Беларуская лідарка выступіла на агульнай сустрэчы чальцоў групы «За дэмакратычную Беларусь» у АБСЕ, якая прайшла ў Вене. Сярод удзельнікаў – прадстаўнікі Эстоніі, Нарвегіі, Швецыі, Францыі, Польшчы, Літвы, Германіі, Канады, Вялікабрытаніі і ЗША.
Прыводзім самыя важныя выказванні Святланы Ціханоўскай.
📌 «АБСЕ павінна патрабаваць аказання дапамогі беларускім палітвязням і доступ да іх. Хіба мы не павінныя паспрабаваць хаця б даведацца, якія ўмовы ўтрымання нашага нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага? А як наконт Вольгі Залатар – маці пяцярых дзяцей? Ці Рыгора Кастусёва, лідара БНФ, які ў зняволенні пакутуе на анкалогію? Нават калі запыты на доступ застаюцца без увагі ці адхіляюцца, вы павінныя іх падаваць».
📌 «Мы склалі гуманітарны спіс з больш за 200 палітвязняў, якія знаходзяцца ў цяжкім стане. Туды трапіў і Ігар Леднік, які на гэтым тыдні памёр у лукашэнкаўскай турме. Мы не можам вярнуць яго жыццё, але мы павінныя перадухіліць новыя смерці. Я заклікаю вашыя ўрады ўзняць пытанне неадкладнага вызвалення палітвязняў на ўзроўні ААН. А вашыя дыпламаты ў Мінску могуць запатрабаваць доступ у турмы, асабліва да тых, хто знаходзіцца ў рэжыме інкамунікада».
📌 «Тое, што рэжым адмовіўся запрасіць на «Адзіны дзень галасавання» міжнародных назіральнікаў ад АБСЕ, гаворыць само за сябе. Я заклікаю АБСЕ адмовіцца ад прызнання вынікаў гэтага мерапрыемства, а таксама працягваць дакументацыю парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі».
📌 «Ізаляцыя рэжыму не раўняецца ізаляцыі людзей. Неабходна спрасціць працэс атрымання візаў, відаў на жыхарства і пашпартоў замежніка для беларусаў. У сакавіку ў нас з’явяцца першыя ўзоры новага беларускага пашпарта – я заклікаю вашыя ўрады падтрымаць гэты праект».