэртам каля Стэлы, але не паспелі. Ціханоўская пацікавілася, ці выступяць музыкі пасля перамогі ў Мінску – і атрымала станоўчы адказ. На запрашэнне франтмэнаў гурта Лёвы і Шуры Ціханоўская засталася на канцэрт – музыкі прывіталі беларусаў са сцэны.

    ДЗЕНЬ КАНСТЫТУЦЫІ. 15 сакавіка, у дзень Канстытуцыі, Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў: «За гады знаходжання ва ўладзе рэжым дэвальваваў асноўны закон гэтак жа моцна, як рубель. Таму сёння размовы пра ўрачыстасць дэмакратыі ў краіне гэтак жа фальшывыя, як нядаўнія безвыбары ці апавяданні прапаганды аб квітнеючай «сацыяльнай» дзяржаве. Беларусі важна мець працуючую Канстытуцыю, якая абараняе людзей, а не ператварае іх у закладнікаў сістэмы. Таму мы прапанавалі сваё бачанне Канстытуцыі, якая гарантуе беларусам захаванне правоў і свабодаў. 

    Я заклікаю вас не заставацца ў баку. Далучайцеся да абмеркавання на платформе «Новая Беларусь», дзяліцеся думкамі і дасылайце свае прапановы на пошту [email protected] або ў @AskOffice_Bot. Толькі разам мы зможам пабудаваць краіну, дзе правы чалавека не проста заяўляюцца на паперы, але і рэалізуюцца ў жыцці».

    КАНФЕРЭНЦЫЯ Ў СЕЙМЕ ЛІТВЫ. 15 сакавіка ў Сейме Літвы прайшла Канферэнцыя «Інвестыцыі ў доўгатэрміновую будучыню дэмакратычнай Беларусі: ключавыя стратэгіі рэформаў». Мерапрыемства прысвечанае абмеркаванню Канстытуцыі Новай Беларусі і 6 законапраектаў, падрыхтаваных у яе развіццё і дапаўненне. Агулам сабралася каля 70 удзельнікаў. Беларуская лідарка выступіла на адкрыцці Канферэнцыі з прамовай:  «У Беларусі больш за паўтары тысячы палітвязняў. Я б дадала да іх ліку і Канстытуцыю. Канстытуцыя – палітвязень нумар 1. Яна стала першай ахвярай рэжыму. Лукашэнка не проста растаптаў нашу Канстытуцыю, ён яе згвалтаваў і пасадзіў у турму».

    Дарадца Святланы Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве і Канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька распавёў пра вынікі мерапрыемства: «Падчас канферэнцыі адбылася прэзентацыя шасці законапраектаў, падрыхтаваных у развіццё і дапаўненне Канстытуцыі. Надалей, пасля іх распрацоўкі, дакументы будуць перададзеныя ў Аб’яднаны Пераходны Кабінет, а пасля выбараў – у Каардынацыйную Раду новага склікання. Такім чынам мы ствараем устойлівую прававую базу для новай Беларусі, каб пасля дэмакратычнага транзіту ўлады было магчыма ў максімальна кароткі тэрмін правесці палітычныя рэформы».

    ДАПАМОГА БЕЛАРУСАМ. 12 сакавіка апеляцыйны суд Бялграда адмяніў раней прынятае рашэнне аб экстрадыцыі рэжысёра і актывіста Андрэя Гнёта ў Рэспубліку Беларусь і накіраваў справу на новы разгляд у Вышэйшы адміністрацыйны суд Бялграда. Наступнае слуханне па справе ў судзе першай інстанцыі прызначанае на 26 сакавіка. Юрыдычная каманда Офіса працягне пільна сачыць за лёсам справы Андрэя і весці пастаянную камунікацыю з адвакатамі і дыпламатычным корпусам.

    Дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр спадзяецца на станоўчы вынік справы: «Я выказваю вялікую ўдзячнасць дыпламатычнаму корпусу краінаў Еўрапейскага Саюза, які знаходзіцца ў Бялградзе. Амбасадары некалькіх дзяржаваў вельмі аператыўна адгукнуліся на просьбу нашых юрыстаў аб дапамозе – і арганізавалі як перамовы на дыпламатычным узроўні, так і прысутнасць на разглядзе справы ў судзе апеляцыйнай інстанцыі, тым самым выказаўшы сваю салідарнасць з Андрэем».

    З’ЕЗД ЕЎРАПЕЙСКАЙ ДЭМАКРАТЫЧНАЙ ПАРТЫІ. Беларуская лідарка выступіла на з’ездзе Еўрапейскай дэмакратычнай партыі ў італьянскай Фларэнцыі анлайн. Усяго ў мерапрыемстве ўдзельнічалі каля 1000 дэлегатаў з розных краінаў свету. «Нам вельмі патрэбная падтрымка для нашых рэпрэсаваных, для тых, хто працягвае змагацца на месцах, для СМІ. Праз ізаляцыю рэжыму не ізалюйце народ. Выдавайце візы і адкрывайце межы для беларусаў, як гэта рабілі дэмакратычныя краіны падчас «халоднай вайны». Сумна бачыць, што некаторыя краіны абмяркоўваюць забароны для беларусаў. Забараніце рэжым, а не народ», – падкрэсліла Ціханоўская.

    КАНФЕРЭНЦЫЯ БЕЛАРУСАЎ(-АК) СВЕТУ. Офіс Святланы Ціханоўскай, Аб’яднаны Пераходны Кабінет, Офіс дэмакратычных сілаў Беларусі ў Чэшскай Рэспубліцы і Народныя амбасады працягваюць падрыхтоўку да ІІІ Канферэнцыі беларусаў і беларусак свету, якая пройдзе 23-24 сакавіка ў Празе. Арганізацыйная каманда, да якой далучыўся прадстаўнік Каардынацыйнай Рады, ужо сфармавала праграму і хутка аб’явіць імёны спікераў. 

    Падчас канферэнцыі беларусы і беларускі будуць разглядаць і вырашаць актуальныя пытанні і праблемы нашай супольнасці. У гэтым годзе панэльныя дыскусіі прысвечаныя наступным тэмам: 1) Стратэгічная візія беларускай дэмакратычнай супольнасці і роля беларусаў(-ак) замежжа на 2024-2025 гады; 2) Роля беларусаў(-ак) замежжа ў беларуска-ўкраінскіх адносінах; 3) Узмацненне патэнцыялу супольнасці беларусаў(-ак) замежжа.

    СТРАТЭГІЯ ПЕРАХОДУ ДА НОВАЙ БЕЛАРУСІ. Каманда Офіса працягнула аповед пра Стратэгію пераходу да Новай Беларусі, распрацаваную сумесна з Аб’яднаным Пераходным Кабінетам, Каардынацыйнай Радай і шматлікімі экспертамі. У картках каманда патлумачыла, як змены, прапісаныя ў Стратэгіі, адаб’юцца на ключавых сферах жыцця грамадства.

    БЕЛАРУСЬ-ЛІТВА. 11 сакавіка, у дзень аднаўлення незалежнасці Літоўскай Рэспублікі, Святлана Ціханоўская павіншавала літоўскі народ: «Віншую Літву з Днём аднаўлення незалежнасці! Вашая барацьба за суверэнітэт натхняе нас і нагадвае пра каштоўнасць свабоды, якой мы ўсе імкнемся дасягнуць. Беларусы глыбока шануюць падтрымку Літвы ў нашай уласнай барацьбе за незалежнасць і правы чалавека. Мы зычым Літве міру і працвітання».

    РЭЗАЛЮЦЫЯ ПА БЕЛАРУСІ Ў ААН. Юрысты Офісу Святланы Ціханоўскай і беларускія праваабаронцы правялі перамовы з дэлегацыямі ў Радзе па правах чалавека ААН у Жэневе ў падтрымку рэзалюцыі па Беларусі, якая мае быць прынятая ў гэтым месяцы. 

    АДУКАЦЫЯ. Дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі Таццяна Шчытцова пракаментавала прапанову дырэктаркі Ліцэя БДУ Таццяны Мамчыц пра наданне Ліцэю БДУ імя Фелікса Дзяржынскага: «Вельмі паказальна, што імя заснавальніка УНК прапануецца прысвоіць менавіта ліцэю БДУ. Да 2020 года Ліцэй заставаўся самай перадавой навучальнай установай краіны – у тым ліку і таму, што быў самым вольным ад кантролю розных дзяржінстанцыяў. Шматгадовая атмасфера інтэлектуальнай волі, крэатыўнасці і ўзаемнай павагі паміж ліцэістамі, выкладнікамі і адміністрацыяй зрабіла яго сапраўды ўнікальнай навучальнай установай – унікальнай супольнасцю. У сімвалічным сэнсе рэжым шле такім чынам цынічна-катэгарычны мэсэдж: тое, што раней асацыявалася з воляй, зараз будзе асацыявацца з заснавальнікам УНК».

    МІЖНАРОДНАЯ ПРАЦА. Дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях дыпламатыі Дзяніс Кучынскі здзейсніў працоўныя візіты ў Лондан і Рым, працягваючы рэалізацыю дамоўленасцяў, дасягнутых падчас візітаў беларускай лідаркі ў гэтыя сталіцы летась. На сустрэчах абмеркавалі ўдзел Святланы Ціханоўскай і дэмакратычных сілаў у мерапрыемствах Еўрапейскай палітычнай супольнасці і Вялікай сямёркі, стварэнне рэзалюцыі па Беларусі ў Сенаце Італіі. Акрамя таго, гаварылі пра шляхі шырэйшай падтрымкі для беларускай грамадзянскай супольнасці, культурных ініцыятываў, дыяспары і медыя.

    Дыпламатычны дарадца Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі здзейсніў рабочыя візіты ў Рым і Лондан, дзе сустрэўся з прадстаўнікамі ўрадаў і парламенту. Падчас сустрэчаў абмяркоўвалі рэалізацыю практычных дамоўленасцяў, дасягнутых падчас візітаў Святланы Ціханоўскай у гэтыя краіны. У Страсбургу дарадца Святланы Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька сустрэўся з дэпутатамі Еўрапарламенту. Падчас сустрэчаў ён абмеркаваў стварэнне дэпутацкіх групаў «За дэмакратычную Беларусь» у нацыянальных парламентах Балгарыі, Румыніі і Славакіі, а таксама магчымасці і механізмы падтрымкі для беларускіх палітвязняў. 

    ДАПАМОГА ІНІЦЫЯТЫВАМ. Святлана Ціханоўская заклікала беларусаў Літвы і Польшчы падтрымаць беларускія ініцыятывы ў гэтых краінах са сваіх падаткаў. Сёння ў Літве і Польшчы на пастаяннай аснове пражывае вялікая колькасць беларусаў. Згодна з юрыдычнымі нормамі, пры афармленні дэкларацыяў магчыма абіраць арганізацыі – у тым ліку беларускія – на падтрымку якіх пойдзе частка вашых грошай. У Польшчы на гэтыя мэты можна выдаткаваць 1,5% ад сумы падаткаў, у Літве – 1,2%. Пры запаўненні дэкларацыі вы можаце пералічыць свае ўжо сплачаныя падаткі беларускім арганізацыям. Са спісам арганізацый можна азнаёміцца па спасылцы.

    РАЗМОВЫ З БЕЛАРУСАМІ. На гэтым тыдні Святлана Ціханоўская правяла штотыднёвыя размовы з беларусамі. Прачытаць пра тое, што такое асабістыя размовы можна тут

    МЕДЫЯ. Святлана Ціханоўская дала інтэрв’ю AP (1, 2) (Міжнароднае), Washington Post (ЗША), BNT (Балгарыя), Tovima (Грэцыя), БелСАТ (1, 2) (Беларусь), Die Zeit (Германія).

    Акрамя таго, беларуская лідарка падрыхтавала артыкул для парталу Eye-to-eye, дзе распавяла пра адну з галоўных каштоўнасцяў еўрапейскага грамадства – дэмакратыю. У калонцы Святлана Ціханоўская падкрэсліла важнасць удзелу народа ў палітыцы і неабходнасць у еднасці свету супраць тыраніі. Таксама яна адзначыла: страціць дэмакратыю значна прасцей, чым здаецца на першы погляд. 

    Апошнія навіны