V КАНФЕРЭНЦЫЯ БЕЛАРУСАЎ І БЕЛАРУСАК СВЕТУ
1–2 траўня ў Варшаве праходзіла V Канферэнцыя беларусаў і беларусак свету. На працягу двух дзён удзельнікі абмяркоўвалі беларускую ідэнтычнасць у замежжы, паспяховыя кейсы з розных краінаў і практычныя рашэнні для беларусаў за мяжой.
Святлана Ціханоўская выступіла на адкрыцці з вітальнай прамовай, у якой падкрэсліла, што за гэтыя гады беларусы не толькі захавалі еднасць, але і навучыліся разам адказваць на новыя выклікі.
Канферэнцыя сабрала прадстаўнікоў дыяспараў, экспертаў і актывістаў, каб разам абмеркаваць актуальныя выклікі, падзяліцца досведам і ўзмацніць супрацоўніцтва паміж беларускімі супольнасцямі. У першы дзень афлайн удзел прынялі не менш за 185 чалавек. Завяршэннем дня сталі дэбаты кандыдатаў і кандыдатак у Каардынацыйную Раду пра ролю гэтага органа для беларусаў замежжа.
На другі дзень да ўдзельнікаў звярнуўся Франак Вячорка: «Трэба будаваць беларускі кейс і беларускую гісторыю. Цяпер усе вучацца ў нас, і ныцця, што ўсё кепска, недастаткова — гэта дэматывуе. Трэба больш паспяховых прыкладаў і матывацыі адно аднаго. Толькі супрацоўніцтва паміж дэмакратычнымі сіламі і дыяспарамі даюць вынік».
Напрыканцы канферэнцыі Святлана Ціханоўская звярнулася да прысутных з прамовай, у якой падзякавала беларускай супольнасці за еднасць, узаемную падтрымку і гатоўнасць працягваць супольную працу.
САМІТ ТРОХМОР’Я
З 28 па 30 красавіка Святлана Ціханоўская знаходзілася ў працоўным візіце ў Харватыі, дзе наведала Саміт Трохмор’я. Там беларуская лідарка правяла шэраг важных сустрэч:
– з прэзідэнтам Літвы Гітанасам Науседам. Бакі абмеркавалі вызваленне палітычных зняволеных, сітуацыю вакол ЕГУ, а таксама падтрымку беларусаў у Літве.
– з прэзідэнтам Польшчы Каралем Наўроцкім. Бакі абмеркавалі вызваленне Анджэя Пачобута, апошнія падзеі, а таксама далейшыя крокі ў супрацоўніцтве паміж Беларуссю і Польшчай.
– з прэзідэнтам Румыніі Нікушарам Данам. Бакі абмеркавалі паглыбленне супрацоўніцтва паміж Румыніяй і дэмакратычнымі сіламі Беларусі, магчымасць далучэння Румыніяй да Міжнароднага гуманітарнага фонду, супрацоўніцтва з недзяржаўнымі арганізацыямі і перспектывы візіту ў Бухарэст.
– са спікерам парламента Эстоніі Лаўры Хусарам. Бакі абмеркавалі пытанні санкцыйнай палітыкі, падтрымкі беларускай моладзі і перспектывы супрацоўніцтва.
Напрыканцы візіту дарадца Святланы Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька падвёў вынікі працоўнай паездкі ў Харватыю. Сярод галоўных дасягненняў: запушчаны працэс стварэння групы «За дэмакратычную Беларусь» у парламенце Харватыі, адбыліся кантакты з парламенцкімі дэлегацыямі, парламент Эстоніі разгледзіць магчымасць падпісання мемарандуму з дэмакратычнымі сіламі Беларусі.
ДЗЕНЬ КАНСТЫТУЦЫІ Ў ПОЛЬШЧЫ
3 траўня Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у святкаваннях з нагоды Дня Канстытуцыі ў Польшчы. На запрашэнне Прэзідэнта Польшчы яна прысутнічала на цырымоніі ўзнагароджання Анджэя Пачобута ордэнам Белага Арла — найвышэйшай дзяржаўнай узнагародай Польшчы. Пасля, разам з намеснікам кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Паўлам Латушкам і прадстаўнікамі польскіх уладаў, Ціханоўская прайшла ўрачыстым маршам па цэнтры Варшавы і ўзяла ўдзел у мерапрыемствах у Прэзідэнцкім палацы.
СУСТРЭЧА З МАНТАСАМ АДАМЕНАСАМ
27 красавіка ў Вільнюсе дырэктар Офіса Святланы Ціханоўскай у Літве Дзяніс Кучынскі правёў сустрэчу са старшынём Кіроўнай Рады Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта і Генеральным сакратаром Супольнасці Дэмакратый Мантасам Адаменасам.
Сустрэча адбылася на фоне прызнання ЕГУ «экстрэмісцкай арганізацыяй» беларускім рэжымам. Асноўны фокус размовы — бяспека. Ужо ёсць першыя сігналы ціску і рызыкаў для тых, хто звязаны з універсітэтам: студэнтаў, іх сем’яў, выкладчыкаў, супрацоўнікаў і выпускнікоў. Асобна абмеркавалі стратэгічны кірунак — захаванне місіі ЕГУ як універсітэта ў выгнанні для беларусаў. Таксама закранулі падтрымку студэнтаў: магчымасць дадатковых стыпендыяў, аплаты навучання і рэальных шляхоў працягваць адукацыю ў бяспечных умовах.
СУСТРЭЧА З КАМАНДАЙ ПРЭМ’ЕР-МІНІСТАРКІ ЛІТВЫ
1 траўня дырэктар Офіса Святланы Ціханоўскай у Вільнюсе і дарадца па дыпламатычных пытаннях Дзяніс Кучынскі правёў сустрэчу з камандай прэм’ер-міністаркі Літвы Інгі Ругігіене. З літоўскага боку прысутнічалі дарадцы прэм’ер-міністаркі па пытаннях дыпламатыі Кястуціс Кудзманас і па пытаннях нацыянальнай бяспекі Відмантас Каладзінкас.
У цэнтры ўвагі перамоваў: планы Офіса ў Літве і прыярытэтныя напрамкі працы, санкцыйная палітыка, пытанні абмежаванняў беларусаў у Літве, гібрыдныя атакі рэжыму, важнасць падтрымкі і захавання ЕГУ.
МІЖНАРОДНЫ ІВЭНТ ПРЫСВЕЧАНЫ ЧАРНОБЫЛЬСКАЙ АВАРЫІ
27 красавіка ў Празе адбыўся міжнародны івэнт «Цень Чарнобыля праз 40 гадоў: забеспячэнне будучыні Беларусі і Украіны». Ён быў прысвечаны 40-й гадавіне Чарнобыльскай катастрофы і сучасным ядзерным пагрозам у рэгіёне. Мерапрыемства сабрала дыпламатаў, экспертаў і прадстаўнікоў дэмакратычных сіл, каб абмеркаваць, як Беларусь і Расія выкарыстоўваюць ядзерную інфраструктуру і рыторыку як інструмент геапалітычнага ціску. Мерапрыемства ўключала панэльную дыскусію, аналітычны брыфінг і прэзентацыю чарнавіка дакладу пра небяспеку ядзернай сферы ў Беларусі.
Мерапрыемства было арганізавана Офісам дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэшскай Рэспубліцы пры падтрымцы Офіса Святланы Ціханоўскай, Kaściuška Security Studies Institute (KSSI), BelPol і Амбасады Літвы ў Чэхіі.
ВЫЗВАЛЕННЕ АНДЖЭЯ ПАЧОБУТА
28 красавіка выйшлі на свабоду Анджэй Пачобут і яшчэ 4 палітвязняў. З гэтай нагоды Святлана Ціханоўская выступіла з відэазваротам:
«Гэта вялікая радасць для ягонай сям’і і для ўсіх нас — тых, хто падтрымліваў і чакаў Анджэя ўвесь гэты час. Ён правёў за кратамі больш за пяць гадоў толькі таму, што не адмовіўся ад праўды і сумленна пісаў пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Ягоная стойкасць, годнасць і непахіснасць сталі прыкладам для нас усіх».
1 ТРАЎНЯ
1 траўня Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў: «Беларусы і беларускі часта робяць тую штодзённую працу, якую не заўважаюць. Бацькі гадуюць дзяцей. Валанцёры даглядаюць старэйшых і хворых. Актывісты дапамагаюць былым палітвязням. А кожны набыты ў вымушанай эміграцыі навык, кожная новая праца, кожны захаваны бізнес — гэта ўнёсак у тое, каб мы вярнуліся дадому і аднавілі нашую краіну. Сіла, працавітасць і годнасць нашага народу — сапраўдны твар Беларусі».
ДЗЕНЬ СВАБОДЫ ПРЭСЫ
3 траўня Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў з нагоды дня свабоды прэсы: «Сёння я хачу падзякаваць усім журналістам — тым, хто ў турмах, у выгнанні і ўнутры краіны працягвае працаваць. Праўда — гэта самая вялікая небяспека для рэжыму і самая вялікая каштоўнасць для людзей».
ВЫБАРЫ Ў КААРДЫНАЦЫЙНУЮ РАДУ
Праз некалькі тыдняў адбудуцца выбары ў Каардынацыйную Раду чацвёртага склікання. З гэтай нагоды дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі Павел Церашковіч звярнуўся да гісторыі, каб паказаць важнасць гэтага працэсу:
«Сёння шмат хто незадаволены Каардынацыйнай Радай. У мяне таксама ёсць да яе пытанні. Але іншай у нас цяпер няма. Хочаце, каб за яе не было сорамна — выбірайце правераных, сумленных і прафесійных людзей. Галоўнае — каб яна была. Бо невядома, калі і як яна спатрэбіцца. А тое, што гэты момант настане, — у гэтым я ўпэўнены».
МЕДЫЯ
Зеркало (Беларусь), Позірк (Беларусь), AP News (Міжнароднае), Польскае радыё (Польшча), Polskie Radio Białystok (Польшча), Radio Bialystok (Польшча), Res Publica Nowa (Польшча), Fighting for democracy (Італія).
