Святлана Ціханоўская выступіла з прамовай на Саміце спікераў парламентаў ЕС на Мальёрцы:
«Паважаныя ўдзельнікі,
Сёння я звяртаюся да вас ад імя адважных беларусаў, якія працягваюць змагацца: за сваю свабоду, за дэмакратыю і за еўрапейскую будучыню. Наш пратэст сышоў у падполле, але людзі не здаліся.
Я выступаю і ад імя тых, у каго забралі голас, каго заключылі ў турмы, каго прымушаюць маўчаць, каго прыгнятаюць. Сярод тысячаў палітычных зняволеных – мой муж. Мае дзеці не бачылі яго чатыры гады. І я не ведаю, ці жывы ён увогуле.
У людзей за кратамі няма права на стомленасць. Няма яго і ў адважных украінцаў, якія змагаюцца ў акопах. У нас яго таксама няма.
Думаючы пра нашую барацьбу, адразу ўспамінаеш пра кошт свабоды. Свабоду лёгка страціць, але вельмі цяжка вярнуць.
Сёння мая краіна ўзятая ў закладнікі двума захопнікамі – Лукашэнкам і Пуціным. Іх мэта – аднавіць імперыю зла і разбурыць дэмакратычнае адзінства ў свеце.
Лёс Еўропы зараз вырашаецца не толькі ва Украіне і Беларусі, але і ў Малдове, Грузіі і Арменіі.
Наш народ хоча быць часткай Еўропы, а не «рускага свету». І гаворка ідзе не толькі пра лепшае жыццё. Гэта пытанне нашага выжывання як нацыі.
І дазвольце мне падкрэсліць: дыктатары не спыняцца, пакуль не спынім іх мы. Іх нельга ўлагодзіць. Іх нельга перавыхаваць. Іх можна толькі перамагчы.
І надышоў час дэмакратыям паказаць свае зубы.
У барацьбе за дэмакратыю патрэбныя абаронцы. І многія з іх знаходзяцца з намі ў гэтай залі.
Такія абаронцы, такія як Франсіна Арменголь, якая праводзіць сённяшняе мерапрыемства. Дзякуй, што ўключылі Беларусь у парадак дня.
Такія абаронцы, як Вікторыя Чміліце-Нільсен, якая падтрымлівае беларусаў у літоўскім парламенце. Дзякуй, што падзяляеце беларусаў і расіянаў.
Такія абаронцы, такія як Шыман Галоўня. Польшча прыняла тысячы беларусаў і ўкраінцаў, якія ўцяклі ад вайны і рэпрэсіяў, і падтрымала нашыя незалежныя СМІ.
Такія абаронцы, як Маркета Пекарава або Мілаш Выстрчыл, Бэрбэль Бас або Аніта Дзімітрыу.
Я хачу сказаць дзякуй усім спікерам у гэтай зале за абарону дэмакратыі.
Парламенты могуць змяніць сітуацыю. У адрозненне ад многіх, вы можаце называць рэчы сваімі імёнамі: Лукашэнка і Пуцін – злачынцы. А Беларусь – гэта Еўропа, а не Расія…
Падтрымайце еўрапейскія памкненні беларусаў. Трэба, каб, калі надыдзе час, дзверы ЕС былі адчыненыя для нас.
Выступайце з заявамі, арганізуйце слуханні па Беларусі. Стварайце групы ў падтрымку дэмакратычнай Беларусі ў вашых парламентах і давайце ім афіцыйны статус. Пакажыце на практыцы, што вы прызнаеце дэмакратычную Беларусь, а не нелегітымны рэжым у Мінску.
На наступным тыдні мы падпішам мемарандум аб супрацоўніцтве з Еўрапейскім парламентам. Так, раней так не рабілі. Але мы жывем у няпростыя часы, і ў такія часы простых рашэнняў нядосыць. Отмар Карас – дзякуй вам!
Я таксама заклікаю вас стаць сімвалічнымі хроснымі для нашых палітычных вязняў. Станьце іх голасам. Раскажыце іх гісторыі. Нельга, каб яны адчувалі сябе кінутымі.
Урэшце, давайце дапаможам Украіне выйграць гэтую вайну. Таму што гэта не «нечая» вайна, гэта нашая агульная вайна за свабоду.
Жыве Беларусь! Слава Украіне! Жыве Еўропа!»