Сёння Еўрапейскі парламент пераканаўчай большасцю галасоў прыняў тэрміновую рэзалюцыю ў сувязі з пагаршэннем становішча палітычных зняволеных у Беларусі. Асобная ўвага ў дакуменце нададзеная справе Аляксандры Пуліновіч — дзяўчыны, якая была затрыманая ва ўзросце 16 гадоў па так званай «справе чорных салаўёў» і асуджаная больш чым на 10 гадоў пазбаўлення волі за антываенную пазіцыю.
У рэзалюцыі Еўрапарламент патрабуе неадкладнага і безумоўнага вызвалення Аляксандры Пуліновіч і ўсіх беларускіх палітвязняў, іх поўнай рэабілітацыі і аднаўлення ў правах. Дэпутаты асудзілі выкарыстанне рэжымам Лукашэнкі абвінавачанняў у «экстрэмізме» і «тэрарызме» для пераследу грамадзянаў, у тым ліку непаўналетніх, а таксама заклікалі спыніць катаванні, утрыманне без сувязі са знешнім светам, прымусовую працу і іншыя формы жорсткага абыходжання з вязнямі.
Еўрапарламент адзначыў намаганні міжнародных партнёраў па вызваленні палітвязняў, але падкрэсліў, што асобныя вызваленні не могуць быць падставай для нармалізацыі адносін з рэжымам. У дакуменце зафіксавана выразная пазіцыя: вызваленне ўсіх палітычных зняволеных і спыненне рэпрэсій павінны заставацца ключавымі ўмовамі для палітычнага дыялогу і эканамічнага супрацоўніцтва з беларускімі ўладамі.
Рэзалюцыя таксама заклікае Еўрапейскі саюз узмацніць санкцыі супраць асобаў і структураў, адказных за рэпрэсіі, падтрымліваць дакументаванне злачынстваў рэжыму і развіваць міжнародныя механізмы прыцягнення вінаватых да адказнасці, у тым ліку праз Міжнародны крымінальны суд.
Офіс Святланы Ціханоўскай праводзіў мэтанакіраваную працу з асноўнымі палітычнымі групамі Еўрапейскага парламента падчас падрыхтоўкі гэтага дакумента.
Дарадца Святланы Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька адзначыў:
«Гэтая рэзалюцыя сведчыць аб тым, што Беларусь застаецца ў фокусе Еўропы. За беларусаў сёння гучаць галасы палякаў і літоўцаў, шведаў і датчанаў, французаў і немцаў. Еўропа не забывае пра беларускіх палітвязняў і працягвае падтрымліваць беларусаў у іх барацьбе за свабоду і дэмакратыю».
