24-25 красавіка ў Мінску прайшоў так званы Усебеларускі народны сход, закліканы зацвердзіць асноўныя напрамкі ўнутранай і знешняй палітыкі Беларусі.
Дарадца Святланы Ціханоўскай па Канстытуцыйнай рэформе і парламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька пракаментаваў вынікі сходу:
«Лукашэнка і ягоная прапагандысцкая вертыкаль заяўляюць публічна і не саромеючыся: у Беларусі – дыктатура. А УНС спрабуюць паднесці як прыклад народаўладдзя. Але пра якую ўладу народа можна казаць у сённяшняй Беларусі? Бо больш за 300 тысячаў беларусаў выдвараныя з краіны, ліквідаваныя больш за паўтары тысячы няўрадавых арганізацыяў, а ўсе апазіцыйныя партыі і незалежныя прафсаюзы знішчаныя. У выбаршчыкаў забралі магчымасць выбіраць ці быць абранымі. Адпаведна, сход не паўплывае на пераразмеркаванне ўладных паўнамоцтваў.
У новай Беларусі будзе адноўлены прынцып размеркавання ўлады, а парламенту вернуцца ягоныя паўнамоцтвы. Туды будуць уваходзіць дэпутаты, абраныя на свабодных і сумленных выбарах, падсправаздачныя толькі выбаршчыку».