У Дзень роднай мовы, 21 лютага, беларуская лідарка разам з прадстаўніцай Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па нацыянальным адраджэнні Алінай Коўшык прыняла ў сваім офісе беларускіх культурных дзеячаў Літвы. Сярод удзельнікаў сустрэчы былі пісьменнікі, мастакі, архітэктары, рэжысёры, акторы ды прадстаўнікі іншых сфераў культуры.
Святлана Ціханоўская падзякавала за ўдзел у справе пашырэння беларускай мовы, а таксама адзначыла, што зараз захаванне нашай ідэнтычнасці – адзін з прыярытэтаў:
«Рэжым спрабуе задушыць усё жывое, што засталося ў краіне, а ў любой актыўнасці і творчасці – ён бачыць пагрозу для свайго існавання. Усё беларускае – для яго чужое і варожае. Магчыма, ніколі раней у нашай гісторыі пытанне захавання нацыянальнай ідэнтычнасці не стаяла так востра, як цяпер. Я веру, што моцная беларуская ідэнтычнасць – гэта найлепшы антыдот рускаму свету».
Падчас дыялогу ўдзельнікі абмеркавалі актуальныя праблемы, з якімі сутыкаюцца беларусы ў Літве, а таксама пагаварылі пра магчымасці супрацоўніцтва ў сферы культуры і арганізацыю супольных акцыяў і мерапрыемстваў.
Дзеячы культуры таксама падзяліліся са Святланай Ціханоўскай некаторымі праблемамі ў сферы культуры і распавялі аб тым, што існуе патрэба ў праграме падтрымкі беларускіх івэнтаў. Мастакі адзначылі: хацелася б наладзіць сувязі з літоўскімі арганізацыямі, каб публічна паказваць беларускую культуру. Таксама ў размове падкрэслівалася важнасць падтрымкі культурніцкай аналітыкі, крытыкі і акадэмічных даследаванняў.