Беларуская лідарка сустрэлася з прадстаўнікамі моладзевых палітычных арганізацыяў у сваім Офісе ў Вільні. У сустрэчы таксама ўзялі ўдзел дарадца па моладзевай палітыцы і студэнцтву Маргарыта Ворыхава і дарадца па парламенцкаму супрацоўніцтву Анатоль Лябедзька.
«Важна, каб у палітычных і іншых органах голас моладзі быў улічаны, а яе ўплыў на прыняцце рашэнняў пашыраўся. І сённяшняя сустрэча прызначаная стаць крокам да дасягнення гэтай мэты», – адзначыла Ворыхава.
Падчас сустрэчы ўдзельнікі надалі асаблівую ўвагу абароне правоў студэнтаў, у тым ліку пытанню своечасовай выплаты стыпендыяў і павелічэнню іх памераў. Акрамя таго, абмеркавалі магчымасці супрацоўніцтва з моладзевымі арганізацыямі еўрапейскіх палітычных партыяў. Ішла гаворка і пра арганізацыю сустрэчаў у Сенаце і Сейме Польшчы: яны стануць ключавымі для вырашэння пытання інтэграцыі маладых беларусаў. Напрыканцы бакі абмеркавалі арганізацыю сустрэчы Святланы Ціханоўскай з беларускімі студэнтамі ў Познані.