• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Візіт у Брусель, рэзалюцыя ў падтрымку палітвязняў. Вынікі працы Офіса Святланы Ціханоўскай 15–21 чэрвеня 

    22 чэрвеня, 2026

    ВІЗІТ У БРУСЕЛЬ

    17 чэрвеня ў Бруселі Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнтам Еўрапейскага эканамічнага і сацыяльнага камітэта (EESC) Шэймасам Боландам. Падчас сустрэчы бакі абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі, падтрымку грамадзянскай супольнасці, рэалізацыю падпісанага летась Мемарандума аб супрацоўніцтве паміж EESC і беларускімі дэмакратычнымі сіламі, а таксама новыя механізмы інстытуцыйнага супрацоўніцтва.

    18 чэрвеня Святлана Ціханоўская выступіла на пленарнай сесіі Еўрапейскага эканамічнага і сацыяльнага камітэта, прысвечанай устойлівасці ўсходніх памежных рэгіёнаў Еўрапейскага саюза.

    Сустрэча была прысвечаная ўмацаванню бяспекі, устойлівасці і развіцця краінаў на ўсходняй мяжы ЕС. Ціханоўская заклікала захоўваць ціск на рэжым да рэальных сістэмных зменаў, падтрымліваць беларускую грамадзянскую супольнасць, незалежныя медыя, культуру і адукацыйныя праграмы. Асобна яна прапанавала паглыбіць супрацоўніцтва паміж дэмакратычнымі сіламі Беларусі і EESC, каб рыхтавацца да будучых рэформаў і еўрапейскай інтэграцыі краіны.

    Падчас візіту кіраўніца еўрапейскай дыпламатыі Кая Калас прыняла беларускую лідарку ў штаб-кватэры Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў у Бруселі.

    Ціханоўская падзякавала Каі Калас і ўсёй камандзе Службы знешніх дзеянняў ЕС за прынцыповую і паслядоўную падтрымку Беларусі. Яна таксама звярнулася з просьбай падтрымаць беларускія незалежныя медыі, якія дазваляюць падтрымліваць сувязь з беларусамі ўнутры краіны, а таксама праваабаронцаў, рэпрэсаваных, культурных дзеячаў, і дэмакратычных інстытутаў, і спрыяць большай мабільнасці беларусаў, а таксама захоўваць выдачу шэнгенскіх візаў для беларусаў.

    РЭЗАЛЮЦЫЯ Ў ПАДТРЫМКУ ПАЛІТВЯЗНЯЎ БЕЛАРУСІ

    18 чэрвеня Еўрапейскі парламент пераканаўчай большасцю галасоў прыняў тэрміновую рэзалюцыю ў сувязі з пагаршэннем становішча палітычных зняволеных у Беларусі. Асобная ўвага ў дакуменце нададзеная справе Аляксандры Пуліновіч — дзяўчыны, якая была затрыманая ва ўзросце 16 гадоў па так званай «справе чорных салаўёў» і асуджаная больш чым на 10 гадоў пазбаўлення волі за антываенную пазіцыю.

    У рэзалюцыі Еўрапарламент патрабуе неадкладнага і безумоўнага вызвалення Аляксандры Пуліновіч і ўсіх беларускіх палітвязняў, іх поўнай рэабілітацыі і аднаўлення ў правах. Дэпутаты асудзілі выкарыстанне рэжымам Лукашэнкі абвінавачанняў у «экстрэмізме» і «тэрарызме» для пераследу грамадзянаў, у тым ліку непаўналетніх, а таксама заклікалі спыніць катаванні, утрыманне без сувязі са знешнім светам, прымусовую працу і іншыя формы жорсткага абыходжання з вязнямі.

    БРЫФІНГ ДЛЯ АМБАСАДАРАЎ І ДЫПЛАМАТАЎ 30 КРАІНАЎ

    16 чэрвеня ў Варшаве ў Амбасадзе Італіі Святлана Ціханоўская правяла брыфінг для амбасадараў і дыпламатаў Аўстраліі, Аўстрыі, Бельгіі, Вялікабрытаніі, Венгрыі, Германіі, Грэцыі, ЗША, Ірландыі, Ісландыі, Іспаніі, Канады, Латвіі, Літвы, Люксембурга, Мальты, Нарвегіі, Новай Зеландыі, Польшчы, Партугаліі, Румыніі, Славакіі, Славеніі, Украіны, Фінляндыі, Францыі, Харватыі, Швецыі і Японіі.

    Падчас брыфінгу беларуская лідарка распавяла пра планы дэмакратычных сілаў, намаганні па вызваленні палітвязняў, санкцыйную палітыку і неабходнасць падтрымкі незалежных медыя і грамадзянскай супольнасці.

    Падчас сустрэчы абмеркавалі:
    — наступныя крокі па вызваленні палітвязняў;
    вынікі першага візіту Святланы Ціханоўскай ва Украіну і ўкраінска-беларускае супрацоўніцтва;
    — неабходнасць захавання ціску на рэжым, пакуль не будуць спыненыя рэпрэсіі і не пачнуцца сістэмныя перамены ў Беларусі;
    — неабходнасць выдаваць больш шэнгенскіх візаў і ствараць праграмы мабільнасці;
    — шляхі прыцягнення рэжыму да адказнасці праз міжнародныя суды;
    — падтрымку беларускіх незалежных медыя, грамадзянскай супольнасці і культурніцкіх ініцыятываў;
    транснацыянальныя рэпрэсіі і праблемы з легалізацыяй беларусаў за мяжой;
    — падрыхтоўку да «постлукашэнкаўскай» Беларусі і сцэнары пераменаў.

    МІЖНАРОДНАЯ ПРЭМІЯ ІМЯ КАРАЛЯ ЭРЫКА ПАМЕРАНСКАГА

    15 чэрвеня ў Дарлове Святлане Ціханоўскай уручылі Міжнародную прэмію імя караля Эрыка Памеранскага. Прэмія была заснаваная ў 2023 годзе горадам Дарлова і Фондам караля Эрыка Памеранскага. Яе прысуджаюць асобам, якія зрабілі значны ўнёсак у развіццё дэмакратыі, міру, еўрапейскага адзінства і супрацоўніцтва паміж краінамі.

    Ціханоўскую ўзнагародзілі за дзейнасць дзеля дэмакратычных пераменаў у Беларусі і пабудовы адносінаў краіны з еўрапейскай супольнасцю.

    СУСТРЭЧА ГРАМАДЗЯНСКІХ АРГАНІЗАЦЫЯЎ З ПРАДСТАЎНІКАМІ ІТАЛІІ

    18 чэрвеня ў Офісе Святланы Ціханоўскай у Вільнюсе адбылася сустрэча прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных і грамадзянскіх арганізацыяў з віцэ-генеральным дырэктарам Генеральнай дырэкцыі па палітычных справах і міжнароднай бяспецы, Паўнамоцным Міністрам Антаніна Клаўдыа Кашыа. Сустрэчу арганізаваў і правёў дырэктар Офіса Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі. У сустрэчы таксама ўдзельнічалі пасол Італіі ў Літве Эмануэле дэ Майгрэ і прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных і грамадзянскіх арганізацыяў: Беларускай рады культуры, Беларускай асацыяцыі журналістаў, Праваабарончага цэнтра «Вясна», фонду «Краіна для жыцця» і былы палітзняволены Павел Севярынец.

    Бакі абмеркавалі ролю Італіі ў падтрымцы дэмакратычнай Беларусі, супрацоўніцтва на еўрапейскім узроўні, а таксама практычную дапамогу беларусам, якія вымушана апынуліся за межамі краіны. Асобна закранулі пытанні візавай падтрымкі

    СУСТРЭЧА З ДЫРЭКТАРКАЙ МІЖНАРОДНАГА ДЭПАРТАМЕНТА КАНЦЫЛЯРЫІ ПРЭМ’ЕР-МІНІСТРА ПОЛЬШЧЫ

    19 чэрвеня ў Варшаве дыпламатычны дарадца Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі сустрэўся з Малгажатай Латкевіч-Паўлак, дырэктаркай міжнароднага дэпартамента Канцылярыі прэм’ер-міністра Польшчы.

    Падчас сустрэчы абмеркавалі пытанні міжнароднага супрацоўніцтва, падтрымку дэмакратычных сілаў Беларусі з боку польскіх дзяржаўных установаў, а таксама ўзаемадзеянне з профільнымі міністэрствамі. Асобную ўвагу надалі супрацоўніцтву з Аб’яднаным Пераходным Кабінетам і дзейнасці дэмакратычных сілаў у Варшаве.

    СУСТРЭЧА З ПРАДСТАЎНІКАМІ ФК «ПАГОНЯ»

    17 чэрвеня Святлана Ціханоўская сустрэлася з прадстаўнікамі футбольнага клуба «Пагоня» ў Варшаве. У сустрэчы ўдзельнічалі сузаснавальнік клуба Ілля Шыла і беларускі футбаліст, майстар спорту міжнароднага класа Віталь Гайдучык.

    Падчас размовы абмеркавалі развіццё беларускага спорту ў эміграцыі, ролю спартыўных ініцыятываў у згуртаванні беларускай супольнасці, а таксама актуальныя выклікі, з якімі сутыкаецца клуб.

    ЗАЯВА АДНОСНА ПАГРОЗЫ ЎЦЯГВАННЯ БЕЛАРУСІ Ў ВАЙНУ

    Святлана Ціханоўская: «На гэтым тыдні ў Кіеве Місія дэмакратычных сілаў Беларусі ва Украіне правяла круглы стол, на якім эксперты і прадстаўнікі BELPOL прадставілі інфармацыю пра мілітарызацыю Беларусі і планы Расіі па далейшым уцягванні нашай краіны ў вайну. Гэтыя пагрозы нельга ігнараваць або недаацэньваць — да іх неабходна ставіцца з поўнай сур’ёзнасцю.

    Я ведаю, што беларусы супраць вайны. Таму звяртаюся да кожнага з вас: беражыце сябе і не дазваляйце ўцягнуць сябе ў чужую вайну. Не паддавайцеся прапагандзе, не верце ў навязаныя страхі і варожасць. Не становіцеся інструментам у чужых імперскіх амбіцыях — бо гэта не наш выбар.

    Нашая агульная задача — не дапусціць, каб Беларусь была канчаткова ўцягнутая ў вайну. Гэта адпавядае перш за ўсё нацыянальным інтарэсам нашай краіны».

    ДЗЕНЬ МЕДРАБОТНІКА

    Святлана Ціханоўская павіншавала лекараў з днём медыцынскага работніка: 

    «Быць лекарам — значыць працаваць на карысць іншых, кожны дзень знаходзіць у сабе сілы на дапамогу людзям. Рэжыму гэтага не зразумець. Але беларусы гэта разумеюць. 

    Вашая праца — велізарная каштоўнасць, а вашае служэнне людзям заслугоўвае павагі і падтрымкі. Дзякуй вам, дарагія медыкі».

    КАМЕНТАР ПРА ЧАРГОВЫ ЎДАР РАСІІ ПА КІЕВЕ

    У ноч на 15 чэрвеня Расія зноў нанесла ўдар па Кіеве. Святлана Ціханоўская дала каментар: 

    «Тыя, хто сцвярджае, што падтрымлівае «духоўныя каштоўнасці», прыносяць ракеты і падпальваюць святыя месцы. У гэтым і ёсць сапраўдны твар расійскай імперыі. І яе неабходна спыніць.

    Беларусы разам з Украінай у гэты цяжкі час. Сёння як ніколі важна заставацца разам — у абароне свабоды, праўды і ўсяго таго, што расійская агрэсія імкнецца знішчыць».

    КАМЕНТАР ПРА ТРАГЕДЫЮ, ЯКАЯ ЗАКРАНУЛА БЕЛАРУСКІХ ДЗЯЦЕЙ

    18 чэрвеня аўтобус з дзіцячай футбольнай камандай з Беларусі ў Бранскай вобласці быў уражаны беспілотнікам. Святлана Ціханоўская дала каментар: 

    «Маё сэрца з усімі пацярпелымі і іх роднымі. Дзеці і дарослыя, што былі побач з імі, — невінаватыя ахвяры. Гэтую вайну распачала Расія. Яна — агрэсар, і менавіта яна нясе галоўную адказнасць за кожную смерць і кожнае раненне, звязаныя з гэтай вайной».

    МЕДЫЯ

    Respekt (Чэхія), Moravec (Чэхія), RTE (Ірландыя), Aktualne (Чэхія), BBC (руская служба), BBC (руская служба).

    Апошнія навіны