• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Трансляцыя звароту Святланы Ціханоўскай па ўсёй Беларусі, марафон «Абіраю Новую Беларусь». Вынікі працы Офіса Святланы Ціханоўскай 19-25 лютага 2024

    25 лютага, 2024

    ЗВАРОТ ДА БЕЛАРУСАЎ. 24 лютага а 15:00 па ўсёй Беларусі пачалася трансляцыя відэазвароту Святланы Ціханоўскай да беларусаў – з нагоды гадавіны пачатку вайны і рэжымных безвыбараў. Мяркуецца, што відэа магло выйсці агулам на больш чым 2000 экранаў – у метро, супермаркетах, гандлёвых і спартовых цэнтрах. Акцыю правяло аб’яднанне сілавікоў Беларусі BELPOL.

    ПАЛІТВЯЗНІ. 20 лютага стала вядома, што ў лукашэнкаўскай турме загінуў Ігар Леднік. Ён стаў ужо пятай ахвярай рэжыму, раней за кратамі загінулі Вітольд Ашурак, Мікалай Клімовіч, Алесь Пушкін, Вадзім Храсько. Святлана Ціханоўская пракаментавала: «На працягу двух гадоў Ігара мэтанакіравана забівалі – у 63-гадовага актывіста была другая група інваліднасці з-за праблемаў з сэрцам. Рэжым добра ведаў пра гэта, пазбаўляючы яго свабоды. Імя Ледніка было ўнесена ў «Гуманітарны спіс» – туды праваабаронцы ўключалі людзей, якіх трэба тэрмінова вызваліць па стане здароўя ці з прычыны ўзросту. Я выказваю шчырыя спачуванні сям’і і блізкім Ігара Ледніка. І заклікаю ўсіх – медыя, міжнародных партнёраў, праваабаронцаў – устаць на абарону палітвязняў».

    БЕЗВЫБАРЫ. Каманда Офіса Святланы Ціханоўскай падрыхтавала відэа, дзе расказала і паказала, як беларусы могуць правесці «Адзіны дзень галасавання» з карысцю для сябе – замест удзелу ў падмане.

    Святлана Ціханоўская пракаментавала навіну пра тое, што рэжым водзіць школьнікаў на выбарчыя ўчасткі і яшчэ раз агучыла пазіцыю адносна безвыбараў: «Тое, што зараз адбываецца ў краіне, немагчыма назваць выбарамі. Гэта палітычны фарс і імітацыя. Таму я заклікаю вас ігнараваць паход на ўчасткі. Калі ж вас прымушаюць галасаваць, прагаласуйце супраць усіх кандыдатаў. А 25 лютага застаньцеся дома і паглядзіце марафон «Абіраю Новую Беларусь» на YouTube. Я ўпэўненая: прыйдзе час, калі наш актыўны ўдзел пацягне за сабой рэальныя перамены. Але зараз варта правесці час з карысцю для сябе і для сваіх дзяцей, а не для рэжыму».

    АНЛАЙН-МАРАФОН. 25 лютага, у дзень безвыбараў, Офіс Святланы Ціханоўскай сумесна з блогеркай Таццянай Мартынавай правялі анлайн-марафон «Абіраю Новую Беларусь»! У рамках марафону Святлана Ціханоўская звярнулася са зваротам да беларусаў. Асаблівую ўвагу яна надала праблемам палітвязняў у краіне – і заклікала аб’яднаць намаганні для іх вызвалення: «Відавочна, калі не будзе ціску – рэжым нікога не вызваліць. Бо для дыктатара палітвязні – не праблема. А мы павінны зрабіць так, каб гэта стала для яго праблемай. Ён павінен ведаць, што заплаціць за кожную ахвяру». 

    У марафоне прынялі ўдзел больш за 20 гасцей: артысты і актывісты, эканамісты і палітыкі, блогеры і журналісты. Яны абмеркавалі актуальныя для беларусаў пытанні, а таксама падзяліліся бачаннем таго, як ад дыктатуры падману і страху перайсці да краіны, пра якую мы ўсе марым. Запіс марафону можна паглядзець па спасылцы.

    ВІЗІТ У АЎСТРЫЮ. 22 лютага Святлана Ціханоўская знаходзілася з працоўным візітам у Вене, дзе выступіла на агульнай сустрэчы чальцоў групы «За дэмакратычную Беларусь» у АБСЕ. Сярод удзельнікаў – прадстаўнікі Эстоніі, Нарвегіі, Швецыі, Францыі, Польшчы, Літвы, Германіі, Канады, Вялікабрытаніі і ЗША. У звароце яна заклікала надаваць асабістую ўвагу пытанню палітвязняў, патрабаваць доступ да іх, а таксама ўзняць пытанне неадкладнага вызвалення людзей на ўзроўні ААН. 

    Акрамя таго Ціханоўская выступіла перад камітэтам Парламенцкай асамблеі АБСЕ з прамовай, дзе ўзняла шэраг актуальных і вострых пытанняў датычна Беларусі. У выступе Ціханоўская звярнула ўвагу Камітэта на канкрэтныя крокі, якія АБСЕ можа зрабіць ужо зараз, каб паўплываць на сітуацыю ў нашай краіне: прызначыць дакладчыка па Беларусі ці аднавіць дзейнасць працоўнай групы, выключыць з Парламенцкай асамблеі «парламент» Беларусі, не прызнавайце гэтых «выбараў». 

    Таксама беларуская лідарка правяла сустрэчу з міністрам замежных справаў Аўстрыі Аляксандрам Шаленбергам. Узнімаліся пытанні легалізацыі. Шаленберг распавёў, што зараз Аўстрыя будзе прызнаваць пратэрмінаваныя беларускія пашпарты сапраўднымі. Бакі дамовіліся аб распрацоўцы інструкцыі па легалізацыі для беларусаў Аўстрыі. Святлана Ціханоўская заклікала міністра прызначыць спецпасланніка па Беларусі, які будзе працаваць з дэмакратычнымі сіламі. 

    ДЗЕНЬ РОДНАЙ МОВЫ. 21 лютага, у Дзень роднай мовы, Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў: «Яшчэ тры гады таму я сама не вельмі ўпэўнена пачувалася, калі размаўляла на беларускай мове. Вы, дарагія мае, натхнялі мяне, дапамагалі, матывавалі. Беларуская мова – гэта наш унікальны пароль, які ведаем толькі мы з вамі. Захоўвайце родную мову, аберагайце, перадавайце дзецям. Бо пакуль жыве нашая мова, будзе жыць і нашая нацыя».

    З нагоды Дня роднай мовы прадстаўнікі і прадстаўніцы Офіса Святланы Ціханоўскай і Аб’яднанага Пераходнага Кабінета распавялі пра ўлюблёныя кнігі на беларускай мове, а таксама падзяліліся цікавымі асабістымі гісторыямі, звязанымі з беларускай літаратурай. Падрабязней – у картках.

    Акрамя таго, 21 лютага беларуская лідарка разам з прадстаўніцай Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па нацыянальным адраджэнні Алінай Коўшык прыняла ў сваім офісе беларускіх культурных дзеячаў Літвы. Сярод удзельнікаў сустрэчы былі пісьменнікі, мастакі, архітэктары, рэжысёры, акторы ды прадстаўнікі іншых сфераў культуры. Святлана Ціханоўская падзякавала за ўдзел у справе пашырэння беларускай мовы, а таксама адзначыла, што зараз захаванне нашай ідэнтычнасці – адзін з прыярытэтаў

    ГАДАВІНА ВАЙНЫ. 24 лютага, у другую гадавіну пачатку вайны Расіі супраць Украіны, Святлана Ціханоўская выпусціла відэазварот. Яна нагадала, што тысячы беларусаў аб’ядналіся супраць вайны: сабатавалі расійскі чыгуначны транспарт, адправіліся ваяваць за Украіну. «Таму што мы разумеем, што гэта не толькі іх вайна. Гэта нашая агульная вайна за свабоду. Без вольнай Украіны і Беларусі не будзе міру і свабоды ў Еўропе. Зараз свет стаіць перад выбарам, які назаўжды зменіць ход еўрапейскай гісторыі. Падтрымаць тых, хто змагаецца з тыраніяй, ці паддацца шантажу тыранаў? Пакінуць украінцаў сам-насам з Пуціным і аддаць Беларусь імперыі ці ўзяць на сябе адказнасць?

    Я заклікаю вас – дапамажыце Украіне выйграць гэтую вайну і спыніць захопнікаў. Дапамажыце беларусам вызваліць сваю краіну і ліквідаваць гнілую дыктатуру. Нам патрэбныя не толькі словы падтрымкі, але і дзеянні. Слава Украіне. Жыве Беларусь».

    ВІЗІТ ВА УКРАІНУ. Галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка і дарадца па парламенцкім супрацоўніцтве і Канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька знаходзяцца ў Кіеве з працоўным візітам. Адной з першых адбылася сустрэча з дарадцам прэзідэнта Зяленскага Міхаілам Падаляком. Бакі абмеркавалі беларуска-ўкраінскія адносіны і планы на бліжэйшы час.

    Акрамя таго, дарадцы ўзялі ўдзел у Ялцінскай канферэнцыі ў Кіеве. Канферэнцыя прымеркаваная да гадавіны поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. Удзел у ёй бяруць лідары і палітыкі шэрагу дзяржаваў, прадстаўнікі кіраўніцтва Украіны, дэпутаты, эксперты і вайскоўцы.

    Таксама прадстаўнікі Святланы Ціханоўскай сустрэліся з прадстаўнікамі Штаба Палка Каліноўскага, з якімі абмеркавалі супрацоўніцтва і падтрымку для беларускіх добраахвотнікаў. 

    БРЫФІНГ ДЛЯ АМБАСАДАРАЎ У ВІЛЬНІ. 23 лютага У Офісе Святланы Ціханоўскай адбылася вялікая сустрэча спецпасланнікаў і дыпламатаў, якія працуюць па беларускіх пытаннях. Удзел бралі прадстаўнікі больш чым 15 краінаў: Канады, Чэшскай Рэспублікі, Эстоніі, Францыі, Германіі, Ірландыі, Ізраіля, Латвіі, Літвы, Нарвегіі, Польшчы, Іспаніі, Швецыі, Украіны, Вялікабрытаніі, ЗША. Да сустрэчы таксама далучыўся амбасадар Украіны для асаблівых даручэнняў у справе Беларусі Ігар Кізім. Падчас дыскусіі абмяркоўвалі шляхі прыцягнення рэжыму да адказнасці, а таксама падтрымку грамадзянскай супольнасці і медыя.

    БЕЛАРУСЬ-УКРАІНА. 23 лютага Святлана Ціханоўская правяла сустрэчу з амбасадарам Украіны для асаблівых даручэнняў у справе Беларусі Ігарам Кізімам. Беларуская лідарка павіншавала амбасадара з прызначэннем і выказала словы салідарнасці і падтрымкі Украіне. Бакі абмеркавалі пачатак беларуска-ўкраінскага дыялогу і магчымае супрацоўніцтва паміж дэмакратычнай Беларуссю і Украінай. 

    БЕЛАРУСЬ-ЗША. Святлана Ціханоўская прыняла ў сваім Офісе Крыса Сміта. Намеснік памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША па Усходняй Еўропе знаходзіцца ў Вільні ў рамках Стратэгічнага дыялогу паміж дэмакратычнымі сіламі Беларусі і ЗША. Падчас сустрэчы бакі абмеркавалі сітуацыю з палітвязнямі і трагічную смерць Ігара Ледніка, план працы Стратэгічнага дыялогу на гэты год, падтрымку грамадзянскай супольнасці і рэпрэсаваных. Крыс Сміт паведаміў Ціханоўскай пра новы пакет санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі і яго памагатых за саўдзел у вайне Расіі супраць Украіны і незаконны вываз украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў у Беларусь.

    КАНФЕРЭНЦЫЯ БЕЛАРУСАЎ СВЕТУ. Па ініцыятыве Святланы Ціханоўскай 23 і 24 сакавіка ў Празе адбудзецца Канферэнцыя беларусаў і беларусак свету. Асноўныя тэмы Канферэнцыі – узмацненне патэнцыялу беларускай супольнасці за мяжой і наладжванне сталай працы па найбольш актуальных напрамках. Каб усе важныя пытанні былі прадстаўлены на панэлях, мы просім вас дапамагчы арганізатарам і пакінуць прапановы па напаўненню праграмы. Зрабіць гэта можна праз запаўненне гугл-формы. Зарэгістравацца на Канферэнцыю беларусаў і беларусак свету можна па гэтай спасылцы

    МОЛАДЗЕВАЯ ПАЛІТЫКА. Дарадца Святланы Ціханоўскай па моладзевай палітыцы і студэнтам Маргарыта Ворыхава – першая ў гісторыі прадстаўніца Беларусі ў Кансультатыўнай радзе па справах моладзі Рады Еўропы. Кансультатыўная рада па справах моладзі Рады Еўропы – унікальная платформа для супрацоўніцтва ўрадавых і моладзевых арганізацыяў кантынента. Па сутнасці, ад рашэнняў, прынятых падчас гэтых абмеркаванняў, залежыць фармаванне моладзевай палітыкі ў Еўропе. «Мая задача – абараняць інтарэсы маладых людзей з Еўропы і, вядома, з Беларусі. Галоўная мэта – заручыцца поўнай падтрымкай з боку дзяржаў-чальцоў Рады Еўропы ў імкненні Беларусі да дэмакратыі. Для нас гэта будзе значыць узмацненне падтрымкі беларусаў і беларусак на міжнароднай арэне», – тлумачыць Ворыхава.

    РАЗМОВЫ З БЕЛАРУСАМІ. На гэтым тыдні Святлана Ціханоўская разам з дарадцай па прававых пытаннях Крысцінай Рыхтэр правялі штотыднёвыя размовы з беларусамі. Прачытаць пра тое, што такое асабістыя размовы можна тут. 

    Таксама 22 лютага Святлана Ціханоўскай правяла размову з беларусамі Украіны. На сустрэчы беларусы падзяліся праблемамі, з якімі сутыкаюцца зараз – блакіроўка банкаўскіх рахункаў, праблемы з легалізацыяй, непрызнанне дыпломаў і пратэрмінаваныя пашпарты. Святлана Ціханоўскай адзначыла, што гэты шэраг праблем будзе перададзены Ігару Кізіму і іншым кантактам ва Украіне. Таксама беларуская лідарка заклікала беларусаў падтрымліваць нашых добраахвотнікаў ва Украіне. 

    МЕДЫЯ. Святлана Ціханоўская дала інтэрв’ю AP (Міжнароднае), БелСАТ (Беларусь), L’Express (Францыя), Express (Вялікабрытанія), TG3 (Італія), La Stampa (Італія), Голас Амерыкі (Міжнароднае).

    Апошнія навіны