Святлана Ціханоўская выступіла перад Агульным камітэтам па дэмакратыі, правах чалавека і гуманітарных пытаннях Парламенцкай асамблеі АБСЕ ў Вене:
«Паважаныя Старшыня,
Генеральны сакратар, Раберта!
Паважаныя члены ПА АБСЕ,
Я радая зноў выступаць перад вамі. Я нібы вярнулася ў кола сяброў. Сяброў, якія шануюць свабоду, дэмакратыю, справядлівасць і вяршэнства закона.
У нас адныя і тыя ж каштоўнасці. І мы верым у мірную, дэмакратычную і квітнеючую Еўропу.
Я ўдзячная ПА АБСЕ за вашую цвёрдую пазіцыю ў падтрымку Украіны і дэмакратычнай Беларусі. Нашыя народы змагаюцца не толькі за свае краіны, але і за самі каштоўнасці Еўропы.
На мінулым тыдні, калі я была ў Мюнхене, я даведалася пра смерць Аляксея Навальнага. А ў гэты аўторак мы даведаліся пра смерць Ігара Ледніка – аднаго з лідараў Сацыял-дэмакратычнай партыі Беларусі.
Гэтыя забойствы нагадваюць нам аб тым, што бяспека, дэмакратыя і правы чалавека ўзаемазвязаныя. Калі ўрад здзекуецца са свайго народа, катуе і забівае сваіх грамадзянаў, ён не будзе паважаць і сваіх суседзяў і міжнародны парадак.
Ігара Ледніка адправілі ў турму пасля таго, як ён напісаў артыкул, у якім крытыкаваў Саюзную дзяржаву Беларусі і Расіі і абвінаваціў Расію ў парушэнні Будапешцкага мемарандума і сваіх міжнародных абавязацельстваў. Ён лічыў, што Расія з’яўляецца галоўнай пагрозай міру ў Еўропе. І за свае погляды ён паплаціўся жыццём.
Гэтыя забойствы таксама нагадваюць нам, чаму мы павінныя зрабіць усё, каб дапамагчы Украіне перамагчы і падтрымаць тых, хто змагаецца за свабоду ў Беларусі.
Пакуль не пераможа Украіна, Беларусь не зможа стаць вольнай. Але і наадварот: пакуль Беларусь не стане свабоднай, Украіна не зможа адчуваць сябе ў бяспецы, а ў Еўропе не наступіць мір.
Дарагія сябры,
Ствараецца адчуванне, што Пуцін і Лукашэнка нас правяраюць. Яны кідаюць выклік міжнароднай супольнасці, каб зразумець, наколькі далёка яны змогуць зайсці без наступстваў.
Цяпер за кратамі знаходзяцца тысячы палітвязняў, у тым ліку лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, журналіст Анджэй Пачобут, актывістка Маша Калеснікава і мой муж Сяргей, якога мае дзеці не бачылі ўжо чатыры гады. Як і многіх іншых палітвязняў, яго ўжо год трымаюць без сувязі са знешнім светам, і я не ведаю, ці жывы ён.
Іх лёс напрамую залежыць ад міжнароднай рэакцыі. Калі справа абмяжуецца «глыбокімі спачуваннямі» (а пакуль усё выглядае менавіта так), то нам варта рыхтавацца чуць такія жудасныя навіны ўсё часцей і часцей. Нельга дапусціць гэтага.
Лукашэнка і Пуцін павінныя атрымаць магутны і рашучы адказ – санкцыі і поўную ізаляцыю, якія нельга адмяняць, пакуль людзі не будуць вызваленыя, а вінаватыя не будуць прыцягнутыя да адказнасці.
Дарагія сябры,
Вы спытаецеся: а што можа зрабіць ПА АБСЕ для Беларусі?
Па-першае, ПА АБСЕ павінная даць Лукашэнку зразумець, што на яго злачынствы не будуць заплюшчваць вочы. Нам патрэбны голас у ПА АБСЕ, які будзе дакладваць аб сітуацыі ў Беларусі. Прапаную прызначыць дакладчыка па Беларусі ці перазапусціць працоўную групу па Беларусі, якая раней была ў гэтай асамблеі.
Па-другое, у гэтую нядзелю рэжым правядзе фіктыўныя выбары ў так званы парламент. Якіх выбараў можна чакаць, калі ўсе апаненты альбо ў турме, альбо ў вымушанай эміграцыі? Палітычныя партыі, якія падтрымліваюць дэмакратыю, забароненыя. Назіральнікаў няма. Сумленнага падліку галасоў няма. Імёны сяброў выбарчых камісіяў зараз трымаюцца ў таямніцы. Узброеныя салдаты патрулююць участкі, каб запалохаць выбаршчыкаў. Больш падобна на вайсковую аперацыю, чым на выбары.
Я заклікаю ПА АБСЕ не прызнаваць гэтыя выбары. Як гэта ўжо зрабіла ПАРЕ. Як гэта зрабіў Еўрапарламент. Як гэта зрабілі прадстаўнікі больш за 100 палітычных партыяў у снежні мінулага года.
Людзі, якіх прызначаць у так званы парламент, не прадстаўляюць народ. Ім не патрэбны дыялог. Для іх ПА АБСЕ толькі трыбуна для распаўсюджвання хлусні і апраўдання тэрору.
Яны спадзяюцца, што ПА АБСЕ заплюшчыць вочы на фіктыўнасць гэтых выбараў і зробіць выгляд, што ўсё так і павінна быць.
Але ўсё мусіць быць не так. І нельга рабіць выгляд, што ўсё нармальна. Я заклікаю вас пасля прызначэння новых дэпутатаў выключыць так званы парламент Беларусі са складу Парламенцкай асамблеі.
Я разумею, што ў АБСЕ шануецца дыялог. Але ці хочаце вы весці дыялог з катамі і забойцамі? Паплечнікі Лукашэнкі не прадстаўляюць народ Беларусі.
ПА АБСЕ ўжо памылілася, прызнаўшы кішэнны парламент Лукашэнкі ў 2000 годзе. Тады дыктатар распусціў сапраўдны парламент і забіў тагачаснага выконваючага абавязкі яго спікера Віктара Ганчара. Надышоў час выправіць гэтую памылку.
Па-трэцяе, прашу вас запрасіць у якасці назіральнікаў прадстаўнікоў беларускага дэмакратычнага руху і палітычных партыяў. Яны ўжо ўдзельнічаюць у працы ПАРЕ. Дзякуючы іх удзелу, у ПА АБСЕ таксама з’явіцца голас беларусаў, а ПА АБСЕ праявіць адвагу і прыхільнасць сваім прынцыпам.
Мы жывём у няпросты час. А няпростыя часы патрабуюць адпаведных рашэнняў.
Дарагія сябры,
Дазвольце мне запэўніць вас, што дэмакратычная Беларусь стане краевугольным каменем рэгіянальнай стабільнасці і міжнароднай бяспекі.
З вашай дапамогай мы зможам аднавіць справядлівасць і вяршэнства закону.
Мы правядзем свабодныя і сумленныя выбары пад наглядам АБСЕ. І дэмакратычна абраныя парламентарыі зоймуць свае месцы ў гэтай зале.
Гэта не проста мара. Гэта план.
Вядома, каб рэалізаваць яго, нам патрэбны час і намаганні. Але з вашай дапамогай мы пройдзем гэты шлях хутчэй.
Дзякуй».