«На дадзены момант гэта не прыняты закон, а толькі прапанова. Мы на сувязі з дэпутатамі Сейма – і паспрабуем іх пераканаць, што ў такім выглядзе папраўкі не павінны быць прынятыя.
Бо людзі, якія ўцяклі ад палітычнага пераследу, і так не могуць вярнуцца дадому, каб дапамагчы блізкім, наведаць пахаванне сваякоў ці паказаць дзецям родныя мясціны. А тыя, хто могуць перасякаць мяжу без страху апынуцца ў турме, робяць гэта не з любові да Лукашэнкі ці падтрымкі вайсковай агрэсіі супраць Украіны, а па асабістых прычынах.
Размаўляючы з еўрапейскімі палітыкамі, я падкрэсліваю: важна ізаляваць рэжым Лукашэнкі, а не беларусаў. Мы цудоўна разумеем, што насцярожвае літоўскіх партнёраў. Захоп самалёта Ryanair, міграцыйны крызіс, саўдзел рэжыму ў вайне, правакацыі на мяжы і ў заявах дыктатара выклікаюць занепакоенасць за бяспеку краіны. Але ў той жа час важна памятаць: адказнасць за гэта ляжыць не на беларусах, а на Лукашэнку.
Рэжым таксама імкнецца пасварыць беларусаў і літоўцаў. Як і Літва, мы зацікаўленыя выяўляць правакатараў і захоўваць добразычлівыя адносіны паміж людзьмі. Бо ў будучыні мы бачым на заходняй мяжы не высокую сцяну, а адчыненыя дзверы – з Еўропай у якасці добрага партнёра.
У той самы час я хачу звярнуцца да беларусаў: не трэба ездзіць у Беларусь, калі гэта пагражае небяспекай! Добрыя намеры не вартыя таго, каб апынуцца за кратамі. Абмен дакументаў ці здзелкі з нерухомасцю не зробяць вас шчаслівымі, калі не будзе магчымасці ўсім гэтым скарыстацца. І ўжо тым больш не перасякайце мяжу, калі вы – уладальнік гуманітарнай візы ці палітычнага прытулку. Бо гэта не толькі сігнал для рэжыму звярнуць на вас павышаную ўвагу, але і нагоду для дзяржаўных органаў Літвы ануляваць дазвол на часовае знаходжанне. Паколькі вы ўказалі падставай для яго выдачы немагчымасць вярнуцца ў сваю краіну».