• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Дарадца Ціханоўскай — пра важнасць Каардынацыйнай Рады і неабходнасць прымаць удзел у выбарах

    28 красавіка, 2026

    Праз некалькі тыдняў адбудуцца выбары ў Каардынацыйную Раду чацвёртага склікання. З гэтай нагоды дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі Павел Церашковіч звяртаецца да гісторыі, каб паказаць важнасць гэтага працэсу.

    «Вясной 1917 года Беларусь апынулася ў надзвычай драматычнай сітуацыі. Фронт дзяліў яе на дзве часткі. Каля мільёна беларусаў знаходзіліся ў войску, звыш паўтара мільёна сталі бежанцамі ў выніку прымусовай эвакуацыі на ўсход. Лютаўская рэвалюцыя адкрыла магчымасці для шырокай грамадзянскай актыўнасці. Часовы ўрад дэклараваў права народаў на самавызначэнне. Патрыёты Беларусі разумелі: прыйшоў час дзейнічаць.

    У сакавіку і ліпені адбыліся з’езды нацыянальных арганізацый. У лістападзе было прынята рашэнне склікаць Усебеларускі з’езд.

    Ён і стаў першым нацыянальным прататыпам парламента. Пасяджэнні доўжыліся амаль два тыдні. У іх удзельнічалі 1872 дэлегаты — прадстаўнікі саветаў рабочых, сялянскіх і салдацкіх дэпутатаў, земстваў, прафесійных арганізацый, вайсковых камітэтаў, супольнасцяў бежанцаў, а таксама нацыянальных меншасцяў з усіх куткоў Беларусі.

    13 снежня 1917 года была абраная Рада з’езда — усяго 71 чалавек, якія атрымалі мандат дзейнічаць ад яго імя. Падобна парламентарыям, дэлегаты працавалі ў фракцыях, камісіях і секцыях. На пасяджэннях культурна-асветніцкай секцыі была ўхвалена прапанова прафесара Я. Карскага аб адкрыцці беларускага ўніверсітэта.

    Аднак галоўным заставалася пытанне самавызначэння. Пасля гарачых спрэчак было прынята кампраміснае рашэнне: сфарміраваць Усебеларускі савет сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў, каб выратаваць край, усталяваць рэспубліканскі дэмакратычны лад і не дапусціць адарвання ад Расіі.

    Здавалася б, такое рашэнне павінна было задаволіць бальшавіцкі ўрад, які прыйшоў да ўлады ў выніку кастрычніцкага перавароту і таксама дэклараваў права народаў на самавызначэнне. Але не.

    Бальшавіцкія структуры ў Беларусі дзейнічалі інакш. Яны стварылі ўласныя органы ўлады, у якіх беларусы складалі ўсяго каля 2%. Беларусаў як асобны народ яны не прызнавалі, а Беларусь называлі «Заходняй акругай». Ніякага самавызначэння яны дапускаць не збіраліся. У ноч на 18 снежня 1917 года бальшавіцкія войскі разагналі з’езд.

    Створаная ім Рада працягнула дзейнасць у падполлі. Тым часам у Берасці ішлі перамовы паміж бальшавіцкім урадам і Германіяй аб заключэнні міру. Яны праходзілі няўдала, і пасля іх зрыву 18 лютага германскае войска пачало наступ на ўсход.

    Мінскія бальшавікі хутка зразумелі, што гэта не тое ж самае, што разганяць мірны з’езд. Ужо на наступны дзень іх у горадзе не было, а нямецкія войскі ўвайшлі ў Мінск толькі 21 лютага.

    І тут выявілася, што Рада — як тая сякера пад лавай — рэч вельмі патрэбная. Яе выканаўчы камітэт 20 лютага 1918 года выдаў Першую Устаўную грамату, у якой абвясціў сябе найвышэйшай часовай уладай Беларусі. Затым былі Другая і Трэцяя граматы, апошняя з якіх абвясціла незалежнасць Беларусі. Але гэта ўжо тэма для асобнай размовы.

    Да чаго гэта ўсё. Сёння шмат хто незадаволены Каардынацыйнай Радай. У мяне таксама ёсць да яе пытанні. Але іншай у нас цяпер няма. Хочаце, каб за яе не было сорамна — выбірайце правераных, сумленных і прафесійных людзей. Галоўнае — каб яна была. Бо невядома, калі і як яна спатрэбіцца. А тое, што гэты момант настане, — у гэтым я ўпэўнены».

    Апошнія навіны