Дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі Таццяна Шчытцова пракаментавала прапанову дырэктаркі Ліцэя БДУ Таццяны Мамчыц аб прысваенні Ліцэю БДУ імя Фелікса Дзяржынскага:
«14 сакавіка на сустрэчы з кіраўніцтвам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта дырэктар Ліцэя БДУ Таццяна Мамчыц перадала рэктару Андрэю Каралю калектыўны зварот супрацоўнікаў з прапановай надаць навучальнай установе імя Фелікса Дзяржынскага.
Гэтая ва ўсіх сэнсах надзвычайная ініцыятыва сведчыць: рэжым накіраваны ўзмацняць неататалітарную ідэалогію ў адукацыі і падпарадкоўваць усе адукацыйныя інстытуты інтарэсам сек’юрызацыі.
Вельмі паказальна, што імя заснавальніка Усерасійскай надзвычайнай камісіі прапануецца прысвоіць менавіта ліцэю БДУ. Да 2020 года Ліцэй заставаўся самай перадавой навучальнай установай краіны – у тым ліку і таму, што быў самым свабодным ад кантролю розных дзяржінстанцыяў. Шматгадовая атмасфера інтэлектуальнай свабоды, крэатыўнасці і ўзаемнай павагі паміж ліцэістамі, выкладчыкамі і адміністрацыяй зрабіла яго сапраўды ўнікальнай навучальнай установай – унікальнай супольнасцю. Каб пакласці канец гэтай традыцыі, у ліцэі пасля 2020-га паслядоўна звальнялі педагогаў, некалькі разоў мянялі кіраўнікоў, пакуль, нарэшце, не знайшлі «жалезнае рашэнне» – прызначыць дырэктара з «чэкісцкім» бэкграўндам.
У сімвалічным сэнсе рэжым шле такім чынам цынічна-катэгарычны мэсэдж: тое, што раней асацыявалася са свабодай, зараз будзе асацыявацца з заснавальнікам УНК. А значыць, і з інстытуцыяй, якая паклала пачатак доўгай традыцыі арганізаванага дзяржаўнага тэрору ў СССР – ад УНК праз НКУС да КДБ. Адпаведна, гэта адначасова і мэсэдж падтрымкі цяперашнім органам бяспекі, у кабінетах якіх да гэтага часу вісіць партрэт Фелікса Эдмундавіча.
У тактычным плане ініцыятыва Мамчыц, здаецца, мае цалкам пэўную практычную мэту – праверку на «жалезнасць» цяперашняга рэктара БДУ. Бо яму трэба будзе падтрымаць (ці адхіліць?!) яе энтузіястычную прапанову, прадбачліва (і ў лепшых традыцыях КДБ) аформленую ў выглядзе «калектыўнага звароту». Мяркую, гэта сур’ёзны маральны выклік для доктара педагагічных навук, чалавека, які вывучаў і прасоўваў дыялагічны метад у навучанні, і які 14 жніўня 2020 года паабяцаў не адлічваць студэнтаў і не звальняць выкладчыкаў за ўдзел у пратэстных акцыях. З тых часоў Кароль праходзіць складаныя этапы прарэжымнай загартоўкі. Што ж, менавіта так гартуецца «чэкіцкая сталь», а надзвычайнае становішча заўсёды патрабуе надзвычайных мераў.
У мяне да Вас такое – пакуль, чыста тэарэтычнае – пытанне, паважаны спадар рэктар: пасля таго, як Вы падтрымаеце прысваенне ліцэю імя Дзяржынскага, ці будзеце вы гатовыя прысвоіць універсітэту імя Сталіна?»