• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Сейм Літвы супраць новых абмежаванняў да беларусаў, гадавіна Чарнобыля. Вынікі працы Офіса Святланы Ціханоўскай 22-28 красавіка 2024

    29 красавіка, 2024

    ЛІТОЎСКІ СЕЙМ НЕ ПРЫНЯЎ НОВЫЯ АБМЕЖАВАННІ СУПРАЦЬ БЕЛАРУСАЎ

    У Сейме Літвы не падтрымалі новыя абмежаванні ў дачыненні да беларусаў, якія маюць дазвол на жыхарства ў Літве. Прапановы прадугледжвалі абмежаванні на паездкі ў Беларусь і дазвалялі ануляваць віды на жыхарства беларусам, якія часта перасякаюць мяжу. За апошнія некалькі тыдняў дэмакратычныя сілы правялі дзясяткі кансультацыяў, сустрэчаў, размоваў і дыскусіяў – каб пераканаць літоўскіх палітыкаў не ўводзіць новыя абмежаванні. Святлана Ціханоўская выступіла супраць прапанаваных абмежаванняў, пры гэтым заклікала беларусаў з гуманітарнымі візамі ўстрымацца ад паездак у Беларусь. Паводле Ціханоўскай, прапанаваныя абмежаванні найперш ударылі б па дэмакратычна настроеных беларусах і абмежавалі б кантакты паміж тымі, хто выехаў і застаўся. Законапраект не быў падтрыманы, Ціханоўская падзякавала дэпутатам літоўскага Сейма.

    КАНФЕРЭНЦЫЯ ПА СІТУАЦЫІ З БЕЛАРУСКАЙ ГРАМАДОЙ У ЛІТВЕ

    Прадстаўнікі Офіса Святланы Ціханоўскай узялі ўдзел у непублічнай канферэнцыі з удзелам літоўскіх уладаў, экспертаў, дыяспары і прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў. Абмяркоўвалі праблемы беларускай супольнасці ў Літве і шляхі паляпшэння беларуска-літоўскіх адносінаў. Таксама Святлана Ціханоўская сустрэлася з лідарамі думак у Літве, журналістамі і палітыкамі. 

    ГАДАВІНА ЧАРНОБЫЛЬСКАЙ ТРАГЕДЫІ

    26 красавіка прайшлі 38-ыя ўгодкі Чарнобыльскай трагедыі. Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў: «Сёння – 38-я гадавіна аварыі на Чарнобыльскай АЭС, якая закранула амаль кожную беларускую сям’ю. Гэта прыклад безадказнасці і беспакаранасці ўладаў, а найвышэйшую цану за іх плацяць людзі. І хоць з моманту трагедыі прайшло амаль 40 гадоў, на жаль, мы не можам сказаць, што рызыкаў яе паўтарэння не існуе».

    У мностве гарадоў прайшлі акцыі і імпрэзы, прысвечаныя гадавіне аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У памяць аб ахвярах аварыі на Чарнобыльскай АЭС Офіс Святланы Ціханоўскай ініцыяваў ускладанне кветак да помніку «Маці Чарнобыля» ў Вільні. Разам з беларускай лідаркай памяць пра трагедыю ўшанавалі амбасадарка па асобых даручэннях Літвы па Беларусі, амбасадары Нарвегіі, Канады, Іспаніі, Ірландыі і Эстоніі, а таксама прадстаўнікі амбасадаў Польшчы, ЗША, Ізраіля і Украіны, а таксама актывісты і актывісткі, прадстаўнікі грамадскіх арганізацыяў. Напярэдадні гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС каманда Офіса падрыхтавала карткі, дзе распавяла пра беларускія ініцыятывы, якія займаюцца тэмай экалогіі і энергетычнай бяспекі.

    САМІТ СПІКЕРАЎ ПАРЛАМЕНТАЎ ЕС

    22-23 красавіка Святлана Ціханоўская наведала Мальёрку з працоўным візітам, дзе ўзяла ўдзел у Саміце спікераў парламентаў ЕС. Беларуская лідарка выступіла з прамовай, у якой заклікала ўдзельнікаў падтрымаць еўрапейскую перспектыву для Беларусі. Таксама падчас Саміту Ціханоўская сустрэлася з шэрагам спікераў шматлікіх еўрапейскіх парламентаў. Беларуская лідарка абмеркавала з палітыкамі падтрымку грамадзянскай супольнасці, медыя і дэмакратычных сілаў, а таксама заклікала працягваць ціск на рэжым і дапамагаць рэпрэсаваным беларусам.

    ПАСЯДЖЭННЕ АБ’ЯДНАНАГА ПЕРАХОДНАГА КАБІНЕТА

    23 красавіка адбылося пасяджэнне Аб’яднанага пераходнага кабінета з удзелам Святланы Ціханоўскай. Абмеркавалі вынікі міжнароднай працы, палітычную сітуацыю ў Беларусі, а таксама выбары ў Каардынацыйную раду. Выбары ў Каардынацыйную раду пройдуць 25 траўня. У выбарах у Каардынацыйную раду бяруць удзел прадстаўнікі шэрагу грамадскіх арганізацыяў, палітычных структураў, блогеры. 

    ДЗЕНЬ НАРОДЗІНАЎ МАРЫІ КАЛЕСНІКАВАЙ

    24 красавіка, чацвёрты год запар за кратамі, Марыя Калеснікава сустракала Дзень народзінаў. Святлана Ціханоўская ў Дзень народзінаў Марыі Калеснікавай: «24 красавіка – дзень народзінаў Марыі Калеснікавай. Нашай Машы, чыя прамяністая ўсмешка стала падтрымкай для тысячаў беларусаў. Калі «рэжым з жанчынамі не ваюе», то як жа так атрымліваецца, што ўжо чацвёрты год Маша сустракае гэты дзень за кратамі? Што гэта, калі не вайна?»

    РАЗМОВЫ З БЕЛАРУСАМІ

    25 красавіка ў асабістых размовах з беларусамі разам са Святланай Ціханоўскай узяла ўдзел дарадца па пытаннях адукацыі і навукі Таццяна Шчытцова. Падчас размовы ўдзельнікі цікавіліся ў прафесаркі пра сучасны стан беларускай навукі, а таксама апавядалі пра перашкоды ў галіне адукацыі, з якімі сутыкнуліся самі. Прачытаць, што такое асабістыя размовы і як яны праходзяць, можна тут

    РЭАКЦЫЯ НА УНС

    24-25 красавіка ў Мінску прайшоў так званы Усебеларускі народны сход, закліканы зацвердзіць асноўныя напрамкі ўнутранай і знешняй палітыкі Беларусі. Дарадца Святланы Ціханоўскай па Канстытуцыйнай рэформе і парламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька пракаментаваў вынікі сходу: «Ці памятаеце вы рашэнні УНС, якія зрабілі больш шчаслівым і багацейшым вас – а не Лукашэнку, Качанаву, Карпянкова? У выбаршчыкаў забралі магчымасць выбіраць ці быць абранымі. Адпаведна, сход не паўплывае на пераразмеркаванне ўладных паўнамоцтваў».

    Напярэдадні УНС каманда Офіса падрыхтавала карткі, у якіх патлумачылі, што такое УНС і навошта рэжым яго праводзіць.

    СУСТРЭЧА З МОЛАДЗЕВЫМІ ЛІДАРАМІ І ПРАДСТАЎНІКАМІ ПАЛІТЫЧНЫХ ПАРТЫЯЎ

    27 красавіка Беларуская лідарка сустрэлася з прадстаўнікамі моладзевых палітычных арганізацыяў у сваім Офісе ў Вільні. У сустрэчы таксама ўзялі ўдзел дарадца па моладзевай палітыцы і студэнцтву Маргарыта Ворыхава і дарадца па парламенцкаму супрацоўніцтву Анатоль Лябедзька. Бакі абмеркавалі пытанне своечасовай выплаты стыпендыяў і павелічэння іх памераў, магчымасці супрацоўніцтва еўрапейскіх палітычных партыяў з моладзевымі арганізацыямі. Таксама Святлана Ціханоўская сустрэлася з прадстаўнікамі беларускіх палітычных партыяў.

    МЕДЫЯ

    Святлана Ціханоўская дала інтэрв’ю Зеркало (Беларусь), LRT (Літва), Наша Ніва (Беларусь), Il Sole 24 Ore (Італія).

    Апошнія навіны