Святлана Ціханоўская: «Сёння – 38-я гадавіна аварыі на Чарнобыльскай АЭС, якая закранула амаль кожную беларускую сям’ю. Гэта прыклад безадказнасці і беспакаранасці ўладаў, а найвышэйшую цану за іх плацяць людзі. І хоць з моманту трагедыі прайшло амаль 40 гадоў, на жаль, мы не можам сказаць, што рызыкаў яе паўтарэння не існуе.
Адна з такіх пагрозаў – Астравецкая АЭС. Пры ўсёй нядбайнасці рэжыму, яна становіцца бомбай запаволенага дзеяння. Жахліва нават уявіць маштаб экалагічнай катастрофы, да якой рэжым можа прывесці краіну. Акрамя таго, дыктатар размяшчае ў Беларусі расійскую ядзерную зброю і тым самым ператварае краіну ў мішэнь. Для яго гэта – інструмент, каб пагражаць суседзям і падняць уласную значнасць. Але закладнікамі гэтай безадказнай палітыкі становяцца 9 мільёнаў чалавек.
Сёння рэжым ператварае нашу краіну ў гуманітарны Чарнобыль. Тысячы людзей знаходзяцца ў турмах. Сотні тысяч выехалі.
Але з іншага боку, апошнія гады шмат чаму нас навучылі. Мы навучыліся жыць, не спадзяваючыся на дзяржаву. Мы навучыліся падтрымліваць, дапамагаць адно аднаму, адстойваць свае інтарэсы і каштоўнасці. Калі дзяржава паводзіць сябе безадказна – мы навучыліся браць адказнасць за лёс сваёй краіны і змагацца за яе будучыню.
Мае дарагія! Наш шлях да будучыні не павінен быць Чарнобыльскім. Ён павінен быць бяспечным для нас і нашых дзяцей. Я ўпэўненая: мы абавязкова ўбачым нашую краіну без ядзернай пагрозы. І без дыктатуры, якая да ўсяго гэтага прывяла».