• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Святлана Ціханоўская — з прамовай на закрыцці V Канферэнцыі беларусаў і беларусак свету 

    02 мая, 2026

    Сёння, 2 траўня, у Варшаве завяршылася V Канферэнцыя беларусаў і беларусак свету. На працягу двух дзён удзельнікі і ўдзельніцы абмяркоўвалі супольныя выклікі, дзяліліся досведам і шукалі практычныя рашэнні для беларусаў замежжа. 

    Напрыканцы канферэнцыі Святлана Ціханоўская звярнулася да прысутных з прамовай, у якой падзякавала беларускай супольнасці за еднасць, узаемную падтрымку і гатоўнасць працягваць супольную працу.

    «Дарагія мае беларусы,

    Пяты раз мы праводзім Канферэнцыю беларусаў свету, і кожная лепш за папярэднюю. Мабыць, гэтая была самая вялікая з усіх, што мы рабілі. Асабліва радая бачыць тых, хто прыехаў упершыню.

    Але ўразіла мяне не толькі колькасць, але і якасць, і падрыхтоўка. Сённяшняя праца ў групах і ўчорашняя пітч-сесія паспяховых праектаў — былі проста шыкоўныя. 

    Прагучала столькі класных ідэй — застаецца іх толькі маштабаваць. Мы пачулі ад іспанскай суполкі, як можна дабіцца прызнання пратэрмінаваных пашпартоў. Ад славенскай — як адкрываць банкаўскія рахункі. Ад грузінскай — як выжываць у палітычна неспрыяльным асяроддзі.

    У італьянскай дыяспары, ці клайпедскай суполкі — можам павучыцца супрацы з рэгіянальнымі ўладамі. У амерыканскай ABA — арганізацыі тураў і захавання традыцыяў, нават за акіянам. 

    У нямецкага «Разам», шведскіх ці чэскіх беларусаў — як выбудоўваць працэсы. Ва Уладзіміра Булаўскага — можна павучыцца, як прасоўваць беларускую культуру. А ў Народных амбасад — як правільна даносіць мэсэджы да палітыкаў.

    Амаль на ўсіх дыскусіях гучаў запыт на лепшую каардынацыю. І адным з вынікаў гэтай канферэнцыі стане запуск платформы «Krynica» — для абмену рэсурсамі паміж арганізацыямі і ініцыятывамі. Кожная суполка зможа дзяліцца інструментамі, а таксама звяртацца па дапамогу. Запыт на гэта гучаў яшчэ на мінулай канферэнцыі — і нарэшце нам удалося яго рэалізаваць.

    На такіх сустрэчах мяне не пакідае пачуццё гонару за беларусаў — за тое, як мы ўмеем арганізоўвацца, дабівацца свайго і вырашаць праблемы разам. За апошнія пяць гадоў многае змянілася, але запал нікуды не знік. Мы пасталелі і многаму навучыліся.

    Я згадваю сябе 5–6 гадоў таму — я была зусім зялёная і вучылася на хаду. І многаму вучылася менавіта ад вас. Мы праходзілі гэты шлях разам: сутыкаліся з выклікамі, шукалі рашэнні, святкавалі перамогі.

    Менавіта ад вас я чэрпаю энергію, натхненне, ідэі. Было шмат момантаў, калі я была на мяжы — але вы, ваша падтрымка і актыўнасць дапамаглі мне выстаяць. Без вас я б не выцягнула.

    Мы — адна вялікая каманда. Каманда «Беларусь». Мы працуем на розных флангах, у нас розныя таленты, якасці, у кожнага свая суперсіла. Калі нехта слабее, побач заўсёды ёсць той, хто падтрымае і выручыць. Так, у нас бываюць перамогі і бываюць паразы. Але мы працягваем дзейнічаць разам — і разам расці.

    Мы працягнем працу з міжнароднымі партнёрамі, каб вырашаць праблемы беларусаў у выгнанні: легалізацыю, развіццё культуры, адукацыі. 

    Для гэтага неабходна трымаць Беларусь у міжнародным фокусе — а гэта магчыма толькі калі дэмакратычныя сілы і дыяспара будуць працаваць разам, а не паасобку.

    Давайце рыхтавацца да выхаду новай групы палітвязняў. Незалежна ад таго, будуць яны дэпартаваныя, ці змогуць застацца ў Беларусі — мы павінны іх годна прыняць і дапамагчы.

    Давайце ўключаць у працу і тых вызваленых, хто ўжо ачуняў, і гатовы вяртацца ў грамадскае жыццё. Я ўпэўнена, яны дадуць нашаму руху новае дыханне.

    Новая сітуацыя стварае і пэўныя рызыкі: з выхадам людзей у партнёраў можа ўзнікнуць ілюзія, што сітуацыя ў Беларусі нібыта нармалізуецца, і яе можна адкласці ў нейкую шуфлядку на потым. 

    І замест вырашэння сістэмных праблем — застанецца статус-кво, а сітуацыя замарозіцца як ёсць цяпер. Гэтага нельга дапусціць.

    Мы павінны дамагацца не толькі вызвалення людзей, але і поўнай амністыі, поўнага спынення рэпрэсій, адмены пашпартнага дэкрэту. Каб беларусы маглі вяртацца дадому без страху.

    Гэта значыць, нас чакае яшчэ больш працы, яшчэ больш выклікаў, але мне здаецца, мы да іх падрыхтаваныя.

    Праз тыдзень з многімі з вас мы пабачымся ў Стакгольме, на шведска-беларускай канферэнцыі прысвечанай беларускай моладзі. Праз тры тыдні, 21–22 траўня — у Вільні на Кангрэсе палітвязняў. А ўжо ў пачатку чэрвеня — сустрэнемся на Форуме Касцюшкі ў Гданьску, які рыхтуем разам з польскім МЗС. 

    Карыстаючыся нагодай, хачу павіншаваць Польшчу з Днём Канстытуцыі 3 траўня. Гэта першая канстытуцыя ў Еўропе, якая стала часткай і нашай гісторыі. Яна нагадвае: беларусы — неад’емная частка Еўропы, еўрапейскай гісторыі і будучыні.

    І цяпер, калі стаіць пагроза нашай незалежнасці, калі ёсць рызыка яшчэ поўнага ўцягвання Беларусі ў вайну — мы павінны пра гэта казаць і нагадваць. 

    Што Беларусь — гэта не Лукашэнка, што Беларусь не Расея.

    Мы павінны быць голасам і тых беларусаў, якія застаюцца ўнутры краіны.

    Дарагія мае,

    Напрыканцы дазвольце сказаць усім вам, кожнаму і кожнай — дзякуй.

    Перш за ўсё нашай камандзе Офіса — за цудоўную арганізацыю. Дзякуй!

    Народным амбасадам, Прадстаўніцтву па адраджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, Белсату, NEXTA, SDBP, платформе «Тры сланы», Місіям дэмакратычных сілаў Чэхі, Эстоніі, Украіны — хто дапамагаў у арганізацыі — дзякуй.

    Усім удзельнікам, у тым ліку Цэнтру беларускай культуры ў Беластоку, Фонду Тутака, Асацыяцыі беларусаў Амерыкі, арганізацыі «Аксяродак» у Батумі, Razam з Германіі, Беларусам Швецыі, Беларускай дыяспары з Лодзі, Клайпеды, Таварыства Беларуская Дыяспара ў Польшчы. Дзякуй!

    Дзякуй валанцёрам, перакладчыкам, журналістам, партнёрам, дыпламатам, якія правялі гэтыя святочныя дні з намі. 

    Гэтая канферэнцыя сапраўды рабілася талакой — кожны робіць сваю частку працы і свой унёсак у агульную справу. На гэтым прынцыпе пабудаваны наш рух. І менавіта гэта робіць нас такімі моцнымі.

    Зычу вам спакойных выходных, бяспечнага вяртання дадому, і ўсім нам — вялікіх і малых перамог.

    Слава Украіне! Жыве Беларусь!».

    Апошнія навіны