• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Год «інкамунікада», першы візіт у Балгарыю, сустрэча з прэзідэнткай Еўракамісіі. Вынікі працы Офіса Святланы Ціханоўскай 4-10 сакавіка 2024

    11 сакавіка, 2024

    ПАЛІТВЯЗНІ. 8 сакавіка Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у акцыі каля муралу Алесю Бяляцкаму насупраць амбасады Беларусі ў Літве. Акцыя быў прысвечаная рэжыму інкамунікада. Ужо год рэжым Лукашэнка ўтрымлівае Сяргея Ціханоўскага без сувязі са знешнім светам. Удзельнікі трымалі ў руках плакаты і фатаграфіі палітвязняў, якія, як і Сяргей Ціханоўскі, утрымліваюцца ў рэжыме інкамунікада. Выступаючы перад прэсай, Ціханоўская звярнулася да генеральнага сакратара ААН Антоніа Гутэрыша і сусветных лідараў:

    «Патрабуйце спыніць зверскую практыку інкамунікада ў беларускіх вязніцах. У вашых сілах – выратаваць жыцці людзей. І гэта не палітычнае пытанне. Гэта пытанне гуманітарнае! Палітвязням павінен быць забяспечаны доступ да кваліфікаванай медычнай дапамогі, сувязь з адвакатамі і сем’ямі» 

    ВІЗІТ У БАЛГАРЫЮ. 4-5 сакавіка Святлана Ціханоўская ўпершыню наведала Балгарыю з працоўным візітам. Беларуская лідарка правяла сустрэчы з прэм’ер-міністрам, міністаркай замежных справаў, віцэ-міністрам юстыцыі, мэрам Сафіі, спікерам і дэпутатам Парламента. На сустрэчах абмяркоўваліся пытанні выдачы шэнгенскіх візаў беларусам у Мінску, спрашчэння легалізацыі беларусаў у Балгарыі, супрацоўніцтва ў міжнародных арганізацыях, а таксама механізмы прыцягнення рэжыму да адказнасці. Таксама была дасягнутая дамоўленасць аб стварэнні групы сяброў дэмакратычнай Беларусі ў Парламенце Балгарыі.

    Акрамя таго, Ціханоўская выступіла перад Камітэтам па еўрапейскіх справах парламента і правяла лекцыю ва ўніверсітэце Сафіі, на якой прысутнічала каля 200 чалавек. 

    УДЗЕЛ У З’ЕЗДЗЕ ЕЎРАПЕЙСКАЙ НАРОДНАЙ ПАРТЫІ. 6-7 сакавіка Святлана Ціханоўская знаходзілася з працоўным візітам у Бухарэсце і выступіла перад Кангрэсам Еўрапейскай народнай партыі. Таксама разам з прэзідэнткай Еўрапейскага Парламента Рабертай Мецолай выступіла з прамовай перад парламентарамі, якія ўваходзяць у Еўрапейскую народную партыю, пра сітуацыю з беларускімі палітвязнямі – і заклікала палітыкаў станавіцца «хроснымі» для палітвязняў.

    Падчас Кангрэсу Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнткай Еўракамісіі, прэм’ер-міністрам Грэцыі, прэм’ер-міністрам і міністрам унутраных справаў Харватыі, міністрам замежных справаў Італіі, міністрам замежных справаў Малдовы, эстонскімі парламентарамі.

    Асобна лідарка правяла сустрэчу з міністаркай замежных справаў Румыніі Лумініцай Адабэску. Падчас сустрэчы абмеркавалі легалізацыю беларусаў у Румыніі, выдачу пашпартоў замежніка, а таксама шэнгенскіх візаў для беларусаў унутры краіны. Напрыканцы сустрэчы Ціханоўская і Адабэску гаварылі пра праграмы па рэабілітацыі ў Румыніі для дзяцей рэпрэсаваных.

    ГРУПЫ СЯБРОЎ ДЭМАКРАТЫЧНАЙ БЕЛАРУСІ. Старшыня ПА НАТА Міхал Шчэрба стаў кіраўніком групы «За дэмакратычную Беларусь» у Парламенце Польшчы. Рашэнне аб стварэнні групы было прынятае яшчэ ў студзені, падчас працоўнай паездкі Святланы Ціханоўскай у Варшаву. Анатоль Лябедзька, дарадца Святланы Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве і Канстытуцыйнай рэформе, адзначыў: «Першае пасяджэнне групы адбылося 6 сакавіка. Зараз на парадку дня – слуханні па Беларусі на сумесным пасяджэнні Камітэтаў па міжнародных справах Сейма, Сената Польшчы і групы «За дэмакратычную Беларусь».

    ЗВАРОТ ДА БЕЛАРУСАК. 8 сакавіка, у Міжнародны жаночы дзень, Святлана Ціханоўская запісала зварот да беларусак. Асноўнай тэмай звароту стаў гвалт у адносінах да жанчын. Лідарка адзначыла: гвалт часта замоўчваюць, але пра яго неабходна казаць – бо на месцы Лізы, якая загінула ў Варшаве, магла апынуцца кожная. Святлана Ціханоўская: «Дарагія жанчыны, якія дзяліліся асабістымі гісторыямі па хэштэгу #хопіцьгвалціць – дзякуй вам за смеласць. Я хачу нагадаць кожнай з вас, хто сутыкнуўся з гвалтам – вы не вінаватыя. У гвалце заўсёды вінаваты той, хто яго здзейсніў. І хачу падзякаваць вам за тое, што падтрымліваеце і становіцеся на абарону адна адной, калі бачыце несправядлівасць. Ніколі не сумнявайцеся ў сваёй сіле і здольнасці прымусіць увесь свет пачуць ваш голас».

    ПОЛК КАЛІНОЎСКАГА. 9 сакавіка – другая гадавіна заснавання Палка Каліноўскага. З гэтай нагоды Святлана Ціханоўская звярнулася да беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне: «Шаноўныя байцы, я хачу выказаць павагу вашай мужнасці і гераізму. Вы сталі сімвалам таго, як любоў да свабоды і імкненне да справядлівасці аб’ядноўваюць людзей нават у самыя жудасныя часы. Словы падтрымкі могуць здавацца чымсьці нязначным на фоне таго, што вы кожны дзень рызыкуеце самым дарагім, што маеце – сваім жыццём. Але я хачу, каб вы ведалі: для беларусаў Полк Каліноўскага – значна больш, чым проста вайсковае фармаванне. Вы ўвасабляеце смеласць і годнасць нашага народа і даказваеце, што беларусы гатовыя дзейнічаць – і нават ахвяраваць сабой, каб дамагчыся зменаў. Беражыце сябе і вяртайцеся з заданняў жывымі і цэлымі».

    БЕЛАРУСКІ БІЗНЕС ЗА МЯЖОЙ.  У Вашынгтоне прайшоў першы Беларускі бізнес-форум у ЗША, арганізаваны Асацыяцыяй беларускага бізнесу за мяжой (АВВА). Алесь Аляхновіч, дарадца Святланы Ціханоўскай па эканамічных рэформах і віцэ-прэзідэнт Асацыяцыі, запісаў відэа, дзе распавёў пра вынікі мерапрыемства.

    Агулам у івэнце ўдзельнічалі больш за 150 чалавек. Сярод іх – беларускія бізнесоўцы з ЗША і Канады, прадстаўнікі Дзярждэпартамента ЗША, Дэпартамента гандлю і USAID. Вынікам Форуму стала падпісанне дамовы паміж Асацыяцыяй беларускага бізнесу за мяжой (АВВА) і Згуртаваннем беларусаў Канады. 

    МАГЧЫМАСЦІ ДЛЯ БЕЛАРУСАЎ. Каманда Офіса Святланы Ціханоўскай нагадвае пра адукацыйную стыпендыю для беларусаў, якую можна атрымаць ва ўніверсітэце MCI – «Цэнтр менеджменту ў Інсбруку». Праграма пад патранажам Святланы Ціханоўскай запусцілася ў кастрычніку і кампенсуе €11 000 на атрыманне ступені бакалаўра ці магістра па больш чым 10 спецыяльнасцях, у тым ліку па бізнес-менеджменце, прадпрымальніцтве, праве, турызме і інжынерыі.

    Падрабязнасці і карысную інфармацыю пра стыпендыю, умовы яе атрымання, а таксама акадэмічныя праграмы вы знойдзеце па спасылцы. Апошні тэрмін падачы заявак – 31 сакавіка 2024.

    МЕДЫЯ. Святлана Ціханоўская дала інтэрв’ю Настоящее время (Міжнароднае), ARD (Германія), BS-TBS (Японія), CBC (Канада), BNR (Балгарыя), Dutch TV (Нідэрланды), Le Temps (Швейцарыя).

    Таксама беларуская лідарка выпусціла сумесны артыкул з генеральнай сакратаркай Рады Еўропы Марыяй Пейчынавіч-Бурыч. У аўтарскай калонцы палітыкі распавядаюць пра каштоўнасці, якімі вызначаецца еўрапейскае грамадства, пра значнасць Рады Еўропы для Беларусі, а таксама пра тое, чаму беларусы – важныя партнёры для міжнародных арганізацыяў.

    Апошнія навіны