Святлана Ціханоўская выступіла на брыфінгу для журналістаў у Вільні. Брыфінг быў прысвечаны тэме рэжыму інкамунікада, у якім трымаюць палітзняволеных у Беларусі:
«Мінуў год, як я чула апошні раз нешта пра свайго мужа – Сяргея Ціханоўскага. З таго часу – нічога, цішыня. Ні лістоў, ні званкоў, ні сустрэч з адвакатам.
Адно толькі – ананімныя пісьмы, што ён нібыта памёр. І відэа, якое апублікавалі летась, на якім я ледзь пазнала на ім Сяргея.
Год, як мы нічога не чулі пра Віктара Бабарыку, Марыю Калеснікаву, Мікалая Статкевіча, Максіма Знака, Ігара Лосіка і многіх іншых палітвязняў.
Інкамунікада – гэта спосаб катаванняў. І гэта катаванне не толькі для палітвязняў, але і для блізкіх, якія жывуць у поўнай невядомасці і страху, што можа, адбылося самае горшае.
Рэжым Лукашэнкі ўжо забіў пяцярЫх беларускіх палітвязняў – Ігара Ледніка, Вадзіма Храсько, Вітольда Ашурка, Алеся Пушкіна, Мікалая Клімовіча, і працягвае забіваць іншых. Турма – гэта павольная смерць. А смерць у няволі – гэта страшная смерць.
Здавалася, забойства Навальнага ў Расіі мусіла б скалануць міжнародную супольнасць, прымусіць да дзеянняў. Але пакуль мы збольшага чуем толькі словы асуджэння і заклапочанасці.
Мы павінны не дапусціць новыя ахвяры. Мы павінны спыніць катаванні людзей у турмах.
Сёння я звяртаюся да генеральнага сакратара ААН Антоніо Гутэрыша – умяшайцеся! Патрабуйце спыніць зверскую практыку «інкамунікада» ў беларускіх вязніцах. У вашых сілах – выратаваць жыцці людзей. І гэта не палітычнае пытанне. Гэта пытанне гуманітарнае! Палітвязням павінен быць забяспечаны доступ да кваліфікаванай медычнай дапамогі, сувязь з адвакатамі і сем’ямі.
Я звяртаюся да ўрадаў замежных краінаў – зрабіць пытанне палітвязняў прыярытэтам. Патрабаваць выканання запыту Камітэта ААН па правах чалавека да рэжыму аб тэрміновых мерах па справах Віктара Бабарыкі, Максіма Знака і Сягрея Ціханоўскага. Выставіць ультыматум Лукашэнку – з патрабаваннем паказаць палітвязняў, якіх трымаюць інкамунікада, і вызваліць іх з турмаў.
Я заклікаю дэпутатаў парламентаў з усяго свету браць патранаж над беларускімі палітвязнямі – станавіцца іх голасам і адвакатамі ў свеце. Я ўдзячная 400 літоўскім і замежным палітыкам, якія ўжо гэта зрабілі, але палітвязняў тысячы!
Сёння мы павінны быць рашучымі і салідарнымі. І хай рэжым ведае: мы не спынімся, пакуль усе не будуць вольныя».