Святлана Ціханоўская знаходзіцца з працоўным візітам у Румыніі, дзе сустрэлася з міністаркай замежных справаў Лумініцай Адабэску. Падчас дыялогу лідарка акцэнтавала ўвагу на неабходнасць ціску на рэжым і прыцягненне яго да адказнасці праз міжнародны крымінальны суд, а таксама заклікала прызначыць спецпасланніка па Беларусі.
Важнымі тэмамі сустрэчы сталі легалізацыя беларусаў у Румыніі, выдача пашпартоў замежніка, а таксама шэнгенскія візы для беларусаў унутры краіны. Лідарка адзначыла: шматразовыя візы даюць магчымасць беларусам заставацца мабільнымі. Акрамя таго, Ціханоўская заклікала разглядзець магчымасць выдачы гуманітарных візаў.
Асобна палітыкі абмеркавалі запуск стыпендыяльнай праграмы для беларускіх студэнтаў: Святлана Ціханоўская прапанавала ўключыць у праграму і беларускіх даследчыкаў, каб яны маглі працаваць у румынскіх універсітэтах.
Напрыканцы сустрэчы Ціханоўская і Адабэску гаварылі пра праграмы па рэабілітацыі ў Румыніі для дзяцей рэпрэсаваных.