Святлана Ціханоўская: «24 красавіка – дзень народзінаў Марыі Калеснікавай. Нашай Машы, чыя прамяністая ўсмешка стала падтрымкай для тысячаў беларусаў. Калі «рэжым з жанчынамі не ваюе», то як жа так атрымліваецца, што ўжо чацвёрты год Маша сустракае гэты дзень за кратамі? Што гэта, калі не вайна?
У Беларусі зараз амаль дзве сотні жанчын-палітвязняў, сумарна прысуджаных да сотняў гадоў за кратамі. А час, які адбірае ў іх рэжым – немагчыма папоўніць. Гэта гады, якімі яны павінны насалоджвацца на волі. Пісаць кнігі і складаць музыку. Вывучаць новыя прафесіі і праводзіць рэформы ў палітыцы. Падарожнічаць і развівацца. Быць вольнымі.
Таму так важна працягваць падтрымліваць палітвязняў і іх сем’і: сваімі гісторыямі ў лістах, добрымі словамі і данатамі, калі гэта для вас бяспечна. Нашае адзінства, салідарнасць і чалавечнасць – гэта тое, што дапаможа нам выстаяць даўжэй за любы рэжым і разам прыйсці да таго, у што мы верым.
Сям’я Машы без сувязі з ёй ужо больш за год. І я не ведаю, калі нашыя лісты і віншаванні дойдуць да адрасаткі. Ці дойдуць увогуле?
Але я ведаю напэўна, якому падарунку яна была б радая. Абдыміце тых, хто побач з вамі. Патэлефануйце тым, хто далёка. Будзьце адзін у аднаго. Памятайце пра тое, што сказала Маша: «Каханне мацнейшае за страх». Як мага часцей нагадвайце пра гэта сабе і рабіце ўсё, што ў вашых сілах, каб даказаць слушнасць гэтых словаў».